Да Піліпянаў 1 разьдзел

Пасланьне да Піліпянаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Павел і Цімафей, рабы Іісуса Хрыста, усім святым у Хрысце Іісусе, якія знаходзяцца ў Філіпах, з епіскапамі і дыяканамі:
 
Павал і Цімафей, слугі Езуса Хрыста, ўсім сьвятым у Хрысьце Езусе, пражываючым у Філіпах разам з біскупамі і дыяканамі:

благадаць вам і мір ад Бога, Айца нашага, і Госпада Іісуса Хрыста.
 
Ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада Езуса Хрыста.

Дзякую Богу майму пры кожным успаміне пра вас,
 
Дзякую Богу майму, усякі раз успамінаючы вас,

заўсёды, у кожнай малітве маёй за ўсіх вас, з радасцю малітву ўзносячы,
 
заўсёды ва ўсіх малітвах маіх за ўсіх вас з радасьцю молячыся,

за ваш удзел у дабравесці з першага дня і дагэтуль,
 
дзеля вашага ўдзелу ў Эвангельлі Хрыстовым ад першага дня аж да цяпер,

будучы ўпэўненым, што Той, Хто пачаў у вас добрую справу, заве́ршыць яе да дня Іісуса Хрыста;
 
маючы давер у Тым, які пачаў у вас добрую справу, давядзе аж да дня Хрыста Езуса;

так і належыць мне думаць пра ўсіх вас, бо я маю вас у сэрцы, бу́дучы і ў кайдана́х маіх, і ў абароне, і ў сцвярджэ́нні дабравесця, усіх вас — супольнікаў маіх па благадаці.
 
як справядліва мне думаць па вас усіх, бо маю вас у сэрцы і ў путах маіх, і ў абароне, і ў умацаваньні Эвангельля, бо ўсе вы супольнікі ласкі маёй.

Бог мне сведка, што я люблю ўсіх вас любоўю Іісуса Хрыста;
 
Сьведка мне Бог, як сумую па вас усіх сэрцам Езуса Хрыста.

і я малюся аб тым, каб любоў ваша яшчэ больш і больш узрастала ў спазнанні і ва ўсякім пачуцці,
 
І аб тым малюся, каб любоў вашая ўсё больш і больш паглыблялася у веданьні і усякім адчуваньнем,

каб, распазнаючы́, што́ правільна, вы былі чыстымі і бездакорнымі ў дзень Хрыстоў,
 
каб пазнаваць вам лепшае, каб вы былі чыстымі і без заганы ў дзень Хрыстовы,

поўнымі пладоў праведнасці праз Іісуса Хрыста на славу і хвалу Божую.
 
поўныя пладоў справядлівасьці праз Езуса Хрыста на хвалу і славу Бога.

Я хачу, браты, каб вы ведалі: тое, што адбылося са мною, паслужыла большаму поспеху дабравесця,
 
Хачу, браты, каб вы ведалі, што тое, што (сталася) са мною, выйшла больш на дабро Эвангельля,

так што пра кайданы́ мае́ дзеля Хрыста стала вядома ўсёй прэторыі і ўсім астатнім,
 
бо путы мае праславіліся ў Хрысьце ва ўсёйім прэторыі і ў-ва ўсіх іншых,

і вельмі многія браты ў Госпадзе, падбадзёраныя праз кайданы́ мае́, пачалí з большаю адвагаю, бязбоязна прапаведаваць слова Божае.
 
і многія з братоў у Госпадзе, асьмеленыя маімі кайданамі, яшчэ больш адважыліся бяз страху абвяшчаць (Божае) Слова.

Некаторыя, праўда, з зайздрасці альбо супрацьстая́ння, а некаторыя з добрым намерам прапаведуюць Хрыста:
 
Адны, праўда, з зайздрасьці і пярэчлівасьці вясьцяць Хрыстуса, іншыя ж — з добрай волі;

адны з-за суперніцтва прапаведуюць Хрыста, не чыста, думаючы павялічыць цяжа́р кайданоў маіх;
 
Тыя, што з любові, ведаючы, што я дзеля абароны Эвагельля пастаўлены,

а другія — з любові, ведаючы, што я пастаўлены дзеля абароны дабравесця.
 
