2 да Карынфянаў 12 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

Не карысна хвалíцца мне; бо я перайду да відзе́нняў і адкравенняў Гасподніх.
 

Ведаю чалавека ў Хрысце, што чатырна́ццаць гадоў назад — ці ў целе, не ведаю, ці не ў целе, не ведаю, Бог ведае, — узя́ты быў да трэцяга неба.
 

І ведаю пра гэтага чалавека — ці ў целе, ці не ў целе, не ведаю, Бог ведае, —
 

што ён быў узяты ў рай і чуў невымоўныя словы, якія чалавеку немагчыма выказаць.
 

Такім чалавекам буду хвалíцца; сабою ж не буду хваліцца, хіба́ толькі немачамі маімі.
 

Калі ж захачу пахваліцца, то не буду неразумным, бо скажу ісціну; але я ўстрымліваюся, каб хто не падумаў пра мяне звыш таго, што бачыць ува мне ці чуе ад мяне.
 

І каб я не ўзвыша́ў сябе з-за велічы адкравенняў, да́дзена мне джала ў плоць, ангел сатаны, каб мучыць мяне, каб я не ўзвыша́ў сябе.
 

Тройчы прасіў я Госпада пра тое, каб забраў яго ад мяне,
 

але Ён сказаў мне: «дастаткова табе благадаці Маёй, бо сіла Мая ў немачы здзяйсняецца». Дык вось, я больш ахвотна буду хвалíцца сваімі немачамі, каб жыла́ ўва мне сіла Хрыстова.
 

Таму я знаходжу задавальне́нне, будучы ў немачах, у крыўдах, у няста́чах, у гане́ннях, ва ўціску дзеля Хрыста, бо калі я нямоглы, тады я моцны.
 

Я дайшоў да неразумнасці, хва́лячыся, — вы мяне прыму́сілі. Бо вам нале́жала хвалíць мяне, таму што я ні ў чым не маю недахопу ў параўнанні з тымі вышэйшымі Апосталамі, хоць я і нішто:
 

уласцівасці ж Апостала былí вы́яўлены перад вамі ва ўсёй цярплівасці, у знаме́ннях, і цудах, і сілах.
 

Дык чаго вам не хапа́ла ў параўнанні з астатнімі цэрквамі, хіба толькі таго, што сам я не стаў цяжа́рам для вас? Прабачце мне гэтую віну.
 

Вось, трэці раз я гатовы прыйсці да вас, і не буду цяжа́рам для вас, бо я шукаю не вашага, а вас. Таму што не дзеці павінны назапа́шваць маёмасць для бацькоў, а бацькі для дзяцей.
 

Я ж вельмі ахвотна буду траціць і буду сябе растра́чваць дзеля душ вашых, нягледзячы на тое, што, вельмі любячы вас, я менш любімы.
 

Дапусцім, было так: я не абцяжарваў вас, але, будучы хітрым, я падманам браў з вас.
 

Хіба праз каго-небудзь з тых, каго я пасылаў да вас, я нечым карыстаўся ад вас?
 

Я папрасіў Ціта і паслаў разам з ім брата: ці ж скарыстаўся чым ад вас Ціт? хіба не ў адным духу мы дзейнічалí хіба не аднымі шляхамі хадзілі?
 

Зноў думаеце, што мы перад вамі апраўдваемся́ Мы перад Богам, у Хрысце гаворым, а ўсё, узлю́бленыя, дзеля вашага настаўлення.
 

Таму што баюся, каб, прыйшоўшы да вас, я не знайшоў вас такімі, якімі не хачу, таксама каб і вы не знайшлі мяне такім, якім не хочаце: каб не было спрэчак, зайздрасці, гневу, сварак, паклёпаў, нагавораў, пыхі, бязладдзяў,
 

каб зноў, калі прыйду, не прынізіў мяне Бог мой у вас і каб не аплакваць мне многіх, якія саграшылі раней і не пакаяліся ў нечыстаце, і блудзе, і распусце, што яны ўчынілі.