Да Габрэяў 3 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 1999
Таму, браты сьвятыя, супольнікі нябеснага пакліканьня, уразумейце Пасланца і Першасьвятара вызнаньня нашага, Ісуса Хрыста,
Дык, вось браты сьвятыя, удзельнікі нябеснага пакліканьня, пазнайце Апостала і Першасьвятара вызнаньня нашага, Езуса,
Які верны Таму, Хто паставіў Яго, як і Майсей ва ўсім доме Ягоным.
бо Ён верны Таму, хто Яго стварыў, як і Майсей у-ва ўсім доме Яго.
Ён бо варты тым большае славы перад Майсеем, чым большы гонар мае ў параўнаньні з домам той, хто ўладкаваў яго;
Бо Ён прызнаны дастойным славы большае за Майсея, як большую славу мае ў параўнаньні з домам той, хто яго збудаваў.
бо кожны дом ладкуецца некім; а Хто ўладкаваў усё, ёсьць Бог.
Кожны дом, вядома, некім пабудаваны, а вось Той, хто ўсё стварыў, ёсьць Бог.
І Майсей верны ўва ўсім доме Ягоным, як службіт, на сьведчаньне таго, што трэба было абвясьціць.
І Майсей, вядома, верны быў у-ва ўсім доме Яго, як слуга, на сьведчаньне таго, што павінна было быць сказаным.
А Хрыстос — як Сын у доме Ягоным; а дом Ягоны — мы, калі толькі адвагу і спадзяваньне, якімі хвалімся, цьвёрда захаваем да канца.
Хрыстос жа — як Сын у доме сваім. Дом жа гэты — мы, калі захаваем непахісны давер і слаўную надзею аж да канца.
Чаму, як кажа Дух Сьвяты, «сёньня, як пачуеце голас Ягоны,
Таму вось што кажа Дух Сьвяты: "Сёньня, калі пачуеце голас Ягоны,
не зжарсьцьвеце сэрцаў вашых, як у час смуты, у дзень спакушэньня ў пустыні,
не рабеце цьвёрдымі сэрцаў вашых, як у час узбунтаваньня, як у дзень спакушэньня на пустыні,
дзе спакушалі мяне бацькі вашы, выпрабоўвалі Мяне і бачылі дзеі Мае сорак гадоў.
дзе спакушалі Мяне бацькі вашы, і выпрабоўвалі, хоць і бачылі даконы Мае праз сорак гадоў.
Таму Я і ўгневаўся на той род, і сказаў: «няспынна блукаюць сэрцам, ня зьведалі яны пуцявінаў Маіх;
Таму вось разгневаўся Я на гэта пакаленьне і сказаў: заўсёды блукаюцца яны сэрцам; не пазналі яны вось шляхоў Маіх.
таму я прысягнуў у гневе Маім, што яны ня ўвойдуць у спачын Мой».
Дык пакляўся Я ў гневе Маім: Ня ўвойдуць яны ў супачынак Мой".
Глядзеце, браты, каб ня было ў кім у вас сэрца ліхога і нявернага, каб вам не адступіцца ад Бога жывога.
Глядзіце, браты, каб не было між вас прыпадкам ліхога сэрца няверучага, што адступіцца ад Бога жывога,
А настаўляйце адно аднаго кожны дзень, пакуль можна казаць «сёньня», каб хто з вас не зжарсьцьвеў, зьвёўшыся грэхам;
але заахвочвайце самі сябе што дня, пакуль трывае гэтае "сёньня", каб не зацьвярдзеў хто з вас праз падман грэху.
Бо мы зрабіліся супольнікамі Хрысту, калі толькі пачатае жыцьцё цьвёрда ўтрымаем да канца,
Бо супольнікамі Хрыста сталіся мы, калі толькі пачатае жыцьцё аж да канца захаваем,
пакуль гаворыцца: «сёньня, як пачуеце голас Ягоны, не зжарсьцьвеце сэрцаў вашых, як у час смуты».
Бо кажа: "Сёньня, калі пачуеце голас Ягоны, не рабіце цьвёрдымі сэрцаў вашых, як у час узбунтаваньня".
Бо некаторыя, што чулі, пачалі абурацца; але ня ўсе, што выйшлі зь Егіпта з Майсеем.
Бо некаторыя, слухаючы, абураліся, але ня ўсе, што выйшлі з Эгіпту з Майсеем.
На каго ж гневаўся Ён сорак гадоў? Хіба не на тых, што зграшылі, чые косьці засталіся ў пустыні?
На каго ж гневаўся Ён праз сорак гадоў? Ці не на тых, што саграшылі, чые косьці параскіданы па пустыні?
Супроць каго прысягаў, што ня ўвойдуць у спачын Ягоны, калі ня супроць непакорлівых?
А каму ж гэта пакляўся, што ня ўвойдуць ў супачынак Ягоны, калі ня тым, што не паверылі?
І вось, бачым, што яны не маглі ўвайсьці за няверства.
І бачым, што не змаглі ўвайсьці праз недаверства.