Адкрыцьцё 11 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

І да́дзена была́ мне трысцíна, падо́бная да жазла́, і ска́зана: устань і зме́рай храм Божы і ахвя́рнік, і палічы́ тых, што пакланя́юцца ў ім;
 
1 І дадзена была мне трысьціна, падобная на жазло і сказана мне: "Падыміся і памерай сьвятыню Божую і аўтар, і тых, што пакланяюцца ў ёй".

а зне́шні двор хра́ма абмінí і не ме́рай яго, бо ён да́дзены язы́чнікам: яны будуць тапта́ць святы́ го́рад со́рак два ме́сяцы.
 
Але вылучы дзядзінец зьнешні сьвятыні і ня мерай яго, бо ён прызначаны паганцам: яны будуць таптаць горад сьвяты праз сорак два месяцы.

І дам двум све́дкам Маім, і яны будуць праро́чыць ты́сячу дзве́сце шэсцьдзяся́т дзён, апра́нутыя ў валасянíцу.
 
І я дам уладу маім двум сьведкам, і будуць яны прарочыць тысяча дьвесьце шэсьдзесят дзён, адзетыя ў зрэбніцу.

Яны — дзве маслíны і два свяцíльнікі, што стая́ць перад Богам зямлí.
 
Яны-дзве алівы і два кандалябры (падсьвечнікі), перад Госпадам стоячыя.

І калі хто хоча прычынíць ім шко́ду, то агонь выхо́дзіць з ву́снаў іх і пажыра́е во́рагаў іх; і калі хто захо́ча прычынíць ім шко́ду, то яму нале́жыць так загíнуць.
 
А калі б захацеў ім шкодзіць, то агонь выйдзе з вуснаў іх і зьнішчыць ягоных ворагаў, калі ж хто захоча скрыўдзіць іх, то гэткі будзе забіты.

Яны ма́юць ула́ду зачынíць не́ба, каб не ішоў дождж на зямлю́ ў дні праро́цтва іх; і ма́юць ула́ду над во́дамі ператвара́ць іх у кроў і паража́ць зямлю́ ро́знымі бе́дствамі столькі, колькі яны захо́чуць.
 
Яны маюць уладу зачыніць неба, каб не ішоў дождж на зямлю ў час іхняга праракаваньня, ды маюць моц над водамі абвярнуць іх у кроў і насылаць на зямлю усякія бедствы, якія толькі захочуць.

І калі зако́нчаць яны све́дчанне сваё, звер, што выхо́дзіць з бе́здані, усту́піць у бітву з імі, і перамо́жа іх, і заб’е́ іх,
 
І калі закончаць яны сьведчаньне сваё, паўстане звер з бяздоньня і пачне супраць іх бой, і пераможа іх, і заб'е іх.

і тру́пы іх пакíне на ву́ліцы вялікага го́рада, які духо́ўна называ́ецца Садо́м і Егíпет, дзе і Гасподзь наш быў распя́ты.
 
І целы іх будуць ляжаць на плошчы вялікага горада, які духова завецца Садом і Эгіпет, дзе і Госпад іх быў укрыжаваны.

І мно́гія з наро́даў, і кале́н, і моў, і плямёнаў будуць глядзе́ць на тру́пы іх тры з пало́ваю дні і не дазво́ляць пакла́сці тру́пы іх у магíлу.
 
І многія з народаў, пакаленьняў і моваў, і плямён будуць аглядаць трупы іхнія праз тры дні з палавінай, але цел іхніх не дазволяць палажыць у грабніцы.

І жыхары́ зямлí будуць ра́давацца гэтаму і весялíцца, і будуць пасыла́ць падару́нкі адзін аднаму; таму што два праро́кі гэтыя му́чылі жыхаро́ў зямлí.
 
І жывучыя на зямлі будуць радавацца дзеля іх і весяліцца, і падарункі пасылаць адны другім, бо гэтыя два прарокі мучылі тых, якія жылі на зямлі.

