Да Рымлянаў 13 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Усякая душа няхай будзе пакорнай вышэйшым уладам. Бо гэта ня ўлада, калі ня ад Бога; істнуючыя ж улады Богам прызначаны.
 
Хай кожны чалавек будзе пакорны вышэйшым уладам. Бо няма ўлады, як толькі ад Бога. Якія ж ёсць, Богам устаноўлены.

Так што той, хто працівіцца ўладзе, працівіцца пастанове Бога. Тыя ж, хто працівяцца, самі на сябе прысуд нацягнуць.
 
Дык хто супрацівіцца ўладзе, прыказанню Бога супрацівіцца. А якія супрацівяцца Яму, нажываюць сабе асуджэнне.

Бо начальнікі стра́шныя ня для добрых дзеяў, але для благіх. Ці хочаш ня баяцца ўлады? Рабі дабро, і будзеш мець ад яе пахвалу.
 
Бо начальнікі страшныя не дабрадзеям, але ліхадзеям. Хочаш не баяцца ўлады? Дык рабі дабро, і будзеш мець пахвалу ад яе.

Бо ён ёсьць слуга Бога табе на дабро. Калі ж робіш ліха, бойся; бо (ён) нядарэмна носіць меч; бо ён ёсьць слуга Бога, каб выканаць гнеў супраць таго, хто робіць ліха.
 
Бо гэта слуга Божы для твайго дабра. Калі ж ліха робіш, бойся, бо не надарма меч носіць, бо гэта слуга Божы, мсціўца на гнеў таму, хто чыніць ліха.

Пагэтаму трэба падпарадкоўвацца ня толькі з-за гневу, але і з-за сумленьня.
 
Дзеля таго трэба быць пакорнымі не толькі з-за гневу, але і з-за сумлення.

Бо з-за гэтага вы і падаткі плаціце, бо яны — слугі Бога, (якія) гэтым самым пастаянна займаюцца.
 
Дзеля таго і падаткі плаціце, бо тыя, хто на гэта пастаўлены, — слугі Божыя.

Дык аддавайце ўсім належнае: каму падатак — падатак, каму мыта — мыта, каму страх — страх, каму пашану — пашану.
 
Аддавайце ўсім належнае: каму падатак — падатак, каму мыта — мыта, каму страх — страх, каму пашану — пашану.

Вы ні ў чым і ня перад кім ня абавязаны, акрамя ўзаемнай любові, таму што той, хто любіць другога, выканаў Закон.
 
Нікому не будзьце нічога вінаватыя, толькі ўзаемную любоў, бо хто любіць бліжняга, выконвае закон.

Таму што: «ня чужалож», «ня забівай», «ня крадзі», «ня сьведчы ілжыва», «ня пажадай (чужога)» і ўсякае другое прыказаньне ў гэтым слове зьмяшчаецца: «любі бліжняга твайго, як самога сябе».
 
Бо прыказанні: «Не чужалож, не забівай, не крадзі, не пажадай», — ды калі ёсць якая іншая пастанова, — змяшчаюцца ў гэтым вось слове: любі бліжняга свайго як сябе самога.

Любоў (Божая) ня робіць бліжняму ліха; выкананьне ж Закону — любоў (Божая).
 
Любоў не робіць ліха бліжняму, таму любоў ёсць спаўненне закону.

І (жывіце) так, (як) ведаючы час, што пара́ нам ужо прачнуцца. Бо цяпер бліжэй да нас збаўленьне, чым калі мы паверылі.
 
І ведайце гэты час, што ўжо пара ад сну паўстаць, бо цяпер збаўленне бліжэй да нас, чым калі мы ўверылі.

Ноч прайшла, а дзень наблізіўся, пагэтаму адхінём учынкі цемры і апранёмся ў зброю сьвятла.
 
Ноч мінула, а дзень наблізіўся. Дык адкінем учынкі цемры і адзенемся ў зброю святла.

Як днём, будзем жыць прыстойна ня ў гулянках і п’янках, ня ў палюбоўніцтвах і распустах, ні ў сварцы і зайздрасьці;
 
Будзем жыць прыстойна, як удзень: не ў абжорстве і п’янствах, не ў распусце і нячыстасці, не ў звадцы ды зайздрасці,

але апраніцеся ў Госпада Ісуса Хрыста і клопат аб целе ня ператварайце ў пажадлівасьці.
 
але адзеньцеся ў Госпада Ісуса Хрыста ды не апякуйцеся над целам дзеля пажадлівасці.