тыя ж, што з зайздрасьці, прапаведуюць Хрыста няшчыра, з намерам зрабіць мае путы яшчэ цяжэйшымі.

І што ж? У любым вы́падку — ці прытворна, ці шчыра — аднак Хрыста прапаве́дуюць, і я гэтаму радуюся, і потым буду радавацца,
 
Дык што? Такім спосабам, ці дзеля віду, ці праўдзіва, Хрыстос абвяшчаецца; і я гэтаму рады, і буду радавацца,

бо ведаю, што гэта паслужыць мне на спасенне дзякуючы вашай малітве і садзеянню Духа Іісуса Хрыста,
 
ведаючы, што гэта ўсё выйдзе мне на збаўленьне праз вашыя малітвы і за дапамогай Духа Езуса Хрыста,

паводле чака́ння і надзеі маёй, што я ні ў чым не буду пасаромлены, а з усёю маёю адвагаю, як заўсёды, так і цяпер, будзе праслаўляцца Хрыстос у целе маім, ці то жыццём, ці смерцю.
 
як чакаю і спадзяюся, што ні ў чым не асаромлюся, але з ўсёй упэўненасьцю, як заўсёды, гэтакі цяпер уславіцца Хрыстос у целе маім ці жыцьцём, ці сьмерцю.

Бо для мяне жыццё — Хрыстос, і смерць — прыбы́так.
 
Бо для мяне жыцьцё — гэта Хрыстос, і сьмерць-здабытак.

А калі жыццё ў плоці — гэта для мяне плённая праца, то не ведаю, што выбраць.
 
Але калі жыцьцё у целе, прыносіць плод у маёй дзейнасьці, дык што выбраць, сам ня ведаю.

Я заціснуты з двух бакоў: хочацца адысці з жыцця і быць з Хрыстом, бо гэта намнога лепш;
 
Цягне мяне адно і другое: жадаю адыйсьці і быць з Хрыстом, бо гэта шмат лепшае,

а заставацца ў плоці больш патрэбна, дзеля вас.
 
але заставацца ў целе больш патрэбна для вас.

І ў гэтым я перакана́ны і ведаю, што застану́ся і буду з усімі вамі дзеля вашага поспеху і радасці ў веры,
 
І гэта напэўна ведаю, што застануся і буду з усімі вамі на карысьць вашую і на радасьць веры,

каб пахвала́ ваша ў Хрысце Іісусе памножылася праз мяне, пры наступным маім прыходзе да вас.
 
каб радасьць вашая расла ў Езусе Хрысьце праз мяне, праз маё вяртаньне да вас

Толькі жывіце дастойна дабравесця Хрыстовага, каб — ці прыйду і ўбачу вас, ці не прыйду — я пачуў пра вас, што стаіце́ вы ў адным духу, змагаючыся аднадушна за веру евангельскую,
 
Толькі жывеце дастойна Эвангельля Хрыстовага, каб ці калі прыбуду і ўбачу вас, ці далёкі пачую пра вас, што вы стаіцё ў адным Духу, аднадумна змагаючыся за веру Эвангельля

і не баіце́ся ні ў чым супраціўнікаў; гэта для іх знак пагібелі, а для вас спасення. І гэта ад Бога,
 
і ні ў чым не палохаецеся праціўнікаў, што ім стане прычынай загубы, вам жа — збаўленьня, і гэта ад Бога.

бо вам дадзена дзеля Хрыста не толькі вераваць у Яго, але і пакутаваць дзеля Яго
 
Вам бо дадзена дзеля Хрыста ня толькі верыць у Яго, але і цярпець за Яго,

такім самым подзвігам, які вы бачылі ўва мне і як сёння чуеце пра мяне.
 
такое самае змаганьне маючы, якое бачылі ў вамне і як чуеце цяпер пра мяне.