Да Габрэяў 10 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 1999
Закон, маючы цень будучых дабротаў, а не самы вобраз рэчаў, аднымі тымі самымі ахвярамі, якія кожны год стала прыносяцца, ніколі ня можа зрабіць дасканалымі тых, што прыходзяць зь імі.
Закон, маючы цень будучых даброцьцяў, а не саму рэчаіснасьць, аднымі і тымі самымі ахвярамі, што год усьцяж складанымі, ніколі ня можа ўдасканаліць тых, каторыя прыступаюцца (з імі).
Інакш перасталі б прыносіць іх, бо ахвяравальнікі, ачышчаныя адзін раз, ня мелі б ужо ніякага ўсьведамленьня грахоў.
Інакш перасталі б іх складаць, таму што служыцелі, раз ачышчаныя, ня мелі б ужо сьвядомасьці грэху.
Але ахвярамі штогод робіцца напамін пра грахі;
Аднак прыпамінаньне грэху што год усё ж застаецца.
бо немагчыма, каб кроў цялят і казлоў зьнішчала грахі.
Немагчыма бо крывёй валоў і казлоў ачысьціцца ад грахоў.
Таму Хрыстос, уваходзячы ў сьвет, кажа: «ахвяры і прынашэньня Ты не захацеў, але цела падрыхтаваў Мне.
Таму, прыходзячы на сьвет, кажа (Хрыстос): "Ахвяры і дару не захацеў Ты, але цела Мне прыгатаваў.
Усеспаленьні і ахвяры за грэх не даспадобы Табе.
Цэлапаленьні і ахвяры за грэх не падабаюцца Табе.
Тады Я сказаў: вось, іду, як у пачатку кнігі напісана пра Мяне, выканаць волю Тваю, Божа»;
Тады сказаў Я: Вось іду, на пачатку кнігі напісана пра Мяне, каб выканаць, Божа, волю Тваю".
сказаўшы раней, што ні ахвяр, ні прынашэньняў, ні ўсеспаленьняў, ні ахвяры за грэх, — якія прыносяцца паводле закона, — Ты не захацеў і не ўпадабаў,
Сказаўшы раней: "Ахвяраў і дароў, цэлапаленьняў і ахвяраў за грэх не захацеў Ты, і не падабаюцца яны Табе", хоць і складаюцца паводле закону,
потым дадаў: «вось, іду выканаць волю тваю, Божа». Адмяняе першае, каб пастанавіць другое.
потым сказаў: "Вось іду, каб выканаць, Божа, волю Тваю". Касуе першае і ўстанаўляе другое.
Па гэтай вось волі асьвечаныя мы аднаразовым прынясеньнем Цела Ісуса Хрыста.
На моцы той волі асьвечаны мы назаўсёды праз ахвяру цела Езуса Хрыста.
І кожны сьвятар штодзень стаіць у служэньні і шмат разоў прыносіць адны і тыя самыя ахвяры, якія ніколі ня могуць зьнішчыць грахоў.
І кожны сьвятар штодзень служыць і часта ахвяроўвае тыя самыя ахвяры, якія ніяк ня могуць ачысьціць ад грахоў.
А Ён, прынёсшы адну ахвяру за грахі, назаўсёды сеў праваруч Бога,
Ён жа, склаўшы адну ахвяру за грахі, навек сядзіць праваруч Бога,
чакаючы потым, пакуль ворагі Ягоныя будуць пакладзены «падножжам ног Ягоных».
чакаючы, аж пакуль у канцы ворагі Ягоныя будуць паложаны да падножжа ног Ягоных.
Бо Ён адным прынашэньнем назаўсёды зрабіў дасканалымі тых, хто асьвячаецца.
Вось Ён адной ахвяраю ўдасканаліў на вякі тых, якія асьвечаны.
Пра гэта сьведчыць вам і Дух Сьвяты; бо сказана:
Сьведчыць нам аб гэтым і Дух Сьвяты, бо сказана:
«вось запавет, які завяшчаю ім пасьля тых дзён, кажа Гасподзь: увяду законы Мае ў сэрцы іхнія, і ў думках іхніх напішу іх,
"Такі вось запавет, які заключу з імі ў гэтых днях, — кажа Госпад, — даючы законы Мае ў іхнія сэрцы, і ў розумы іхнія ўпішу іх,
і грахоў іхніх і беззаконьняў іхніх не ўзгадаю больш».
ды грахоў і беззаконіяў іхніх ужо ўспамінаць ня буду".
А дзе ёсьць дараваньне грахоў, там не патрэбнае прынашэньне за іх.
А дзе адпушчэньне (грахоў), там ужо больш ня трэба ахвяры за грэх.
