Дзеі 26 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Агры́па сказаў Паўлу: дазваля́ецца табе гаварыць за само́га сябе. Тады Павел, прасцёршы руку́, стаў гаварыць у сваю абаро́ну:
 
Агрыпа ж прамовіў да Паўла: «Дазваляецца табе гаварыць за сябе». Тады Павал, выцягнуўшы руку, адказаў:

цар Агры́па! я лічу сябе шчаслíвым, што магу сёння абараня́цца перад табою ад ўсяго, у чым абвінава́чваюць мяне Іудзеі,
 
«Валада́ру Агрыпа, я ўважаю сябе шчасьлівым, маючы сёньня адказваць перад табою адносна ўсяго, што закіда́юць мне Юдэі,

асабліва таму, што ты ве́даеш усе звы́чаі і спрэ́чныя пытанні Іудзеяў. Так што прашу цябе вы́слухаць мяне велікаду́шна.
 
тым больш, што ты знаўца ўсіх звычаяў Юдэйскіх і спрэчак. Дзеля гэтага прашу цябе выслухаць мяне доўгацярпліва.

Дык вось, жыццё маё з ю́ных гадоў, якое прахо́дзіла ад пачатку сярод народа майго ў Іерусаліме, ве́даюць усе Іудзеі;
 
Дык вось, усё жыцьцё маё ад юнацтва, якое ад пачатку праходзіла сярод народу майго ў Ерусаліме, ведаюць усе Юдэі,

яны здаўна́ зна́юць мяне і, калі б захацелі, маглі б засве́дчыць, што я жыў фарысе́ем паводле самага стро́гага кіру́нку нашага веравызна́ння.
 
Ведаючы мяне раней, калі захочуць, засьведчаць, што я жыў як фарысэй паводле найдасканальшага накірунку набажэнства нашага.

І цяпер я стаю́ перад судом за надзе́ю на Богам да́дзенае айцам нашым абяца́нне,
 
І цяпер я стаю, як падсудны, за надзею на абяцаньне, дадзенае бацька́м нашым ад Бога,

на здзяйсне́нне якога спадзяю́цца ўсе нашы двана́ццаць кален, стара́нна слу́жачы Богу дзень і ноч; за гэтую надзе́ю, цар Агрыпа, і абвінава́чваюць мяне Іудзеі.
 
асягнуць якое спадзяюцца дванаццаць каленаў нашых, служачы ўночы і ўдзень безупынна. За гэтую надзею і абвінавачваюць мяне Юдэі, валада́ру Агрыпа!

Дык што́ Няўжо невераго́дным лíчыце вы тое, што Бог уваскраша́е мёртвых?
 
Што? Вы су́дзіце, што неверагодна, каб Бог уваскрашаў мёртвых?

Праўда, і мне здава́лася, што я павінен ру́пна дзе́йнічаць су́праць íмені Іісуса Назарэ́я;
 
Дык і я думаў у сабе, што я мушу шмат зрабіць супраць імя Ісуса з Назарэту,

гэта я і рабіў у Іерусаліме: і многіх святы́х у цямніцы пасадзíў, атрыма́ўшы ўладу ад першасвятаро́ў, і калі забіва́лі іх, я даваў згоду;
 
што і рабіў у Ерусаліме, і, узяўшы ўладу ад першасьвятароў, я шмат сьвятых замыка́ў у вязьні́цу, і як іх забівалі, я даваў голас.

і, ва ўсіх сінагогах часта кара́ючы іх, я прымуша́ў іх блюзне́рыць і, бязме́рна люту́ючы су́праць іх, перасле́даваў нават у чужых гарадах.
 
І па ўсіх сынагогах, шмат караючы іх, я змушаў іх блю́зьніць, і, яшчэ больш разьярыўшыся супраць іх, перасьледаваў нават і ў чужых гарадах.

Дзе́ля гэтага ж ідучы́ ў Дама́ск з паўнамо́цтвамі і даручэ́ннем ад першасвятаро́ў,
 
І з гэтым ідучы ў Дамаск, з уладаю і дазволам ад першасьвятароў,

апо́ўдні ў дарозе я ўбачыў, цар, з неба святло, ярчэ́йшае за сонечнае ззя́нне; яно азары́ла мяне і тых, што ішлі са мною.
 
пасярод дня, валада́ру, убачыў я на шляху сьвятло з неба, ярчэйшае за зьзяньне сонца, якое асьвяціла мяне і тых, што ішлі са мной.

І калі ўсе мы папа́далі на зямлю́, я пачу́ў голас, які прамаўля́ў да мяне і казаў на яўрэ́йскай мове: Саўл, Саўл! чаму ты Мяне гоніш? цяжка табе су́праць ражна́ ісцí.
 
А калі ўсе мы ўпалі на зямлю, я пачуў голас, які гаварыў да мяне і казаў на гебрайскай мове: “Саўле, Саўле, чаму ты перасьледуеш Мяне? Цяжка табе супраць ражна ўпірацца”.

А я сказаў: хто Ты, Госпадзí Ён жа сказаў: Я Іісус, Якога ты гоніш;
 
А я сказаў: “Хто Ты, Госпадзе?” Ён жа сказаў: “Я — Ісус, Якога ты перасьледуеш;

але падымíся і стань на ногі твае; бо Я дзе́ля гэтага і явíўся табе, каб паста́віць цябе служы́целем і све́дкам таго, што ты бачыў і што Я адкры́ю табе,
 
але паўстань і стань на ногі твае, бо Я дзеля таго зьявіўся табе, каб выбраць цябе паслугачом і сьведкам таго, што ты бачыў і што Я зьяўлю табе,

збаўля́ючы цябе ад народа Іудзейскага і ад язычнікаў, да якіх Я пасыла́ю цябе
 
вырываючы цябе з народу гэтага і паганаў, да якіх цяпер пасылаю цябе,

адкрыць вочы ім, каб яны павярну́ліся ад це́мры да святла́ і ад ула́ды сатаны да Бога, і каб яны атрыма́лі прабачэ́нне грахоў і до́лю між асвячо́ных праз веру ў Мяне.
 
