Да Габрэяў 11 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 1999
А вера ёсьць зьдзяйсьненьне чаканага і ўпэўненасьць у нябачным.
Вера — гэта зарука чаканага і пэўнасьць у рэчах, якіх ня бачым.
У ёй засьведчаны продкі.
Дзякуючы веры продкі атрымалі сьведчаньне.
Вераю спазнаём, што вякі створаны словам Божым, так што зь нябачнага пайшло бачнае.
Вераю пазнаём, што Словам Божым наладжаны вякі, каб з нябачных паўсталі рэчы, якія мы бачым.
Вераю Авель прынёс Богу ахвяру лепшую, ніж Каін; ён атрымаў сьведчаньне, што ён праведны, як засьведчыў Бог пра дары ягоныя; ёю ён і пасьля сьмерці гаворыць яшчэ.
Праз веру Абель прынёс Богу лепшую ахвяру, чым Каін, праз што атрымаў сьведчаньне, што ён справядлівы. Бог бо засьведчыў пра яго дары, і хоць ён памёр, верай дагэтуль гаворыць.
Вераю Энох пераселены быў так, што ня бачыў сьмерці; і ня стала яго, таму што Бог перасяліў яго. Бо раней перасяленьня свайго атрымаў ён сьведчаньне, што дагадзіў Богу.
Вераю Генох перанесены быў, каб ня бачыў сьмерці, і не знайшлі яго, бо забраў яго Бог; бо перад узяцьцем меў сьведчаньне, што ён мілы Богу.
А бязь веры дагадзіць Богу немагчыма; бо трэба, каб той, хто прыходзіць да Бога, верыў, што Ён ёсьць, і шукальнікам Яго дасьць.
А бяз веры немагчыма падабацца (Богу). Бо трэба верыць, шукаючы Бога, што Ён ёсьць і шукаючым Яго дае нагароду.
Вераю Ной, атрымаўшы абвешчаньне пра тое, што яшчэ ня было бачна, богабаязна збудаваў каўчэг на выратаваньне дому свайго; ёю асудзіў ён (увесь) сьвет і зрабіўся спадкаемцам праведнасьці па веры.
Вераю атрымаў Ной аб'яўленьне аб тым, чаго яшчэ ня бачана, і з боязьні пабудаваў каўчэг на выратаваньне сям'і сваёй. Вераю асудзіў ён сьвет і праз веру стаўся ўдзельнікам справядлівасьці, якая верай здабываецца.
Вераю Абрагам паслухаўся наказу ісьці ў краіну, якую меўся атрымаць у спадчыну, і пайшоў, ня ведаючы, куды ідзе.
Вераю пакліканы Абрагам паслухаўся пайсьці ў месца, якое павінен быў атрымаць у спадчыну, і выйшаў, ня ведаючы, куды ідзе.
Вераю жыў ён на зямлі абяцанай, як на чужой, і жыў у намётах зь Ісаакам і Якавам, супольнымі спадкаемцамі таго самага абяцаньня;
Вераю асеў ён у Зямлі Абяцанай, як у чужой, у палатках пражываючы з Ізаакам і Якубам, са спадкаемцамі таго ж самага абяцаньня.
бо ён чакаў горада, які мае аснову, дойлід і будаўнік якога Бог.
Спадзяваўся бо на горад, які мае моцныя фундаманты, будаўнічы якога і творца — Бог.
Вераю і сама Сарра (будучы бясплодная) атрымала сілу на прыняцьце семені і не па часе ўзросту нарадзіла; бо ведала, што верны Той, Хто абяцаў.
Вераю тая самая Сара, бясплодная, ня гледзячы на ўзрост, атрымала моц на пачацьце патомка, бо паверыла, што верны Той, які даў абяцаньне.
І таму ад таго, і прытым амярцьвелага, паўстала так многа, як многа зорак на небе і як безьліч пяску на беразе марскім.
