2 да Карынфянаў 5 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

Бо ведаем, што калі зямны наш дом, гэтая хацíна, разбу́рыцца, то мы маем жыллё ад Бога: дом нерукатворны, вечны, на нябёсах.
 

І таму тут мы стогнем, жада́ючы апрану́цца ў нябеснае наша жыллё;
 

толькі б нам і апра́нутым не апынуцца голымі.
 

Бо мы, знаходзячыся ў гэтай хаціне, стогнем ад цяжа́ру, бо не хочам распрану́цца, а хочам апрану́цца, каб смяротнае было́ паглыну́та жыццём.
 

На гэта ж і стварыў нас Бог, і даў нам залог Духа.
 

Дык вось, мы заўсёды маем пэўнасць; і паколькі ведаем, што, жывучы ў целе, мы адда́лены ад Госпада, —
 

бо мы жывём вераю, а не ба́чаннем, —
 

то маем пэўнасць і жадаем лепш вы́селіцца з цела і пасяліцца ў Госпада,
 

і таму старанна імкнёмся — ці пасяля́ючыся, ці высяля́ючыся — быць угоднымі Яму;
 

бо ўсім нам належыць з’явíцца на суд Хрыстоў, каб кожнаму атрымаць паводле таго, што ён рабіў, жывучы́ ў целе — ці добрае, ці дрэннае.
 

Дык вось, ведаючы страх Гасподні, мы пераконваем людзей, для Бога ж мы адкрытыя; спадзяюся, што адкрытыя і вашаму сумленню.
 

Бо мы не зноў прадстаўляем сябе вам, а даём вам нагоду хвалíцца намі, каб мелі вы адказ для тых, якія хва́ляцца знешнім, а не тым, што ў сэрцы.
 

Бо калі мы бываем не ў сабе, то дзеля Бога; калі ж мы ў здаровым розуме, то дзеля вас.
 

Бо любоў Хрыстова прымушае нас разважа́ць так: калі адзін памёр за ўсіх, то ўсе памерлі.
 

А Хрыстос за ўсіх памёр, каб тыя, хто жыве, жылí ўжо не дзе́ля сябе, а дзе́ля Таго, Хто памёр за іх і ўваскрэс.
 

Так што мы з гэтага часу нікога не знаем па плоці; калі ж і зналі мы Хрыста па плоці, то цяпер ужо не знаем.
 

Дык вось, хто ў Хрысце, той — новае стварэнне; старое прайшло, цяпер настала ўсё новае.
 

А ўсё гэта — ад Бога, Які праз Іісуса Хрыста прымірыў нас з Сабою і даў нам служэнне прымірэння,
 

таму што Бог у Хрысце прымірыў з Сабою свет, не залічваючы лю́дзям правін іх, і даручыў нам слова прымірэння.
 

Дык вось, мы — пасланнікі ад імя́ Хрыста, нíбы Сам Бог просіць праз нас, ад імя́ Хрыста мы просім: прымірыцеся з Богам.
 

Бо Таго, Хто не спазнаў граху, Ён дзеля нас зрабіўся грахом, каб мы сталі ў Ім праведнасцю Божай.