Да Габрэяў 4 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 1999
А таму будзем асьцерагацца, каб, калі яшчэ застаецца абяцаньне ўвайсьці ў спачын Ягоны, ня сталася, што нехта з вас ужо спазьніўся.
Высьцерагаймася тады таго, каб, калі яшчэ трывае абяцаньне ўвайсьці ў Ягоны супачынак, не падумаў хто з вас часам, што яго пазбаўлены.
Бо і нам яно абвешчана, як і тым; але не дало ім карысьці слова чутае, не спалучанае зь вераю тых, якія чулі.
Бо і нам абвешчана добрая вестка таксама як і тым, але не дало карысьці ім чутае слова, бо не спалучана было яно з вераю тых, якія гэта слова чулі.
А ўваходзім у спачын мы, якія ўверавалі, як Ён і сказаў: «Я прысягнуў у гневе Маім, што яны ня ўвойдуць у спачын Мой», хоць дзеі Ягоныя былі зьдзейсьнены яшчэ на пачатку сьвету.
Бо мы, паверыўшыя, уваходзім у супачынак, бо Ён сказаў: "Як пакляўся Я ў гневе Маім: Ня ўвойдуць яны ў супачынак Мой", хоць даконы Ягоныя былі скончаныя ад заснаваньня сьвету.
Бо дзесьці сказана пра сёмы дзень так: «і спачыў Бог у дзень сёмы ад усіх дзеяў Сваіх».
Бо Ён сказаў у адным месцы пра сёмы дзень так: "І супачыў Бог у сёмы дзень ад усіх дзеяньняў сваіх".
І яшчэ тут: «ня ўвойдуць у спачын Мой».
І вось яшчэ зноў: "Ня ўвойдуць яны ў супачынак Мой".
І вось, як некаторым застаецца ўвайсьці ў яго, а тыя, каму раней абвешчана, не ўвайшлі ў яго за непакорлівасьць,
Дык вось застаецца, што ўвойдуць у супачынак некаторыя, а тыя, якім было раней абвешчана, не ўвайшлі з прычыны непаслухмянства свайго.
дык яшчэ вызначае пэўны дзень, «сёньня», кажучы праз Давіда, пасьля такога доўгага часу, як вышэй сказана: «сёньня, як пачуеце голас Ягоны, не зжарсьцьвеце сэрцаў вашых».
Дык зноў вызначае Ён нейкі дзень, "Сёньня", кажучы праз Давіда па некаторым часе, як і перад гэтым было сказана: "Сёньня, калі пачуеце голас Ягоны, не рабіце цьвёрдымі сэрцаў вашых".
Бо калі б Ісус сын Нава даў ім спачын, дык ня было б сказана пасьля таго пра іншы дзень.
Калі б Ёзуэ ўвёў іх у супачынак, ніколі б не гаварыў (Бог) пра іншы дзень пасьля гэтага.
Таму народу Божаму яшчэ застаецца субоцтва.
Дык пакідаецца адпачынак (суботы) для народу Божага.
Бо, хто ўвайшоў у спачын Ягоны, той і сам спачыў ад дзеяў сваіх, як і Бог ад Сваіх.
Бо хто ўвайшоў у супачынак Ягоны, таксама супачне ад працы сваёй, як і Бог ад сваёй.
Дык вось, пастараймася ўвайсьці ў спачын той, каб хто на той самы прыклад не падупаў непакорлівасьці.
Дык стараймася ўвайсьці ў супачынак гэты, каб хто-небудзь не папаўся ў той самы прыклад непаслухмянасьці.
Бо слова Божае жывое і дзейснае і вастрэйшае за любы меч двусечны: яно пранікае да разьдзяленьня душы і духа, суглобаў і мозгу, і судзіць помыслы і намеры сардэчныя.
Бо жывое Слова Божае і дзейснае, і вастрэйшае ад усякага мяча двусечнага, і пранікае ажно да разьдзяленьня душы і духа, саставаў і шпіку, і судзіць думкі і намеры сэрца.
І няма стварэньня, схаванага ад Яго, а ўсё аголена і адкрыта прад вачыма Ягонымі: Яму дамо адказ.
Ніводнае тварэньне перад ім не схаваецца, усё вачам Яго абнажона і адкрыта, Яму належыцца ад нас разрахунак.
І вось, маючы Першасьвятара вялікага, Які прайшоў нябёсы, Ісуса Сына Божага, будзем цьвёрда трымацца веравызнаньня нашага.
Маючы вось Першасьвятара вялікага, прайшоўшага праз неба, Езуса, Сына Божага, трымаймася моцна вызнаньня.
Бо мы маем не такога Першасьвятара, Які ня мог бы спагадаць нам у немачах нашых, а Такога, Які, як і мы, дасьведчаны ва ўсім, акрамя грэху.
Бо маем мы не такога Першасьвятара, які б ня мог нам спачуваць у нашых немачах, але падобна нам, спакушанага ў-ва ўсім, апроч грэху.
Таму прыступайма з адвагаю да трона мілаты, каб атрымаць міласьць і здабыць мілату на своечасовую дапамогу.
Хадзем жа тады з даверам да Ягонага трону ласкі атрымаць міласэрдзе і знайсьці ласку патрэбнай дапамогі.