Дзеі 19 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І ста́лася, калі Апало́с знахо́дзіўся ў Кары́нфе, Павел, прайшоўшы го́рныя вобласці, прыбы́ў у Эфе́с і, знайшоўшы некато́рых вучняў,
 
Сталася ж, калі Апалёс быў у Карыньце, што Павал, прайшоўшы вышэйшыя краіны, прыйшоў у Эфэс і, знайшоўшы некаторых вучняў,

спыта́ў іх: ці прынялí вы Духа Святога, калі ўве́равалí Яны ж адказа́лі яму́: мы нават і не чулі, што ёсць Дух Святы́.
 
сказаў да іх: «Ці прынялі вы Духа Сьвятога, паверыўшы?» Яны ж сказалі яму: «Але ж мы ня чулі, ці ёсьць Сьвяты Дух».

Тады ён спытаў іх: у што ж вы хрысцíліся́ Яны адказалі: у Іаа́нава хрышчэ́нне.
 
І ён сказаў да іх: «Дык у што вы хрысьціліся?» Яны ж сказалі: «У хрышчэньне Янавае».

Павел сказаў: Іаан хрысцíў хрышчэ́ннем пакая́ння, ка́жучы лю́дзям, каб ве́равалі ў Таго, Хто пры́йдзе пасля яго, гэта значыць, у Хрыста Іісуса.
 
А Павал сказаў: «Ян хрысьціў хрышчэньнем навяртаньня, кажучы народу, каб верылі ў Таго, Які ідзе за ім, значыць у Хрыста Ісуса».

Пачуўшы гэта, яны ахрысцíліся ў імя́ Госпада Іісуса,
 
Пачуўшы ж, яны былі ахрышчаныя ў імя Госпада Ісуса.

і калі Павел ускла́ў на іх ру́кі, сышоў на іх Дух Святы́, і яны сталі гавары́ць на іншых мовах і праро́чыць.
 
І, як усклаў Павал рукі на іх, зыйшоў на іх Дух Сьвяты, і гаварылі мовамі, і прарочылі.

А было́ іх усіх каля двана́ццаці чалавек.
 
А было іх усіх каля дванаццаці мужоў.

Прыйшоўшы ў сінагогу, Ён адважна прапаве́даваў тры месяцы, даво́дзячы і перако́нваючы пра Царства Божае.
 
Увайшоўшы ж у сынагогу, ён адважна гаварыў тры месяцы, вядучы гутаркі і пераконваючы пра Валадарства Божае.

А калі некато́рыя ўпа́рціліся і не ве́равалі, зласло́вячы шлях Гасподні перад народам, то ён, пакíнуўшы іх, аддзялíў ву́чняў і штодзе́нь прапаве́даваў у вучы́лішчы нейкага Тыра́на.
 
А як некаторыя закамянелі і ня верылі, праклінаючы гэты шлях перад мноствам, [Павал], адыйшоўшы ад іх, аддзяліў вучняў, штодня ведучы́ гутаркі ў школе нейкага Тырана.

Гэта праця́гвалася два гады́, так што ўсе жыхары́ Асíі чу́лі про́паведзь пра Госпада Іісуса, як Іудзеі, так і Э́ліны.
 
Дзеялася ж гэта два гады, так што чулі слова Госпада Ісуса ўсе жыхары Азіі, Юдэі і Грэкі.

І небыва́лыя цу́ды твары́ў Бог рукамі Паўла,
 
І Бог чыніў незвычайныя цуды праз рукі Паўла,

так што на хворых усклада́лі ху́сты і паясы́ ад це́ла яго, і адступа́лі ад іх хваро́бы, і ду́хі злыя выхо́дзілі з іх.
 
так што хусткі ці паясы ад цела ягонага ўскладалі на нядужых, і пакідалі іх хваробы, і духі злыя выходзілі з іх.

Спрабава́лі і некато́рыя з вандро́ўных Іудзейскіх закліна́льнікаў прамаўля́ць над тымі, хто меў злых ду́хаў, імя́ Госпада Іісуса, гаво́рачы: закліна́ем вас Іісусам, Якога Павел прапаве́дуе.
 
А некаторыя з вандроўных эгзарцыстаў Юдэйскіх намагаліся над апанаванымі злымі духамі называць імя Госпада Ісуса, кажучы: «Заклінаем вас Ісусам, Якога абвяшчае Павал».

І былí нейкія сем сыноў Ске́вы, Іудзейскага першасвятара́, якія гэта рабíлі.
 
