Да Габрэяў 7 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 1999
Бо Мелхісэдэк, цар Саліма, сьвятар Бога Ўсявышняга, — той, які сустрэў Абрагама і дабраславіў яго, калі гэты вяртаўся пасьля паражэньня цароў,
Гэты вось Мэльхісэдэх, кароль Салему, сьвятар Бога Найвышэйшага, выйшаў на спатканьне Абрагама, які вяртаўся пасьля разгрому каралёў, і багаславіў яго.
якому і дзесяціну выдзеліў Абрагам з усяго, — па-першае, згодна са значэньнем імя — цар праўды, а потым і цар Саліма, што азначае — цар сьвету,
Яму таксама даў Абрагам дзесяціну з усяго (здабытку). Імя яго абазначае, па-першае кароль справядлівасьці, а потым і кароль Салему, што значыць: кароль Супакою.
бяз бацькі, бяз маці, без радаводу, ня маючы ні пачатку дзён, ні канца жыцьця, прыпадобнены да Сына Божага, застаецца сьвятаром назаўсёды.
Бяз бацькі, бяз маці, без радаводу, без пачатку дзён і ня маючы канца жыцьця, ён упадобніўся Сыну Божаму і застаецца сьвятаром навекі.
Бачыце, які вялікі той, каму і Абрагам-патрыярх даў дзесяціну з найлепшых здабыткаў сваіх.
Дык бачыце, які вялікі той, каму патрыярх Абрагам даў дзесяціну з усяго здабытку.
Тыя з сыноў Левііных, што прымаюць сьвятарства, маюць запаведзь — браць па законе дзесяціну з народу, гэта значыць, са сваіх братоў, хоць і гэтыя паходзяць са сьцёгнаў Абрагамавых.
Дык і тыя з сыноў Левія, што атрымоўваюць сьвятарства, маюць права браць дзесяціны з народу паводле закону, значыць ад братоў сваіх, хоць і яны выводзяцца з паясьніцы Абрагама.
Але гэты, які не паходзіць з роду іхняга, узяў дзесяціну з Абрагама і дабраславіў таго, хто меў абяцаньні.
Той жа не залічаўся да іх роду, узяў аднак дзесяціну ад Абрагама і таго, які меў абяцаньне, пабагаславіў.
Бяз усякага супраціву меншага дабраслаўляе большы.
Без ніякай супярэчнасьці той, хто меншы, багаславіцца старэйшым.
І тут дзесяціны бяруць людзі сьмяротныя, а там той, хто мае пра сябе сьведчаньне, што ён жыве.
І тут людзі сьмяротныя бяруць дзесяціны, а там той, хто мае сьведчаньне, што жыве.
І, можна сказаць, сам Левій, які бярэ дзесяціну, у асобе Абрагама даў дзесяціну:
І калі можна так сказаць, таксама і Леві, які бярэ дзесяціны, аддаў дзесяціну ў асобе Абрагама,
бо ён быў яшчэ ў сьцёгнах у бацькі, калі Мелхісэдэк спаткаў яго.
бо ён яшчэ быў у паясьніцы бацькі, калі Мэльхісэдэх выйшаў яму насустрач.
І вось, калі б дасканаласьць дасягалася празь лявіцкае сьвятарства, — бо зь ім спалучаны закон народу, — дык якая яшчэ была б патрэба зьяўляцца іншаму сьвятару па чыне Мелхісэдэка, а не па чыне Абрагамавым звацца?
Калі б дасканаласьць дасягальнай была праз сьвятарства левітаў, народ бо атрымаў закон, які абапіраецца на ім, то пашто было ўстанаўляць яшчэ іншага сьвятара на ўзор Мэльхісэдэха, а не на ўзор Аарона?
Бо зь пераменаю сьвятарства павінен перамяніцца і закон,
Бо са зьменай сьвятарства павінен зьмяніцца і закон.
бо Той, пра Якога гаворыцца гэта, належаў да іншага роду, зь якога ніхто ня служыў каля ахвярніка;
Той, пра якога тут гаворыцца, паходзіць з іншага пакаленьня, з якога ніхто не служыў пры аўтары.
