Адкрыцьцё 4 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Сабілы і Малахава
Пасля́ гэтага я ўба́чыў: вось, дзве́ры адчы́неныя на не́бе, і ране́йшы го́лас, які я чуў, нíбы гук трубы́, што гавары́ў са мною, сказа́ў: узыдзí сюды́, і пакажу́ табе, што́ павíнна адбы́цца пасля́ гэ́тага.
Пасьля гэтага я глянуў, і вось дзьверы адчыненыя на небе, і ранейшы голас, які я чуў быццам (гук) трубы, які гаварыў да мяне, кажа: узыйдзі сюды, і (Я) пакажу табе, што мусіць стацца пасьля гэтага.
І адра́зу я стаў у Ду́ху; і вось, прасто́л стая́ў на не́бе, і на прасто́ле Не́хта сядзе́ў.
І я ўраз стаўся ў духу; і вось Пасад стаяў на небе, а на Пасадзе — Сядзячы.
І Той, Хто сядзе́ў, з вы́гляду быў падо́бны да камянёў я́спісу і сарды́су; і вясёлка вако́л прасто́ла, з вы́гляду падо́бная да смара́гду.
І Сядзячы быў падобны выглядам да каменю ясьпісу і сардісу; і вясёлка навакол Пасаду, з выгляду падобная да смарагдавай.
І вако́л прасто́ла — два́ццаць чаты́ры прасто́лы; а на прасто́лах, уба́чыў я, сядзя́ць два́ццаць чаты́ры ста́рцы, апра́нутыя ў бе́лыя адзе́нні, і ме́лі яны на гало́вах сваіх залаты́я вянцы́.
І вакол Пасаду — дваццаць чатыры пасады; і на пасадах я ўбачыў дваццаць чатыры старэйшыны, якія сядзяць, апра́нутыя ў белыя вопраткі, і яны мелі на галовах сваіх вянкі залатыя.
І ад прасто́ла зыхо́дзяць мала́нкі, і грамы́, і галасы́, і сем свяцíльнікаў во́гненных гара́ць пе́рад прасто́лам, гэта — сем ду́хаў Божых.
І ад Пасаду выходзяць маланкі і грымоты, і галасы, і сем сьветачаў агнявых, (якія) гараць перад Пасадам, якія ёсьць сем духаў Бога.
І пе́рад прасто́лам — мо́ра шкляно́е, падо́бнае да крышталю́; а пасяро́д прасто́ла і вако́л прасто́ла — чаты́ры жывёлы з мно́ствам вачэ́й спе́раду і зза́ду.
І перад Пасадам мора шкляное, падобнае да крышталю. А пасярэдзіне Пасаду і вакол Пасаду — чатыры жывёлы, поўныя вачэй сьпераду і ззаду.
І пе́ршая жывёла была́ падо́бна да льва, і друга́я жывёла падо́бна да цяльца́, і трэ́цяя жывёла ме́ла аблíчча, як у чалаве́ка, і чацвёртая жывёла падо́бна да арла́, які ляцíць.
І першая жывёла падобная да льва, і другая жывёла падобная да маладога быка, і трэйцяя жывёла, (якая) мела аблічча, як чалавек, і чацьвёртая жывёла падобная да арла ляту́чага.
І гэтыя чаты́ры жывёлы ме́лі ко́жная па шэсць кры́лаў вакол, а ўсярэ́дзіне ў іх мно́ства вачэ́й; і ні ўдзень, ні ўно́чы яны не ма́юць спако́ю, ускліка́ючы: святы́, святы́, святы́ Гасподзь Бог Уседзяржы́цель, Які быў, і ёсць, і ма́е прыйсцí.
І чатыры жывёлы, кожная наўкола на сабе мела па шэсьць крылаў, а ўнутры (яны) поўны вачэй; і (яны) ня маюць спакою ні ўдзень, ні ўначы, кажучы: Сьвяты, Сьвяты, Сьвяты Госпад Бог Усемагутны, Каторы быў і Каторы ёсьць, і Каторы ідзе.
І калі жывёлы ўзно́сяць сла́ву, і паша́ну, і падзя́ку Таму, Хто сядзíць на прасто́ле, Хто жыве́ ў ве́кі вяко́ў,
І калі жывёлы аддадуць славу і чэсьць, і падзяку Сядзячаму на Пасадзе, Жыву́чаму ў вяках вякоў,
тады два́ццаць чаты́ры ста́рцы па́даюць перад Тым, Хто сядзíць на прасто́ле, і кла́няюцца Таму, Хто жыве́ ў ве́кі вяко́ў, і кладу́ць вянцы́ свае перад прасто́лам, ка́жучы:
упадуць дваццаць чатыры старэйшыны перад Сядзячым на Пасадзе і кланяюцца Жыву́чаму ў вяках вякоў, і кладуць вянкі свае перад Пасадам, кажучы:
дасто́йны Ты, Госпадзі, прыня́ць сла́ву, і паша́ну, і сíлу, бо Ты ствары́ў усё, і па во́лі Тваёй яно існу́е і ство́рана.
Ты годны, Госпадзе, прыняць славу і гонар, і сілу, таму што Ты стварыў усё, і па Тваёй волі (усё) створана і існу́е.