Да Габрэяў 12 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Антонія Бокуна
Таму і мы, вакол сябе маючы такое вялікае воблака све́дкаў, скінем усякі цяжа́р і грэх, які з лёгкасцю апу́твае нас, і цярпліва будзем здзяйсня́ць прызна́чаны нам подзвіг,
Дык і мы, маючы навокал нас гэткае воблака сьведкаў, адкінуўшы ўсякі цяжар і грэх, які нас аблытвае, з цярплівасьцю будзем бегчы ў змаганьні, што ляжыць перад намі,
гле́дзячы на Правадыра́ і Здзяйсня́льніка веры, Іісуса, Які, замест той радасці, якая была перад Ім, перацярпе́ў крыж, не зважа́ючы на га́ньбу, і сеў праваруч прастола Божага.
углядаючыся на Пачынальніка і Завяршальніка веры, Ісуса, Які замест радасьці, што была перад Ім, вытрываў крыж, пагардзіўшы сорамам, і сеў праваруч пасаду Божага.
Так што думайце пра Таго, Хто перацярпе́ў ад грэшнікаў такую да Сябе варожасць, каб вы не знемаглí і не аслабе́лі ду́шамі вашымі.
Бо паразважайце пра Таго, Які вытрываў гэтакую супраць Сябе варажнечу ад грэшнікаў, каб вы не зьнемагаліся, саслабеўшы душамі вашымі.
Вы яшчэ не да крыві змагаліся ў супрацьстая́нні граху́
Вы яшчэ не да крыві ваявалі, змагаючыся супраць грэху,
і забылі настаўле́нне, якое да вас як да сыноў зве́рнута: «сыне мой! не будзь легкадумны ў адносінах да пакарання ад Госпада і не знемага́й, калі Ён выкрыва́е цябе.
і забыліся пра пацяшэньне, якое зьвяртаецца да вас, як да сыноў: «Сыне мой! Ня грэбуй настаўленьнем Госпадавым і не слабей, калі Ён цябе дакарае.
Бо Гасподзь, каго любіць, таго карае, і б’е кожнага сына, якога прымае».
Бо каго любіць Госпад, таго карае, і бічуе ўсякага сына, якога прыймае».
Калі вы церпіце́ пакаранне, то Бог абыходзіцца з вамі як з сынамі. А хіба́ ёсць такі сын, якога б не караў бацька?
Калі вы зносіце пакараньне, Бог ставіцца да вас, як да сыноў. Бо ці ёсьць гэтакі сын, якога не карае бацька?
Калі ж застаяце́ся без пакарання, якому падляга́юць ўсе, то вы — незаконныя дзеці, а не сыны.
А калі вы без пакараньня, удзельнікамі якога сталіся ўсе, дык вы — байструкі, а не сыны.
Прытым, калі мы, кара́ныя бацька́мі нашымі па плоці, шанавалі іх, то хіба́ ж не намнога больш мы павінны быць пакорнымі Айцу духаў, каб жыць?
Да таго, калі мы мелі бацькоў цела нашага, якія нас каралі, і саромеліся перад імі, ці ня шмат больш маем падпарадкоўвацца Айцу духаў і будзем жыць?
Бо яны каралі нас паводле свайго разумення на нямногія дні; а Ён — на карысць нам, каб мы сталі супольнікамі святасці Яго.
Бо тыя каралі, як самі думалі, на некалькі дзён; а Ён — на карысьць [нашую], каб нам удзельнічаць у сьвятасьці Яго.
Усякае пакаранне ў цяперашні час здаецца не радасцю, а смуткам, але пазней тым, хто праз яго наву́чаны, яно дае мірны плод праведнасці.
Усякае ж пакараньне ў цяперашні час здаецца ня радасьцю, але смуткам; а пасьля дае навучаным праз яго мірны плод праведнасьці.
Таму ўмацу́йце апу́шчаныя рукі і аслабе́лыя калені
Дзеля гэтага выпрастуйце рукі, што апусьціліся, і калені, што самлелі,
і прамыя сцежкі рабіце нагам вашым, каб кульгавае не вывіхнулася, а лепш ацалілася.
і сьцежкі простыя рабіце нагамі вашымі, каб кульгавае нікуды ня збочыла, а лепш было аздароўленае.