бо вядома, што Гасподзь наш зазьзяў з роду Юдавага, пра які Майсей нічога не сказаў адносна сьвятарства.
Ведама ж, што з Юды паходзіць наш Госпад, а Маісей нічога не казаў аб сьвятарах з гэтага пакаленьня.
І гэта яшчэ ясьней відаць з таго, калі ў падабенстве Мелхісэдэкавым паўстае сьвятар іншы,
Дык гэта яшчэ больш выразным становіцца, калі на ўзор Мэльхісэдэха выступае іншы сьвятар,
які стаўся такім не паводле закона запаведзі цялеснай, а з моцы жыцьця няспыннага.
каторы не паводле закону цела стаўся такім, але паводле моцы нязьменнага жыцьця.
Бо засьведчана: «Ты сьвятар навекі па чыне Мелхісэдэка».
Бо вось прыводзіцца сьведчаньне аб ім: "Ты — сьвятар навекі на ўзор Мэльхісэдэха".
А скасаваньне ранейшай запаведзі бывае з прычыны яе нямоцнасьці і непатрэбнасьці,
Такім чынам касуецца папярэдні закон дзеля яго кволасьці і некарыснасьці.
бо закон нічога не давёў да дасканаласьці; але ўводзіцца лепшая надзея, празь якую мы набліжаемся да Бога.
Нічога бо не давёў той закон да дасканаласьці, але быў аднак уступам лепшай надзеі, праз якую набліжаемся да Бога.
А як гэта было не бяз прысягі, —
Тым больш, што сталася гэта ня без прысягі, бо тыя ставаліся сьвятарамі без прысягі,
бо тыя былі сьвятарамі бяз прысягі, а Гэты з прысягаю, бо пра яго сказана: «прысягаўся Гасподзь і не раскаецца: Ты сьвятар навекі па чыне Мелхісэдэка»,
а гэты — з прысягаю Таго, які сказаў Яму: "Запрысяг Госпад і не пашкадуе: Ты — сьвятар навекі".
дык і лепшага запавету заручнікам стаўся Ісус.
Вось чаму Езус стаў Паручыцелем лепшага запавету.
Прытым тых сьвятароў было многа, бо сьмерць не дапускала быць аднаму;
І тых многа ставалася сьвятарамі, таму што сьмерць спыняла іх існаваньне;
а Гэты, як што жыве вечна, мае і сьвятарства непрамінушчае,
Гэты праз тое, што трывае вечна, мае сьвятарства непераходзячае.
таму і можа заўсёды ратаваць тых, якія прыходзяць празь Яго да Бога, Які заўсёды жывы, каб хадайнічаць за іх.
Дзеля таго і збаўляць можа Ён назаўсёды прыступаючых праз Яго да Бога, заўсёды жывы, каб за нас заступацца.
Такі і павінен быць у нас Першасьвятар: сьвяты, несаўдзельны злу, беззаганны, далёкі ад грэшнікаў і ўзьнесены вышэй за нябёсы,
Такога вось належылася мець нам Першасьвятара, сьвятога, нявіннага, беззаганнага, аддзеленага ад грэшнікаў і ўзвышанага па-над неба,
Які ня мае патрэбы, як тыя першасьвятары, штодня прыносіць ахвяры сьпярша за свае грахі, а потым за грахі народу; бо Ён гэта зрабіў аднаго разу, ахвяраваўшы Самім Сабою.
які не павінен, як іншыя першасьвятары, складаць штодзень ахвяры перш за свае грахі, а пасьля — за грахі народу, бо гэта Ён зрабіў раз на заўсёды, складаючы (у ахвяру) самога сябе.
Бо закон устаноўлівае першасьвятарамі людзей немачных; а слова прысяжнае, пасьля закона, паставіла Сына, навек дасканалага.
Закон бо стаўляе першасьвятарамі людзей кволых, слова ж прысягі, дадзенай пасьля закону, паставіла Сына, дасканалага на-векі.