каб адчыніць вочы іхнія, зьвярнуць ад цемры да сьвятла і ад улады шата́на да Бога, каб праз веру ў Мяне атрымалі адпушчэньне грахоў і жэрабя сярод асьвечаных”.

Таму, цар Агрыпа, я не стаў працíвіцца нябе́снаму відзе́нню,
 
Адгэтуль, валада́ру Агрыпа, я ня быў непаслухмяным ві́дзежу нябеснаму,

а спачатку жыхара́м Дама́ска і Іерусаліма, потым жа па ўсёй краíне Іудзейскай і язы́чнікам прапаве́даваў, каб яны пака́яліся і звярну́ліся да Бога, ро́бячы го́дныя справы пакая́ння.
 
але абвяшчаў спачатку жыхарам Дамаску і Ерусаліму, а пасьля ўсёй краіны Юдэйскай і паганам, каб навярнуліся і зьвярнуліся да Бога, робячы ўчынкі, вартыя навяртаньня.

За гэта Іудзеі схапілі мяне ў храме і імкну́ліся ўчынíць распра́ву.
 
За гэта Юдэі, схапіўшы мяне ў сьвятыні, спрабавалі забіць мяне.

Але я, атрыма́ўшы дапамогу ад Бога, да гэтага дня стаю́ і све́дчу і мало́му, і вялікаму, нічога не ка́жучы, акрамя́ таго, аб чым прарокі і Маісей гаварылі, што гэта будзе:
 
Але я, атрымаўшы дапамогу ад Бога, да гэтага дня стаю, сьведчачы малому і вялікаму, нічога звыш ня кажучы, як што гаварылі Прарокі і Майсей, што ма́е стацца:

што Хрыстос павінен адпаку́таваць, першым уваскрэ́снуць з мёртвых і прапаве́даць святло народу гэтаму і язы́чнікам.
 
што Хрыстос ма́е пакутаваць і як Першы з уваскрасеньня мёртвых ма́е прапаведаваць сьвятло народу [гэтаму] і паганам».

Калі ён так прамаўляў у сваю абарону, Фест гучным голасам сказаў: ты стра́ціў розум, Павел! вялікая вучо́насць даво́дзіць цябе да стра́ты розуму.
 
А калі ён гэтак адказваў, прамовіў Фэст моцным голасам: «Ты вар’яцееш, Павал! Вялікая вучонасьць даводзіць цябе да шаленства».

Ён жа кажа: я не стра́ціў розуму, высокашано́ўны Фест, а прамаўля́ю сло́вы ісціны і здаровага сэнсу;
 
А той кажа: «Не вар’яцею, вяльможны Фэсьце, але прамаўляю словы праўды і здаровага розуму,

бо ведае пра гэта цар, перад якім я і прамаўля́ю ўпэ́ўнена; я не веру, каб утаíлася ад яго што-небудзь з гэтага, бо не ў заку́тку ж яно адбыва́лася;
 
бо разумее гэта валадар, перад якім я гавару адважна, бо перакананы, што нішто з гэтага перад ім ня ўтоілася, бо нічога з гэтага ў закуцьці ня дзеялася.

ці ве́рыш ты, цар Агры́па, прарокам? ве́даю, што ве́рыш.
 
Ці верыш ты Прарокам, валада́ру Агрыпа? Ведаю, што верыш».

Агры́па ж сказаў Паўлу: ты мала што не ўгаво́рваеш мяне зрабíцца Хрысція́нінам.
 
Агрыпа ж прамовіў да Паўла: «Ты мала не пераканаў мяне стацца Хрысьціянінам!»

А Павел сказаў: я б маліўся Богу, каб ці мала, ці многа, не толькі ты, але і ўсе, хто слу́хае мяне сёння, зрабіліся такімі, як я, аднак без гэтых ако́ваў.
 
А Павал сказаў: «Маліў бы я Бога, каб па малу ці па многу, ня толькі ты, але і ўсе, што слухаюць мяне сёньня, сталіся такімі, як і я, акрамя гэтых путаў».

І калі ён гэта сказаў, паднялíся цар, і правíцель, і Вернíка, і ўсе, хто сядзе́ў з імі;
 
І калі сказаў ён гэтае, устаў валадар, і ваявода, і Бэрніка, і тыя, што з імі сядзелі,

і, адышо́ўшы ўбок, яны размаўля́лі паміж сабою, ка́жучы: нічога ва́ртага смерці або ако́ваў не робіць чалавек гэты.
 
і, адыйшоўшыся ў бок, гаварылі паміж сабою, кажучы, што нічога, вартага сьмерці або путаў ня робіць чалавек гэты.

І сказаў Агры́па Фесту: можна было́ б вы́зваліць гэтага чалавека, калі б ён не патрабава́ў суда́ ў ке́сара. Таму і вы́рашыў правíцель паслаць яго да ке́сара.
 
А Агрыпа сказаў Фэсту: «Можна было вызваліць гэтага чалавека, калі б ён не прызваў цэзара».