Да Філімона 1 разьдзел

Пасланьне да Філімона
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Сабілы і Малахава

 
 

Павел, вязень Хрыста Іісуса, і Цімафей брат, — Філімону ўзлю́бленаму, супрацоўніку нашаму,
 
Павал, вязень Ісуса Хрыста, і Цімахвей, брат — Хвілімону любаснаму і супрацоўніку нашаму,

і Апфіі, сястры ўзлю́бленай, і Архіпу, спадзвíжніку нашаму, і дамашняй тваёй царкве:
 
і Аппіі любаснай, і Архіпу, сузмагару нашаму, і ўсёй тваёй дамовай царкве:

благадаць вам і мір ад Бога, Айца нашага, і Госпада Іісуса Хрыста.
 
Багадаць вам і Мір ад Бога Бацькі нашага і Госпада Ісуса Хрыста.

Дзякую Богу майму, заўсёды паміна́ючы цябе ў малітвах маіх,
 
Дзякую Богу майму, заўсёды ўспамінаючы пра цябе ў малітвах маіх,

чуючы пра тваю любоў і веру, якую ты маеш да Госпада Іісуса і да ўсіх святых,
 
чуючы пра тваю веру і любоў, якую ты маеш да Госпада Ісуса і да ўсіх сьвятых,

каб вера твая, супольная з нашай, была дзейснай у спазнанні ўсякага дабра, якое ў вас дзеля Хрыста Іісуса.
 
каб супольнасьць веры тваёй аказалася чыннай у спазнаньні ўсякага дабра ў вас у Хрысьце Ісусе.

Бо мы маем радасць вялікую і суцяшэнне ў любові тваёй, таму што табою, браце, супако́ены сэрцы святых.
 
Бо мы маем вялікую радасьць і суцяшэньне ў тваёй любові, бо табою, браце, супакоены сэрцы сьвятых.

Таму, ма́ючы вялікую ў Хрысце адвагу зага́дваць табе нале́жнае,
 
Таму, маючы вялікую адвагу ў Хрысьце загадваць табе, што належыць, —

больш па любові прашу я, Павел, будучы старцам, а цяпер і вязнем Іісуса Хрыста;
 
але праз любоў лепей прашу, і ніхто іншы, а я, Паўла, стары, а цяпер яшчэ і вязень Ісуса Хрыста, —

прашу цябе за сына майго Анісіма, якога спарадзіў я ў кайданах маіх:
 
прашу цябе за сына майго, Анісіма, якога я нарадзіў у путах маіх.

ён быў калісьці бескарысным для цябе, а цяпер — вельмі карысны табе і мне; я адсылаю яго да цябе;
 
Ён некалі быў табе бяскарысным, а цяпер ён карысны і мне, і табе;

ты ж прымі яго, як маё сэрца.
 
я адсылаю яго да цябе; а ты прымі яго, як маё сэрца.

Я хацеў утрымаць яго пры сабе, каб ён замест цябе паслужыў мне, які ў кайданах за дабравесце;
 
Я хацеў затрымаць яго пры сабе, каб ён замест цябе паслужыў мне ў путах за Эвангельле.

але я нічога не хацеў рабіць без тваёй згоды, каб добрая справа твая была не вы́мушанай, а дабравольнай.
 
Але бяз тваёй згоды я нічога ня хацеў зрабіць, каб тваё дабрадзейства было ня як прымусовае, але з добрае волі.

Бо, магчыма, ён дзеля таго адлучы́ўся на кароткі час, каб ты прыняў яго назаўсёды,
 
Бо магчыма ён дзеля таго на час адлучыўся, каб ты прыняў яго назаўсёды:

ужо не як раба, а вышэй за раба, як брата ўзлюбленага, асабліва для мяне, а тым болей для цябе — і па плоці, і ў Госпадзе.
 
ужо ня як раба, але больш чым як раба, як брата любаснага, асабліва для мяне; а для цябе яшчэ больш — і па целу, і ў Госпадзе.

Дык вось, калі маеш мяне за супольніка, то прымі яго, як мяне.
 
Дык калі ты маеш мяне за супольніка, то прымі яго, як мяне.

Калі ж ён нанёс табе нейкую шкоду альбо доўг ма́е, то лічы́ гэта на мне.
 
А калі ён цябе чым-небудзь пакрыўдзіў альбо што вíнен табе, залічы гэтае на мяне.

Я, Павел, напісаў сваёю рукою: я заплачу́; каб не казаць табе, што ты і самога сябе мне вінен.
 
Я, Павал, напісаў гэта маёй рукой: я заплачу; каб ня казаць табе, што ты і самім сабою вінен мне.

Так, браце, дазволь мне мець карысць ад цябе ў Госпадзе; супакой маё сэрца ў Госпадзе.
 
Так, браце, дай мне скарыстацца табою ў Госпадзе; супакой маё сэрца ў Госпадзе.

Упэўнены ў паслухмянасці тваёй, я напісаў табе, ведаючы, што ты зробіш і больш, чым я кажу.
 
Будучы ўпэўненым у тваёй паслухмянасьці, я напісаў табе, ведаючы, што ты зробіш больш за тое, пра што я гавару табе.

А разам з тым падрыхтуй мне і гасцявы́ пакой; бо, спадзяюся, што па малітвах вашых я буду дарава́ны вам.
 
Адначасова (прашу): прыгатуй мне кватэру; бо спадзяюся, што дзякуючы малітвам вашым я буду падараваны вам.

Вітае цябе Эпафрас, вязень разам са мною дзеля Хрыста Іісуса,
 
Вітаюць цябе Эпахрас, які зьняволены разам са мною ў Хрысьце Ісусе,

а таксама Марк, Арыстарх, Дзімас, Лука, супрацоўнікі мае́.
 
Марк, Арыстарх, Дзімас, Лукаш, супрацоўнікі мае.

Благадаць Госпада нашага Іісуса Хрыста з духам вашым. Амінь.
 
Багадаць Госпада нашага Ісуса Хрыста з духам вашым. Амін.