Да Рымлянаў 6 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Антонія Бокуна
Што ж скажам? Ці заставацца нам у грэху, каб памножылася Багадаць?
Дык што скажам? Ці будзем заставацца ў граху, каб памножылася ласка? Няхай ня станецца!
Хай ня будзе (такога)! Мы, каторыя памерлі для грэху, як (жа) яшчэ будзем жыць у ім?
Мы, якія памерлі для грэху, як яшчэ будзем жыць у ім?
Ці ня ведаеце, што ўсе мы, якія ахрышчаны ў Хрыста Ісуса, у сьмерць Ягоную ахрышчаны?
Ці вы ня ведаеце, што ўсе мы, якія ахрысьціліся ў Хрыста Ісуса, у сьмерць Яго ахрысьціліся?
Такім чынам, мы пахаваныя зь Ім праз хрышчэньне ў сьмерць, каб, падобна як Хрыстос уваскрэшаны зь мёртвых славаю Бацькі, так (каб) і мы жылí ў абноўленым жыцьці.
Дык мы пахаваныя з Ім хрышчэньнем у сьмерць, каб, як Хрыстос уваскрос з мёртвых праз славу Айца, так і мы хадзілі ў абнаўленьні жыцьця.
Калі ж мы злучаны зь Ім падабенствам Ягонай сьмерці, тады будзем і (удзельнікамі Ягонага) уваскрэшаньня,
Бо калі мы сталіся злучанымі з Ім падабенствам сьмерці Яго, дык будзем [злучаны] і [падабенствам] уваскрасеньня,
ведаючы гэта, што стары наш чалавек раскрыжаваны зь (Ім), каб было зьнíшчана цела грэху, каб больш ня служыць нам грэху;
ведаючы тое, што стары наш чалавек укрыжаваны, каб зьнішчана было цела грэху, каб нам не служы́ць ужо грэху;
таму што памерлы (ёсьць) вызвалены ад грэху.
бо хто памёр, той апраўданы ад грэху.
Калі ж мы паме́рлі разам з Хрыстом, (то) верым, што і жыць будзем (разам) зь Ім,
А калі мы памерлі з Хрыстом, дык верым, што і жыць будзем з Ім,
ведаючы, што Хрыстос, будучы ўваскрэшаным зь мёртвых, (ужо) больш ня ўмірае, (бо) сьмерць ужо над Ім ня мае ўлады.
ведаючы, што Хрыстос, уваскросшы з мёртвых, больш не памірае, сьмерць больш над Ім не пануе.
А тое, што Ён аднойчы памёр, (азначае), што (Ён) памёр для грэху, а тое, што (Ён) жыве, (азначае) што (Ён) жыве для Бога.
Бо, што Ён памёр, памёр раз дзеля грэху, а што жыве, жыве дзеля Бога.
Такім чынам і вы прызнавайце сябе мёртвымі для грэху, а жывымі для Бога ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.
Гэтак і вы лічы́це сябе памёршымі дзеля грэху, а жывымі дзеля Бога ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.
Дык хай ня валадарыць грэх у сьмяротным целе вашым, каб вам слухацца яго ў пажадлівасьцях ягоных.
Дык няхай не валадарыць грэх у сьмяротным целе вашым, каб вам слухацца яго ў пажаданьнях ягоных.
І ня аддавайце чэлясаў вашых грэху, як сродкі няправеднасьці, але аддайце сябе Богу як із мёртвых ажыўшыя, і чэлясы вашыя Богу, як сродкі праведнасьці.
І не аддавайце грэху члены вашыя як зброю няправеднасьці, але аддайце сябе Богу як ажыўшых з мёртвых, і члены вашыя [аддайце] Богу як зброю праведнасьці.
Грэх ня будзе мець над вамі ўладу таму што вы ня знаходзіцеся пад Законам, але пад Багадацьцю.
Бо грэх ня будзе панаваць над вамі, бо вы не пад законам, але пад ласкаю.
Дык што? Будзем грашыць, таму што мы ёсьць ня пад Законам, але пад Багадацьцю? Хай ня будзе (такога)!
Дык што? Ці будзем грашыць, бо мы не пад законам, але пад ласкаю? Няхай ня станецца!
Хíба вы ня ведаеце, што каму вы аддаяце сябе ў рабы на паслушэнства, таму вы (і) рабы, каго слухаецеся: ці грэха — на сьмерць, ці паслушэнства (Богу) — на праведнасьць?
Ці вы ня ведаеце, што, каму вы аддаяцё сябе на службу, каб [быць яму] паслухмянымі, таго вы і слу́гі, каго слухаецеся: ці грэху — на сьмерць, ці паслухмянасьці — на праведнасьць.
Вы былі некалі рабамі грэху, але (цяпер), дзякуй Богу, што ад сэрца (вы) скарыліся пераданаму вам вобразу вучэньня.
Дзякуй Богу, што вы былі слугамі грэху, але сэрцам сталі паслухмянымі вобразу навукі, якому аддалі сябе.
І вызваліўшыся ад грэху вы сталі рабамі праведнасьці.
Вызваліўшыся ж ад грэху, вы сталіся слугамі праведнасьці.
Па-чалавечы кажу па прычыне немачы вашай плоці. Як аддавалі вы чэлясы вашыя ў слугі нячыстасьці і бяззаконьню на бяззаконьне, так цяпер аддайце чэлясы вашыя ў слугі праведнасьці для асьвячэньня.
Па-чалавечаму гавару дзеля нядужасьці цела вашага. Бо, як аддавалі вы члены вашыя на службу нячыстасьці і беззаконьню на беззаконьне, гэтак цяпер аддайце члены вашыя на службу праведнасьці на сьвятасьць.
Калі ж вы былі рабамі грэху, (тады вы) былі свабоднымі (ад) праведнасьці.
Бо калі вы былі слугамі грэху, былі вы вольнымі ад праведнасьці.
Які ж плод мелі вы тады? (Такія ўчынкі), якіх вы цяпер сароміцеся, таму што канец іхны — сьмерць.
Дык які плод вы мелі тады, што цяпер гэтага саромеецеся? Бо канец гэтакіх — сьмерць.
Цяпер жа вызваліўшыся ад грэху і стаўшы рабамі Богу, маеце плод ваш — на асьвячэньне, а канец (ягоны) — жыцьцё вечнае.
А цяпер, вызваліўшыся ад грэху і стаўшыся слугамі Бога, вы маеце плод свой на сьвятасьць, а канец — жыцьцё вечнае.
Бо расплата за грэх — сьмерць. А дар Бога — жыцьцё вечнае ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.
Бо плата за грэх — сьмерць, а дар [ласкі] Божай — жыцьцё вечнае ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.