І вось, браты, маючы адвагу ўваходзіць у сьвяцілішча праз Кроў Ісуса Хрыста, шляхам новым і жывым,
Дык маючы тады, браты, пэўнасьць ўвайсьці ў (месца) Сьвятое праз кроў Езуса,
які Ён зноў адкрыў нам праз заслону, гэта значыцца, праз плоць Сваю,
які даў нам шлях новы і жывы праз заслону, гэта значыць цела сваё,
і маючы вялікага Сьвятара над домам Божым,
і маючы вялікага Першасьвятара над домам Божым,
прыступайма са шчырым сэрцам, з поўнаю вераю, крапленьнем ачысьціўшы сэрцы ад пахібнага сумленьня, і абмыўшы цела вадою чыстаю,
прыступайма са шчырым сэрцам, у поўні веры, ачысьціўшы сэрцы ад усякай сьвядомасьці ліхой і з абмытым чыстаю вадою целам.
будзем трымацца вызнаньня надзеі непахісна, бо верны Той, Хто абяцаў;
Трымаймася непарушна надзеі, якую вызнаем, бо верны ёсьць Той, які нам даў абяцаньне;
будзем уважлівыя адно да аднаго, заахвочваючы ў любові і добрых учынках;
і зважайма адзін на аднаго, ажыўляючы любоў і ахвоту да добрых учынкаў.
ня будзем пакідаць сходу свайго, як гэта ў некаторых у звычаі; а будзем намаўляць адно аднаго, і тым болей, чым выразьней бачыце набліжэньне дня таго.
Не прапускайма нашых супольных сабраньняў, як сталася звычкай некаторых, але пацяшаймася, і тым больш, чым больш бачым надыходзячы дзень.
Бо, калі мы, атрымаўшы спазнаньне ісьціны, самахоць грэшым, дык не застаецца больш ахвяры за грахі,
Калі бо мы дабраахвотна грашым, маючы пазнаньне праўды, дык няма ўжо ахвяры за грэх,
а нейкае страшнае чаканьне суду і лютасьці вагню, гатовага зжэрці супраціўцаў.
але толькі нейкае страшнае чаканьне суду і жар агню, які павінен будзе паліць супраціўнікаў.
Калі чалавек, які адкінуў закон Майсееў, пры двух і трох сьведках, безь мілажалю караецца сьмерцью,
Хто не падпарадкоўваецца Закону Майсея, таго без ніякага міласэрдзя караюць сьмерцю пры двух або трох сьведках.
дык наколькі ж цяжэйшае, думаеце, кары варты будзе той, хто топча Сына Божага і не ўважае за сьвятыню Кроў запавета, якою асьвечаны, і Духа мілаты абражае?
Падумайце самі, як шмат страшнейшых караў варты той, які Сына Божага патаптаў ці кроў запавету, якой быў асьвечаны, за звычайную лічыў, або Духа ласкі зьняважыў?
Мы ведаем Таго, Хто сказаў: «у Мяне адпомста, Я аддам, кажа Гасподзь». І яшчэ: «Гасподзь будзе судзіць народ Свой».
Мы бо ведаем Таго, хто сказаў: "Мне помста, і Я дам адплату", або зноў: "Сам Госпад будзе судзіць свой народ".
Страшна трапіць у рукі Бога жывога!
Страшна папасьці ў рукі Бога жывога.
Успомніце ранейшыя дні вашыя, калі вы, дасьведчаныя, вытрымалі вялікі подзьвіг пакутаў,
Прыпомніце мінулыя дні, у якіх вы, прасьвечаныя, перанесьлі вялікі навал пакутаў,
то самі сярод глумленьня і зьдзекаў, служачы відовішчам іншым, то будучы супольнікамі тых, што гэта зазналі;
іншы раз самі стаўшыся відовішчамі зьняваг і цярпеньняў, або іншы раз быўшы сучасьнікамі падобнае перажываючых.
бо вы і маім кайданам спагадалі, і рабунак маёмасьці вашай прымалі з радасьцю, ведаючы, што ёсьць у вас на нябёсах маёмасьць лепшая і непрамінушчая.
Бо пакутвалі вы разам з увязьненымі, і з радасьцю прынялі вы рабунак вашай маёмасьці, ведаючы, што маеце багацьце лепшае, трывалае.
Дык не пакідайце спадзяваньня вашага, якое мае атрымаць вялікую аддзяку.
Дык не пакідайце спадзяваньня вашага, якое дасьць вялікую ўзнагароду.
Цярплівасьць патрэбна вам, каб, выканаўшы волю Божую, атрымаць абяцанае;
Мейце цярплівасьць, каб, спаўняючы волю Божую, дачакаліся абяцаньня.
«яшчэ крыху, зусім крыху, і Той, Хто мае прыйсьці, прыйдзе і не забавіцца.
Яшчэ вось крыху, крыху, і прыйдзе Той, які павінен прыйсьці, і не замарудзіць.
Праведны вераю жыць будзе; а калі хто завагаецца, ня хінецца да таго душа Мая».
Бо справядлівы верай жыве; калі б хто хістаўся, не спадабаўся б душы Маёй.
А мы ня з тых, што вагаюцца на пагібель, а стаім у веры на ратунак душы.
Мы ж не зьяўляемся адступнікамі на сваю загубу, але веручымі на збаўленьне душы.