Да Габрэяў 12 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 1999
Таму і мы, маючы вакол сябе такую хмару сьведкаў, скінем зь сябе ўсякі цяжар і грэх, які аблытвае нас, і цярпліва будзем праходзіць праз поле змаганьня, якое ляжыць перад намі,
Дзеля таго і мы, маючы вакол сябе такое мноства сьведкаў, адкінуўшы ўсякі цяжар і блутаючы нас грэх, будзем цярпліва бегчы ў вызначаным нам змаганьні,
гледзячы на Пачынальніка і Спраўцу веры, Ісуса, Які, дзеля радасьці, што была перад Ім, прыняў крыж, пагардзіўшы ганьбаю, і сеў праваруч трона Божага.
гледзячы на пачынальніка і ажывіцеля, крыніцу і завяршыцеля веры, Езуса, які замест радасьці, што была перад Ім, перанёс крыж, ня гледзячы на ганьбу (яго), і сеў праваруч трону Божага.
Падумайце пра Таго, Хто перацерпеў такі над Сабою глум ад грэшнікаў, каб вам не зьнемагчы і не паслабіцца душамі вашымі.
Разважце тады пра Яго, які з боку грэшнікаў перанёс такую страшную нянавісьць адносна сябе, каб і вы не аслабелі, калі вам сілы душы ня стане.
Вы яшчэ не да крыві змагаліся, адольваючы грэх,
Вы яшчэ не да крыві ваявалі, змагаючыся супраць грэху,
і забылі суцяшэньне, якое прапануецца вам, як сынам: «Сыне мой! не пагрэбуй караю Гасподняй і не маркоціся, калі Ён выкрывае цябе.
і забыліся аб перасьцярозе, якую вам, як дзецям, напамінае, кажучы: "Сыне мой, ня грэбуй карай Госпада, ня падай духам, калі Ён цябе выпрабоўвае;
Бо Гасподзь, каго любіць, таго і карае; а б’е кожнага сына, якога прымае».
каго бо Госпад любіць, таго і карае, ды б'е кожнага сына, якога прыймае".
Калі вы прымаеце кару, дык Бог учыняе з вамі, як з сынамі. Бо ці ёсьць які сын, якога б не караў бацька.
Калі вы церпіце кары, дык Бог абыходзіцца з вамі як з сынамі. Які ж бо гэта быў сын, каб яго бацька не навучаў?
Калі ж застаяцеся без пакараньня, якое ўсім агульнае, дык вы — няпраўныя дзеці, а ня сыны.
Але калі вы будзеце без пакараньня, удзельнікамі якога сталіся ўсе, то гэта значыць, што не сыны вы, а байструкі.
Прытым, калі мы, караныя цялеснымі бацькамі нашымі, баяліся іх, дык ці ж не намнога больш павінны скарыцца Айцу духаў, каб жыць?
Адсюль, калі мы бацькоў цела нашага мелі, якія нас вучылі, і шанавалі іх, дык ці ня шмат больш павінны мы падпарадкоўвацца Айцу духаў і жыць.
Тыя каралі нас самохаць на некалькі дзён; а Гэты — дзеля карысьці, каб мы мелі супольнасьць у сьвятасьці Ягонай.
І тыя навучалі нас, як самі бачылі, на кароткі час, Той жа робіць для дабра нашага, каб зрабіць нас удзельнікамі сваёй сьвятасьці.
Усякае пакараньне ў цяперашні час здаецца ня радасьцю, а журбою; але пасьля навучаным празь яе дае мірны плод праведнасьці.
Усякае пакараньне цяпер падаецца ня радасьцю, а сумам, але пасьля павучаным дасьць добры плод справядлівасьці.
Таму «ўмацуйце зьняможаныя рукі й калені»
Дзеля таго выпрастуйце апушчаныя рукі і самлелыя калені
і «хадзеце проста нагамі вашымі, каб кульгавае ня збочыла, а лепшае выправілася».
і простыя рабіце крокі нагамі вашымі, каб хто кульгавы ня зьбіўся з дарогі, а лепш паздаравеў.
Старайцеся мець мір з усімі і сьвятасьць, безь якое ніхто не пабачыць Госпада.
Будзьце ў згодзе з усімі і ўсьвячайцеся, без гэтага бо ніхто ня ўбачыць Бога.
