Да Габрэяў 3 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 1999
Таму, браты сьвятыя, удзельнікі нябеснага прыклíканьня, пранікніцеся думкаю пра Пасланца (Неба) і Архірэя вызнаньня нашага — Хрыста Ісуса,
Дык, вось браты сьвятыя, удзельнікі нябеснага пакліканьня, пазнайце Апостала і Першасьвятара вызнаньня нашага, Езуса,
Які верны Таму, Хто паставіў Яго, як і Масея ва ўсім доме Ягоным.
бо Ён верны Таму, хто Яго стварыў, як і Майсей у-ва ўсім доме Яго.
Бо Ён у параўнаньні зь Масеям уганараваны большаю славаю, як мае большую чэсьць у параўнаньні з домам Той, Хто пабудаваў гэты дом;
Бо Ён прызнаны дастойным славы большае за Майсея, як большую славу мае ў параўнаньні з домам той, хто яго збудаваў.
бо ўсякі дом збудоўваецца некім; а Той, Хто збудаваў ўсё ёсьць Бог.
Кожны дом, вядома, некім пабудаваны, а вось Той, хто ўсё стварыў, ёсьць Бог.
І Масей верны ва ўсім доме Ягоным, як служка, бо сьведчыў пра тое што і належала апавясьціць;
І Майсей, вядома, верны быў у-ва ўсім доме Яго, як слуга, на сьведчаньне таго, што павінна было быць сказаным.
а Хрыстос — як Сын над домам Ягоным, дом жа Ягоны — мы, калі толькі адвагу і пахвалу надзеі цьвёрда да канца захаваем.
Хрыстос жа — як Сын у доме сваім. Дом жа гэты — мы, калі захаваем непахісны давер і слаўную надзею аж да канца.
Таму, як кажа Дух Сьвяты: «сёньня, калі пачуеце Голас Ягоны,
Таму вось што кажа Дух Сьвяты: "Сёньня, калі пачуеце голас Ягоны,
ня рабіце жорсткімі сэрцы вашыя, як у час мяцежнага нараканьня у дзень спакушэньня ў пустэльні,
не рабеце цьвёрдымі сэрцаў вашых, як у час узбунтаваньня, як у дзень спакушэньня на пустыні,
дзе спакушалі Мяне ба́цькі вашыя, выпрабоўвалі Мяне і бачылі Ўчынкі Мае сорак гадоў.
дзе спакушалі Мяне бацькі вашы, і выпрабоўвалі, хоць і бачылі даконы Мае праз сорак гадоў.
Таму Я ўгнявіўся на род той і сказаў: “заўсёды блукаюць яны сэрцам і ня пазналі Маіх шляхоў”.
Таму вось разгневаўся Я на гэта пакаленьне і сказаў: заўсёды блукаюцца яны сэрцам; не пазналі яны вось шляхоў Маіх.
Таму Я прысягнуўся ў гневе Маім: “ня ўвойдуць яны ў Супакой Мой!”»
Дык пакляўся Я ў гневе Маім: Ня ўвойдуць яны ў супачынак Мой".
Глядзіце, браты, каб ня ўвайшла ў каго з вас у сэрца загана нявер’я, каб ня адпасьці ад Бога Жывога.
Глядзіце, браты, каб не было між вас прыпадкам ліхога сэрца няверучага, што адступіцца ад Бога жывога,
Але падбадзёрвайце адзін воднага кожны дзень, дакуль (яшчэ) можна казаць «сёньня» (яшчэ ня позна), каб ня стаў хто з вас жорсткім праз падман грэху.
але заахвочвайце самі сябе што дня, пакуль трывае гэтае "сёньня", каб не зацьвярдзеў хто з вас праз падман грэху.
Бо мы сталіся супольнікамі Хрысту, калі толькі прынятае спачатку рашэньне цьвёрда захаваем да канца,
Бо супольнікамі Хрыста сталіся мы, калі толькі пачатае жыцьцё аж да канца захаваем,
пакуль можна казаць «сёньня» (яшчэ ня позна); і калі пачуеце голас Ягоны, ня зрабіце жорсткімі сэрцы вашыя, як у час смуты.
Бо кажа: "Сёньня, калі пачуеце голас Ягоны, не рабіце цьвёрдымі сэрцаў вашых, як у час узбунтаваньня".
Бо нікаторыя і пачуўшы (голас Ягоны) узбунтаваліся, але ня ўсе, хто выйшаў зь Ягіпту разам з Масеям.
Бо некаторыя, слухаючы, абураліся, але ня ўсе, што выйшлі з Эгіпту з Майсеем.
На каго ж гневаўся Ён сорак гадоў? Ці ні на тых, што зграшылі, чые косткі паляглі ў пустэльні?
На каго ж гневаўся Ён праз сорак гадоў? Ці не на тых, што саграшылі, чые косьці параскіданы па пустыні?
Каму ж Ён пакляўся, што ня ўвойдуць у супакой Ягоны, калі ні няпакорлівым?
А каму ж гэта пакляўся, што ня ўвойдуць ў супачынак Ягоны, калі ня тым, што не паверылі?
І мы бачым, што яны ня змаглі ўвайсьці праз няверства.
І бачым, што не змаглі ўвайсьці праз недаверства.