Імкнíцеся да міру з усімі і да святасці, без якой ніхто не ўбачыць Госпада;
Імкніцеся да супакою з усімі і да сьвятасьці, без якое ніхто ня ўбачыць Госпада,
будзьце пільнымі, каб хто не страціў благадаці Божай; каб які горкі корань, выраста́ючы, не нарабіў шкоды і каб праз яго не апаганіліся многія;
гледзячы, каб хто ня страціў ласкі Божае; каб які корань горычы, вырасшы ўверх, не зрабіў шкоды, і каб праз яго не занячысьціліся многія;
каб не было сярод вас такога блудніка́ альбо бязбожніка, як Ісаў, які за адну страву аддаў першародства сваё.
каб не было якога распусьніка ці паганага, як Эзаў, які за адну ежу аддаў першародзтва сваё.
Бо вы ведаеце, што і пасля таго ён, жада́ючы ўнасле́даваць благаславенне, быў адве́ргнуты, таму што не знайшоў магчымасці перамяніць рашэнне бацькі, хоць і шукаў гэтага са слязьмі.
Бо ведаеце, што і пасьля ён, хочучы ўспадкаеміць дабраслаўленьне, быў адкінуты, бо не знайшоў месца навяртаньня, хоць і шукаў яго са сьлязьмі.
Вы ж наблізіліся не да гары, да якой можна дакрануцца, не да агню палаючага, і змроку, і цемры, і буры,
Бо не падыйшлі вы да гары, да якой [можна] дакрануцца і якая палае агнём, ані да віхуры, і цемры, і буры,
не да трубнага гуку і гучання слоў, пачуўшы якія, усе прасілі, каб нічога больш да іх не прамаўлялася,
ані да гуку трубы і голасу словаў, пра якія тыя, што чулі, прасілі, каб да іх не было больш слова,
бо яны не маглі вы́трываць таго, што было́ зага́дана: «нават калі звер дакранецца да гары, ён будзе пабіты камянямі (альбо працяты стралою);
бо ня вытрымалі перасьцярогі: «Калі і зьвер кранецца гары, будзе ўкаменаваны ці стралою забіты»,
і такім страшным было гэтае відовішча, што Маісей сказаў: «я ў страху і трымценні».
і гэткая жахлівая была тая праява, што Майсей сказаў: «Я напалоханы і трасуся».
А наблізіліся вы да гары Сіён і да горада Бога жывога, да нябеснага Іерусаліма і да незлічонага мноства ангелаў,
Але вы падыйшлі да гары Сыён і да гораду Бога Жывога, да нябеснага Ерусаліму і да дзясяткаў тысячаў анёлаў,
да ўрачыстага сабору і Царквы першынцаў, запісаных на нябёсах, і да Суддзі ўсіх — Бога, і да духаў праведнікаў, якія дасягнулі дасканаласці,
да вальнага зграмаджэньня і царквы першародных, якія запісаныя ў небе, і да Бога, Судзьдзі ўсіх, і да духаў праведных і дасканалых,
і да Пасрэдніка новага запавету — Іісуса, і да Крыві акрапле́ння, якая прамаўляе лепш, чым Авелева.
і да Пасярэдніка новага запавету, Ісуса, і да крыві пакрапленьня, якая лепш за Абэлеву гаворыць.
Глядзіце, не адмаўляйцеся слухаць Таго, Хто гаворыць. Бо калі не пазбеглі пакарання тыя, што адмовіліся слухаць таго, хто прамаўляў на зямлі, то тым больш не пазбегнем мы, калі адве́рнемся ад Таго, Хто прамаўляе з нябёс,
Глядзіце, не адвярніцеся ад Таго, Які гаворыць. Бо калі не ўцяклі тыя, што адвярнуліся ад таго, які прамаўляў на зямлі, тым больш мы, калі адкінем Таго, Які з неба,
Таго, Чый голас тады пахіснуў зямлю, і Хто цяпер паабяцаў, кажучы: «яшчэ раз пахісну́ не толькі зямлю, але і неба».
голас Якога тады захістаў зямлю, а цяпер абяцаў, кажучы: “Яшчэ раз страсяну ня толькі зямлю, але і неба”.
А словы «яшчэ раз» азначаюць перамяне́нне таго, што будзе пахíснута, як створанае, каб засталося непахіснае.
А [словы] “яшчэ раз” паказваюць на зьмену таго, што хістаецца, як створанага, каб засталося тое, што не хістаецца.
Дык вось, прымаючы Царства непахіснае, будзем захоўваць благадаць і ёю служы́ць Богу так, як Яму даспадобы, з набо́жнасцю і страхам,
Дзеля гэтага мы, прыймаючы Валадарства непарушнае, будзем мець ласку, праз якую будзем служыць Богу, падабаючыся [Яму], з сарамлівасьцю і багабойнасьцю,
таму што Бог наш — гэта агонь знішча́льны.
бо Бог наш — агонь, які паглынае.