2 да Цімафея 4 разьдзел
Другое пасланьне да Цімафея
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
Дык вось, я заклінаю цябе перад Богам і Госпадам нашым Іісусам Хрыстом, Які будзе судзíць жывых і мёртвых пры яўле́нні Яго і ў Царстве Яго:
прапаведуй слова, будзь настойлівы ў час і не ў час, выкрыва́й, дакара́й, падбадзёрвай з усёй доўгацярплівасцю і з настаўленнем.
Бо настане час, калі здаровага вучэння трымацца не будуць, а паводле сваіх хаце́нняў будуць выбіраць сабе настаўнікаў, якія б ла́шчылі слых;
і ад ісціны адве́рнуць вушы і зве́рнуцца да баек.
Але ты будзь пільны ва ўсім, цярпліва перанось беды, выконвай справу дабравесніка, здзяйсня́й служэнне сваё.
Бо я ўжо станаўлюся ахвя́раю, і час майго адыходу настаў.
Подзвігам добрым я падзвізаўся, шлях завяршыў, веру захаваў;
а цяпер прызна́чаны мне вянец праведнасці, які дасць мне Гасподзь, Суддзя праведны, у дзень той; і не толькі мне, але і ўсім, хто з любоўю чакае яўле́ння Яго.
Пастарайся прыйсці да мяне ў хуткім часе.
Бо Дзімас пакінуў мяне, узлюбіўшы цяперашні век, і пайшоў у Фесалоніку, Крыскент у Гала́тыю, Ціт у Далма́тыю; адзін Лука са мною.
Марка вазьмі і прывядзі з сабою, бо ён мне патрэбны для служэння.
Калі пойдзеш, прынясі плашч, які я пакінуў у Траадзе ў Карпа, і кнігі, асабліва перга́ментныя.
Меднік Аляксандр многа зла зрабіў мне. Няхай адпла́ціць яму Гасподзь паводле спраў яго!
Асцерагайся і ты яго, бо ён вельмі працівіўся нашым сло́вам.
Пры першым слу́ханні маёй справы нікога не было са мною, а ўсе мяне пакінулі. Няхай гэта не залíчыцца ім!
Але Гасподзь явіўся мне і ўмацаваў мяне, каб праз мяне распаўсю́дзілася дабравесце і пачулі яго ўсе язычнікі; і я быў вы́звалены з пашчы льва.
І збавіць мяне Гасподзь ад усякай справы ліхой і зберажэ для Свайго Нябеснага Царства. Яму слава на векі вякоў. Амінь.
Вітай Прыскілу і Акілу і дом Анісíфара.
Эраст застаўся ў Карынфе; а Трафіма я пакінуў хворага ў Міліце.
Пастарайся прыйсці да зімы. Вітаюць цябе Эвул і Пуд, і Лін і Клаўдзíя, і ўсе браты.
Гасподзь Іісус Хрыстос з духам тваім. Благадаць з вамі. Амінь.