Дзеля таго і ад аднаго кволага чалавека, і амярцьвелага, нарадзілася шмат, як зорак на небе і як пяску незлічонага на беразе мора.
Усе гэтыя памерлі ў веры, не атрымаўшы абяцаньняў, а толькі здалёк глядзелі, і радаваліся, і казалі пра сябе, што яны вандроўнікі і прыхадні на зямлі;
Усе тыя памерлі ў веры, не атрымаўшы таго, што ім было абяцана, толькі здалёк аглядаючы тое абяцанае, вітаючы і вызнаючы, што на зямлі яны толькі вандроўнікі і госьці.
бо тыя, якія так кажуць, паказваюць, што яны шукаюць бацькаўшчыны.
Бо каторыя так кажуць, паказваюць, што шукаюць праўдзівай бацькаўшчыны.
І калі б яны мелі наўме тую бацькаўшчыну, зь якое выйшлі, дык мелі б час вярнуцца;
Калі ж бы тую ўспаміналі, з якой выйшлі, знайшлі б магчымасьць у яе вярнуцца.
але яны імкнуліся да лепшага, гэта значыцца, да нябеснага; таму і Бог не саромеецца іх, называючы Сябе іхнім Богам: бо Ён падрыхтаваў ім горад.
Але яны тужаць па лепшай, гэта значыць па нябеснай. Вось таму Бог не саромеецца называць сябе іх Богам, бо падрыхтаваў ім горад.
Вераю Абрагам, будучы спакушаны, прынёс у ахвяру Ісаака і, маючы абяцаньне, прынёс адзінароднага,
Вераю ахвяраваў Абрагам Ізаака, выстаўлены на спробу, і то адзінага сына склаў у ахвяру, хаця ён і атрымаў абяцаньне,
пра якога было сказана: «у Ісааку табе семя»;
і яму было сказана: "Ад Ізаака будзе названа тваё патомства".
бо ён думаў, што Бог моцны і зь мёртвых уваскрэсіць, таму і атрымае яго са сьмерці.
Верыў жа ён, што і памёршага можа Бог уваскрасіць; дзеля таго дастаў яго (назад) як сымбаль.
Вераю ў будучыню Ісаак дабраславіў Якава і Ісава.
Вераю ў будучае пабагаславіў Ізаак Якуба і Эзава.
Вераю Якаў, паміраючы, дабраславіў кожнага сына Язэпавага і пакланіўся, абапершыся на жазло сваё.
Вераю Якуб, паміраючы, пабагаславіў кожнага з сыноў Язэпа і пакланіўся перад верхам кія свайго.
Вераю Язэп пры сконе нагадаў пра выхад сыноў Ізраілевых, наказаў пра косьці свае.
Вераю Язэп, паміраючы, успомніў аб выхадзе сыноў Ізраэля і даў даручэньне адносна сваіх касьцей.
Вераю Майсей пасьля нараджэньня тры месяцы хаваны быў бацькамі сваімі; бо бачылі яны, што дзіця цудоўнае, і не спалохаліся царскага загаду.
Вераю Майсей быў укрываны бацькамі сваімі на працягу трох месяцаў ад свайго нараджэньня, бо бачылі, што прыгожае ёсьць дзіцятка, і не спалохаліся загаду фараона.
Вераю Майсей, у сталым веку, адмовіўся называцца сынам дачкі фараонавай,
Вырасшы, Маісей вераю запярэчыў, што ён — сын дачкі фараона,
і лепей захацеў пакутаваць з народам Божым, чым мець часовую, грахоўную асалоду,
лепш выбіраючы перасьледаваньне разам з народам Божым, чым мець часовую прыемнасьць грэху.
і зьневажаньне Хрыстовае палічыў большым сабе багацьцем, чым Егіпецкія скарбы; бо ён глядзеў на аддзяку.
Лічыў бо за большае багацьце зьнявагі Хрыстовыя, чым скарбы Эгіпецкія, бо памятаў аб узнагародзе.