Сачэце, каб хто ня страціў мілаты Божае; каб які «горкі корань, калі вырасьце, не нарабіў шкоды», і каб ім не апаганіліся многія»;
Пільнуйцеся, каб не згубіў хто ласкі Божай, каб які горкі корань, вырасшы ўверх, не заглушыў яе, і праз гэта каб не спракудзіліся многія,
каб ня было паміж вамі якога распусьніка, альбо бязбожніка, які, нібы Ісаў, за адну ежу адмовіўся ад свайго першародства.
каб ня стаў хто распусьнікам або легкадумным, як той Эзаў, які за адну страву выракся свайго перашародзтва.
Бо вы ведаеце, што пасьля таго ён, хочучы ўспадкаваць дабраславеньне, быў адкінуты; ня мог перамяніць думак бацькі, хоць і прасіў за тое сьлёзна.
Бо ведаеце, што пасьля, жадаючы атрымаць багаславенства, быў адхілены, бо не знайшоў месца навярненьня, хоць і шукаў яго са сьлязамі.
Вы падступіліся не да гары, да якой можна дакрануцца, і ўспалымнёнай вагнём, не да цемры і змроку і буры,
Бо вы не прыступіліся да гары дакранальнай і палаючага агню, і шалеючага ветру ды туману і буры
не да трубнага гуку і голасу словаў, пры якім слухачы прасілі, каб ніякіх словаў ім больш не казалі,
і гуку трубы і гоману словаў, ад якога чуўшыя, прасіліся, каб не гаварылася да іх слова.
бо яны не маглі вытрываць таго, што запавядалася: «калі і зьвер дакранецца да гары, будзе пабіты камянямі, (альбо пацэлены стралою);
Бо ня вытрымалі таго, што ім загадана было: "Нават калі жывёла дакранецца да гары, будзе ўкаменаваная".
і такое вусьцішнае было гэта зьявішча, што і Майсей сказаў: «я ў страху і ў трымценьні».
І так страшным было тое, што бачылі, што Майсей сказаў: "Перапалоханы я і дрыжу".
Але вы падступіліся да гары Сіёна і да горада Бога жывога, да нябеснага Ерусаліма і да процьмы анёлаў,
Але вы прыступіліся да гары Сыёну і горада Бога жывога, нябеснага Ерузаліму і безьлічы анёлаў, да зграмаджэньня
да пераможнага сабора і Царквы першынцаў, напісаных на нябёсах, і да Судзьдзі ўсіх Бога, і да духаў праведнікаў, якія дасягнулі дасканаласьці,
і да царквы першародных, якія запісаны ў небе, і да Бога, Суддзі ўсіх, і да духаў справядлівых, што дасягнулі дасканаласьці,
і да Заступніка новага запавета Ісуса, і да Крыві акрапленьня, якая гаворыць лепей, ніж Авелева.
і да Пасярэдніка Новага Запавету, Езуса, да крыві акрапленьня што мацней, чым кроў Абля прамаўляе.
Глядзеце, не адвярнецеся і вы ад прамоўцы. Калі тыя, ня слухаўшы прамоўцы на зямлі, не пазьбеглі кары, дык тым болей не пазьбегнем мы, калі адвернемся ад Прамоўцы зь нябёсаў;
Глядзіце, не адвярніцеся ад Таго, хто гаворыць. Калі бо тыя не пазбегнулі кары, адвярнуўшыся ад Таго, які гаварыў на зямлі, то тым больш мы, калі адвернемся ад Таго, які да нас з неба гаворыць.
чый голас тады пахіснуў зямлю, і Які цяпер даў такое абяцаньне: «яшчэ раз скалану ня толькі зямлю, але і неба».
Голас Ягоны страсянуў тады зямлёю, а цяпер прыракае, кажучы: "Яшчэ раз страсяну ня толькі зямлёю, але і небам".
Словы «яшчэ раз» азначаюць зьмену таго, што скаланаецца, як створанага, каб заставалася непахісным.
Што кажа "яшчэ раз", дык абвяшчае зьмяненьне зьменных рэчаў, каб засталіся толькі тыя, што не зьмяняюцца.
І вось мы, прымаючы Царства непахіснае, будзем захоўваць мілату, якою будзем служыць у спадабаньне Богу, з багавейнасьцю і страхам,
Дык вось, каб атрымаць каралеўства непарушнае, стараймася жыць у ласцы, праз якую, падабаючыся Богу, будзем служыць Яму са страхам і пашанаю.
таму што Бог наш ёсьць «вагонь, які паядае».
Бо Бог наш — гэта агонь паглынаючы.