Былі ж нейкія сямёра сыноў Скевы, першасьвятара Юдэйскага, якія рабілі гэта.

Але злы дух сказаў у адказ: Іісуса зна́ю і Паўла ве́даю, а вы хто такія?
 
А злы дух, адказваючы, сказаў: «Ісуса ведаю, і Павал вядомы; а вы хто будзеце?»

І накíнуўся на іх чалавек, у якім быў злы дух, і, адо́леўшы іх, узяў над імі такую сілу, што яны го́лыя і пара́неныя вы́беглі з дома таго.
 
І чалавек, у якім быў злы дух, кінуўшыся на іх і апанаваўшы іх, адолеў іх, так што яны голыя і пара́неныя ўцяклі з таго дому.

Гэта стала вядо́ма ўсім Іудзеям і Э́лінам, якія жылí ў Эфе́се, і страх напаў на ўсіх іх, і ўзвялíчвалася імя́ Госпада Іісуса;
 
Гэта сталася вядомым Юдэям і Грэкам, што жылі ў Эфэсе, і ахапіў страх іх усіх, і ўзьвялічвалася імя Госпада Ісуса.

і многія з тых, што ўве́равалі, прыхо́дзілі, спавяда́ючыся і адкрыва́ючы ўчы́нкі свае;
 
І многія з тых, што паверылі, прыходзілі, вызнаючы і апавядаючы ўчынкі свае,

а няма́ла з тых, што займа́ліся чарадзе́йствам, сабра́ўшы кнігі свае, спалíлі перад усімі; і падлічы́лі кошт іх, і атрыма́лася пяцьдзеся́т тысяч серабро́м.
 
і даволі з тых, што займаліся непатрэбнымі вучэньнямі, папрыносіўшы кнігі, спалілі перад усімі, і палічылі кошт іхні, і знайшлі пяцьдзясят тысячаў срэбнікаў.

З такою сілаю сло́ва Гасподняе ўзраста́ла і ўмацо́ўвалася.
 
З гэткай моцай расло і крапчэла слова Госпадава.

Калі ж гэта адбыло́ся, вы́рашыў у ду́ху Павел прайсці праз Македо́нію і Аха́ію і адпра́віцца ў Іерусалім, і сказаў ён: пасля таго, як я пабу́ду там, трэба мне і Рым уба́чыць.
 
А калі гэта споўнілася, Павал палажыў у духу ісьці ў Ерусалім, прайшоўшы Македонію і Ахаю, кажучы: «Пабыўшы там, мушу я і Рым убачыць».

І, пасла́ўшы ў Македо́нію дваіх з тых, што служы́лі яму, Цімафе́я і Эра́ста, сам на нейкі час заста́ўся ў Асíі.
 
Паслаўшы ж у Македонію двух служыцеляў сваіх, Цімафея і Эраста, сам застаўся часова ў Азіі.

Узняло́ся ж у той час немало́е абурэ́нне су́праць шля́ху Гасподняга,
 
У гэты ж час сталася хваляваньне немалое што да шляху [Госпадава]

бо нейкі майстар па серабры́, íмем Дзімітрый, што рабіў сярэ́браныя храмы Артэмíды і даваў немалы́ заро́бак раме́снікам,
 
бо нейкі залатар, на імя Дэмэтры, што рабіў срэбныя бажніцы Артэміды і даваў майстра́м немалы заробак,

сабра́ўшы іх і іншых такіх работнікаў, сказаў: людзі, вы ве́даеце, што ад гэтага заро́бку зале́жыць наш дабрабы́т;
 
сабраўшы іх ды іншых працаўнікоў такога самага [рамяства], сказаў: «Мужы, вы ведаеце, што з гэтае работы — наш дабрабыт;

і вы бачыце і чуеце, што не толькі ў Эфе́се, але амаль ва ўсёй Асíі гэты Павел перакана́ў і адвярну́ў шмат людзей, ка́жучы, што зро́бленае рука́мі чалаве́чымі — не багí;
 
І вы бачыце і чуеце, што ня толькі ў Эфэсе, але амаль ва ўсёй Азіі гэты Павал, пераканаўшы, даволі народу адвярнуў, кажучы, што гэта ня богі, якія рукамі зробленыя.

а гэта пагража́е нам, што не толькі рамяство́ гэтае будзе знясла́ўлена, але і храм вялікай багіні Артэмíды стане лічы́цца за нішто, і будзе зве́ргнута ве́ліч той, якую ўшано́ўвае ўся Асíя і ўвесь свет.
 
