Адкрыцьцё 17 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Сабілы і Малахава
І прыйшо́ў адзін з сямí А́нгелаў, якія ме́лі сем чаш, і пача́ў гавары́ць са мною, ка́жучы мне: хадзí сюды́, я пакажу́ табе́ суд над блуднíцаю вялíкаю, якая сядзíць на во́дах мно́гіх;
І прыйшоў адзін із сямёх Ангелаў, што мелі сем чараў, і прамовіў да мяне, кажучы мне: падыдзі, я пакажу табе суд (над) вялікай блудадзейкай, якая сядзіць на водах многіх,
з ёю блудадзе́йнічалі цары́ зямны́я, і віно́м яе блудадзе́йства ўпіва́ліся жыхары́ зямлí.
зь якой блудадзеялі валадары зямлі, і былі напоены віном блудадзейства ейнага жыхары зямлі.
І ён перанёс мяне́ ў ду́ху ў пусты́ню; і ўба́чыў я жанчы́ну, якая сядзе́ла на зве́ры чырво́ным, по́ўным імён богазневажа́льных; ён меў сем гало́ў і дзе́сяць раго́ў.
І ён завёў мяне ў пустэльню ў духу, і я ўбачыў жанчыну, якая сядзіць на зьверы барвовым, поўным імёнаў блюзьнерскіх, які мае сем галоў і дзесяць рогаў.
І жанчы́на апра́нута была́ ў парфíру і пу́рпур, і ўпрыго́жана зо́латам, кашто́ўнымі камяня́мі і жэ́мчугам, і трыма́ла залату́ю ча́шу ў руцэ́ сваёй, напо́ўненую брыдо́тамі і нечыстато́ю блудадзе́йства яе;
І гэта жанчына, апранутая ў пархвіру і (вопратку) барвовую, і ўпрыгожаная золатам і каштоўным камнем і пэрламі, мела залатую чару ў руцэ сваёй, поўную агідаў і бруду блудадзейства свайго.
і на лбе ў яе напíсана імя́ — таямнíца: Вавіло́н вялíкі, ма́ці блуднíц і брыдо́т зямны́х.
І на лобе ейным напісана імя: тайна, Бабілёнія вялікая, матка блудадзеяк і агідаў зямлі.
І ўба́чыў я, што жанчы́на п’я́ная ад крывí святы́х і ад крывí све́дкаў Іісу́савых, і, ба́чачы яе, здзіўля́ўся я здзіўле́ннем вялíкім.
І я ўбачыў гэту жанчыну, якая ўпілася крывёю сьвятых і крывёю сьведкаў Ісуса. І я зьдзівіўся, гледзячы на яе, зьдзіўленьнем вялікім.
І сказа́ў мне А́нгел: чаго ты здзівíўся? я раскажу́ табе таямнíцу жанчы́ны гэтай і зве́ра, які но́сіць яе і ма́е сем галоў і дзе́сяць раго́ў.
І сказаў мне Ангел: чаго ты зьдзівіўся? Я скажу табе тайну гэтай жанчыны і зьвера, які носіць яе, які мае сем галоў і дзесяць рогаў.
Звер, якога ты ба́чыў, быў, і няма́ яго; і ма́е вы́йсці ён з бе́здані і по́йдзе ў пагíбель; і тыя жыхары́ зямлí, імёны якіх не ўпíсаны ў кнíгу жыцця́ ад пача́тку све́ту, здзíвяцца, гле́дзячы на зве́ра, што ён быў, і няма́ яго, і ён з’я́віцца.
Зьвер, якога ты ўбачыў, быў, і няма яго, і мае падняцца з бяздоньня і пайсьці ў пагібель; і зьдзівуюцца жыхары зямлі, чые імёны ня запісаны ў скрутак жыцьця ад стварэньня сьвету, бачучы зьвера, што (ён) быў, і няма яго, хаця (ён) ёсьць.
Тут патрэ́бны ро́зум, які ма́е му́драсць. Сем гало́ў — гэта сем гор, на якіх сядзíць жанчы́на,
Тут розум, які мае мудрасьць. Сем галоў ёсьць сем гор, дзе гэта жанчына сядзіць на іх;
і гэта сем царо́ў, з якіх пяць загíнулі, адзін ёсць, а другі яшчэ́ не прыйшо́ў, і калі пры́йдзе, то нядо́ўга ён ма́е застава́цца.
і сем валадароў, із каторых пяць упалі, а адзін ёсьць, (а) другі яшчэ ня прыйшоў, і калі прыйдзе, нядоўга ён мае заставацца.
І звер, які быў і якога няма́, ён — і во́сьмы, і з шэ́рагу сямí, і по́йдзе ён у пагíбель.
І зьвер, які быў, і няма (яго), і ён ёсьць восьмы, і із сямёх ён, і ідзе ў пагібель.
І дзе́сяць раго́ў, якія ты ба́чыў, — гэта дзе́сяць царо́ў, што яшчэ́ не атрыма́лі ца́рства, але пры́муць ула́ду як цары́ на адну́ гадзíну, ра́зам са зве́рам.
І дзесяць рогаў, каторыя ты ўбачыў, ёсьць дзесяць валадароў, якія валадарства яшчэ ня прынялі, але ўладу як валадары на адну гадзіну прымуць разам са зьверам.
Яны ма́юць адзíны наме́р і перададу́ць сваю сíлу і ўла́ду зве́ру.
Яны маюць адну думку, і сілу і ўладу сваю перадаюць зьверу.
Яны бу́дуць ваява́ць су́праць А́гнца, і А́гнец перамо́жа іх, бо Ён — Улада́р над уладара́мі і Цар над цара́мі, і тыя, хто з Ім, — гэта паклíканыя, і абра́ныя, і ве́рныя.
Яны будуць весьці вайну зь Ягняком, і Ягняк пераможа іх, таму што Ён Госпад валадароў і Кароль (над) каралямі, і тыя, што зь Ім — пакліканыя і выбраныя і верныя.
І ка́жа мне: во́ды, якія ты ба́чыў, дзе сядзíць блуднíца, — гэта лю́дзі і наро́ды, і плямёны і мо́вы.
І кажа мне: воды, якія ты ўбачыў, дзе сядзіць блудадзейка — народы і натоўпы, і плямёны, і мовы.
І дзе́сяць раго́ў, якія ты ба́чыў на зве́ры, узненавíдзяць блуднíцу, і спусто́шаць яе, і аго́ляць, і це́ла яе з’яду́ць, і спа́ляць яе ў агнí;
І дзесяць рогаў, якія ты ўбачыў на зьверу, яны ўзьнянавідзяць блудадзейку і спустошаць яе, і аголяць, і зьядуць яе цела, і спаляць яе ў агні.
таму што Бог пакла́ў ім на сэ́рца вы́канаць во́лю Яго, вы́канаць адну во́лю і адда́ць ца́рства іх зве́ру, паку́ль не здзе́йсняцца сло́вы Божыя.
Бо Бог палажыў на сэрцы ім учыніць намер Ягоны, і выканаць адну волю і аддаць валадарства іхнае зьверу, дакуль ня споўняцца словы Бога.
А жанчы́на, якую ты ба́чыў, гэта го́рад вялíкі, што цару́е над цара́мі зямлí.
І жанчына, якую ты ўбачыў, ёсьць мясьціна (у сэнсе: места, горад) вялікая, якая мае панаваньне над валадарамі зямлі.