Але праз тры з пало́ваю дні ўвайшо́ў у іх дух жыцця́ ад Бога; і яны або́два ўста́лі на но́гі свае, і вялікі страх напа́ў на тых, што глядзе́лі на іх.
 
І пасьля трох з паловай дзён увайшоў у іх дух жыцьця ад Бога. І падняліся яны на свае ногі, і вялікі страх паў на тых, якія бачылі іх.

І пачу́лі яны з не́ба гу́чны го́лас, які каза́ў ім: узыдзíце сюды. І яны ўзышлí на не́ба на во́блаку; і глядзе́лі на іх во́рагі іх.
 
І пачулі яны з неба магутны голас, гаворачы ім: "Падыміцеся сюды". І падняліся ў неба ў воблаку, і бачылі іх ворагі іхнія.

І ў той самы час адбыло́ся землетрасе́нне вялікае, і дзяся́тая ча́стка го́рада абры́нулася, і загíнула ад землетрасе́ння сем тысяч імён чалаве́чых; а аста́тнія былí ахо́плены стра́хам і ўзне́слі сла́ву Богу Нябе́снаму.
 
А ў той час пачаліся страшныя землятрасеньні, і дзесятая частка горада завалілася, і загінула ад землятрасеньня сем тысяч асоб, а тыя, што засталіся, перапалохаліся і далі спахвалу Богу на небе.

Друго́е го́ра прайшло́; вось, надыхо́дзіць неўзаба́ве трэ́цяе го́ра.
 
Гора другое мінула, але вось трэцяе прыйдзе не зазадоўга.

І сёмы А́нгел затрубíў, і пачу́ліся на не́бе гу́чныя галасы́, якія каза́лі: ца́рства све́ту ста́ла ца́рствам Госпада нашага і Хрыста Яго, і Ён будзе ца́рстваваць на ве́кі вяко́ў.
 
І затрубіў анёл сёмы. І загаманілі моцныя галасы ў небе, кажучы: "Сталася каралеўства гэтага сьвету валадарствам Госпада нашага і Хрыстуса Ягонага, і будзе Ён валадарыць на векі вечныя. Аман."

І два́ццаць чаты́ры ста́рцы, што сядзе́лі перад Богам на прасто́лах сваіх, упа́лі на аблíччы свае́ і пакланíліся Богу,
 
І дваццаць чатыры старцы, седзячы перад Богам на сваіх тронах, палі на твар свой і пакланіліся Богу, усклікаючы:

ка́жучы: дзя́куем Табе, Госпадзі Божа Уседзяржы́цель, Які ёсць, і быў, і ма́еш прыйсці, што Ты прыня́ў сíлу Тваю вялікую і стаў ца́рстваваць.
 
Дзякуем Табе, Госпадзе, Божа Усемагутны, Ты што ёсьць, Ты што быў і Ты, што прыйдзеш, што ўзяў уладу сваю магутную і валаданьне.

І разгне́валіся язы́чнікі; і прыйшо́ў гнеў Твой і час судзíць мёртвых і даць узнагаро́ду раба́м Тваім, праро́кам, і святы́м, і тым, што бая́цца íмені Твайго, малы́м і вялíкім, і знíшчыць тых, хто знішча́е зямлю́.
 
І ўзбурыліся народы, і прыйшоў гнеў Твой і пара судзіць памёршых і аддаць узнагароду слугам Тваім прарокам і сьвятым і разам з імі тым, што шануюць імя Тваё, малым і вялікім, час загубы для тых, што пракудзілі зямлю.

І адчынíўся храм Божы на не́бе, і стаў ба́чны каўчэ́г запаве́ту Яго ў хра́ме Яго; і былí мала́нкі, і гу́кі, і грамы́, і землетрасе́нні, і град вялікі.
 
І адчынілася Божая сьвятыня ў небе, і бачна стала арка Яго тастаманту (закона) ў сьвятыні Ягонай, і зазіхацелі маланкі і пачуліся гукі, і былі землетрасеньні, і град вялікі.