А гэта ня толькі пагражае, што нашае рамяство прыйдзе ў заняпад, але і што сьвятыня вялікае багіні Артэміды за нішто лічыцца будзе, і зьнішчыцца веліч тае, якой пакланяецца ўся Азія і ўвесь сусьвет».

Пачуўшы гэта і напо́ўніўшыся лю́тасцю, яны закрыча́лі, ка́жучы: Артэмíда Эфе́ская — вялікая!
 
Пачуўшы ж [гэта] і напоўніўшыся ярасьцю, яны закрычалі, кажучы: «Вялікая Артэміда Эфэская!»

Увесь горад быў ахо́плены сму́таю; і яны кíнуліся аднаду́шна да тэа́тра, схапіўшы Га́ія і Арыста́рха Македо́нян, спадаро́жнікаў Паўла.
 
І ўвесь горад напоўніўся ўзрушэньнем, і, падхапіўшы Гая і Арыстарха, Македонцаў, спадарожнікаў Паўла, рынуліся аднадушна ў тэатар.

Калі ж Павел хацеў пайсці да народу, вучні не пуска́лі яго;
 
А калі Павал хацеў выйсьці да народу, вучні не дазволілі яму.

і некато́рыя з начальнікаў Асійскіх, якія былí яму пры́яцелямі, паслаўшы да яго, прасілі не з’яўля́цца ў тэатры.
 
І некаторыя з начальнікаў Азійскіх, якія былі сябрамі ягонымі, паслаўшы да яго, прасілі не ісьці ў тэатар.

Тым часам адны крычалі адно, другія — другое, бо сход быў бязла́дны, і многія не ведалі, дзе́ля чаго сышлíся.
 
Дык кожны крычаў нешта сваё, бо збор быў узрушаны, і большасьць ня ведала, дзеля чаго сабраліся.

Тады з натоўпу вы́ставілі напе́рад Алякса́ндра, якога прапанава́лі Іудзеі. Аляксандр, да́ўшы знак рукою, хацеў апраўда́цца перад народам.
 
А з натоўпу паклікалі Аляксандра, якога выпхнулі Юдэі. Аляксандар жа, зрабіўшы знак рукою, хацеў адказваць перад народам.

Але, даве́даўшыся, што ён Іудзей, усе ў адзін голас амаль дзве гадзíны крычалі: Артэмíда Эфе́ская — вялікая!
 
Калі ж даведаліся, што ён Юдэй, узьняўся крык у адзін голас, і крычалі каля дзьвюх гадзінаў: «Вялікая Артэміда Эфэская!»

Тады гарадскí сакрата́р, супако́іўшы натоўп, сказаў: мужы́ Эфескія! хто з людзей не ве́дае, што горад Эфес з’яўля́ецца захава́льнікам храма вялікай багíні Артэмíды і выя́вы, якая ўпала з неба?
 
Пісар жа, суцішыўшы натоўп, кажа: «Мужы Эфэсцы! Які ж чалавек ня ведае, што горад Эфэс ёсьць служыцелем вялікае багіні Артэміды і Дыяпэта?

дык вось, паколькі гэта бясспрэ́чна, то трэба вам захоўваць спакой і не рабіць нічога безразва́жна;
 
А як гэта бясспрэчна, вы мусіце суцішыцца і нічога неразважна не рабіць.

вы прывялі гэтых людзей, якія ні храм не рабава́лі, ні багíні вашай не зневажа́лі;
 
Бо вы прывялі гэтых мужоў, якія ані сьвятыні не абакралі, і ня блю́зьнілі супраць багіні вашае.

калі ж Дзімітрый і раме́снікі, што з ім, ма́юць ска́ргу на каго-не́будзь, то дзе́йнічаюць суды́ і ёсць прако́нсулы, няхай ска́рдзяцца адны на другіх;
 
Дык калі Дэмэтры і майстры́, што з ім, маюць супраць некага слова, ёсьць суды і ёсьць праконсулы, няхай адны адных абвінавачваюць.

а калі вы дамага́ецеся яшчэ нечага, то гэта вы́рашана будзе на законным сходзе;
 
А калі шукаеце нечага іншага, [няхай] будзе вырашана на законным зборы.

мы ж рызыку́ем быць абвінава́чанымі ў бу́нце за сённяшняе, бо няма ніякай прычыны, каб апраўда́ць гэтае збо́рышча. Сказаўшы гэта, ён распусцíў сход.
 
Бо мы ў небясьпецы быць абвінавачанымі ў паўстаньні дзеля сёньняшніх [падзеяў], ня маючы ніякае прычыны, каб магчы даць справаздачу пра гэты сход».