Вераю пакінуў ён Егіпет, не пабаяўшыся гневу царскага; бо ён, як бы бачачы Нябеснага, быў цьвёрды.
Вераю пакінуў ён Эгіпет, не збаяўшыся злосьці фараонскае; вытрываў, як быццам бачачы Нябачнага.
Вераю справіў ён пасху і праліцьцё крыві, каб вынішчальнік першынцаў не крануў іх.
Вераю справіў Пасху і апырскваньне крывёй, каб не крануўся іх той, які пазабіваў усё першароднае.
Вераю перайшлі яны Чэрмнае мора, як па сушы, — на што рызыкнуўшы, Егіпцяне патанулі.
Вераю перайшлі яны Чырвонае Мора, як быццам па сухой зямлі, калі ж спрабавалі гэта зрабіць Эгіпцяне, патапіліся.
Вераю ўпалі сьцены Ерыхонскія пасьля сямідзённай аблогі.
Вераю паразвальваліся муры Ерыхона, калі абыходзілі іх вакол сем дзён.
Вераю Рааў-распусьніца, мірна прыняўшы выведнікаў (і правёўшы іх іншай дарогаю), не загінула зь нявернымі.
Вераю блудніца Рагаб не прапала разам з няверучымі, бо гасьцінна прыняла выведчыкаў.
І што яшчэ скажу? Ня хопіць мне часу, каб распавядаць пра Гедэона, пра Варака, пра Самсона і Яфая, пра Давіда, Самуіла і (іншых) прарокаў,
Ды што яшчэ маю сказаць? Не хапіла б часу расказваць пра Гедэона, Барака, Самсона, Ефтэ, Давіда, Самуэля і прарокаў,
якія вераю перамагалі царствы, тварылі праўду, атрымлівалі абяцаньні, замыкалі пашчы львам,
якія вераю перамагалі каралеўствы, аказвалі справядлівасьць, атрымоўвалі абяцаньні, закрывалі ляпы львам,
тушылі сілу вагню, пазьбягалі вострага меча, мацаваліся ад немачы, былі моцныя на вайне, праганялі кагорты чужынцаў;
тушылі полымя агню, усьцерагаліся сьмерці ад мяча, ачуньвалі ад немачы, былі стойкімі ў баях, змушаючы ўцякаць дружыны ворагаў.
жонкі атрымлівалі нябожчыкаў сваіх уваскрэслымі; а іншыя замучаны былі, ня прыняўшы вызваленьня, каб атрымаць лепшае ўваскрэсеньне;
(Праз іх) жонкі атрымлівалі сваіх памёршых уваскросшымі. Іншыя былі замучаны, не прыняўшы асвабаджэньня, каб атрымаць лепшае ўваскрасеньне;
іншыя перанесьлі зьдзекі і пабоі, а таксама кайданы і цямніцу.
іншыя ж нацярпеліся зьдзекаў і біцьця і ды яшчэ кайданаў ды вастрогаў,
Былі пабіваныя камянямі, пілаваныя, катаваныя, паміралі ад меча, блукалі ў авечых і казіных скурах, цярпелі нястачы, уціскі, азлабленьне;
каменавалі іх і рэзалі, гінулі яны ад мяча, туляліся ў авечых і казьліных скурах, жылі ў горы, нястачах і прыгнёце.
тыя, каго ўвесь сьвет ня быў варты, блукалі па пустынях і горах, па пячорах і цясьнінах зямных.
Не варты быў іх сьвет, блукаліся па пустынях, па гарах, у пячорах і шчылінах зямлі.
І ўсе гэтыя, засьведчаныя ў веры, не атрымалі абяцанага,
І ўсе гэтыя, атрымаўшы сьведчаньне праз веру, не атрымалі абяцаньня,
таму што Бог прадугледзеў нам нешта лепшае, каб яны не бяз нас дасягнулі дасканаласьці.
дзеля таго, што Бог прадбачыў для нас нешта лепшае, каб яны не бяз нас дасягнулі дасканаласьці.