Да Рымлянаў 14 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2003
Слабога ў веры прымайце бяз спрэчак аб (ягоных) поглядах.
Слабога ў веры прымайце без спрэчак пра погляды.
Адзін верыць (што можна) есьці ўсё, а слабы есьць гародніну.
Бо адзін верыць, што [можна] есці ўсё, а слабы есць гародніну.
Той хто есьць, ня прыніжай таго, хто ня есьць; і той, хто ня есьць, ня асуджай таго, хто есьць, таму што Бог яго прыняў.
Той, хто есць, хай не грэбуе тым, які не есць; і той, хто не есць, хай не асуджае таго, хто есць, бо Бог яго прыняў.
Ты хто такі, што судзіш чужога раба? Перад сваім Госпадам стаіць ён ці падае. І ён будзе пастаўлены: бо Бог ду́жы паставіць яго.
Хто ты такі, што судзіш чужога слугу? Перад Сваім Валадаром ён стаіць ці падае; і будзе стаяць, бо яго Госпад мае магутнасць паставіць яго.
Іншы адрозьнівае дзень ад дня, другі ж судзіць аб кожным дні (аднолькава). Кожны хай будзе ўпэўнены ў сваім разуменьні.
Адзін адрознівае дзень ад дня, для іншага кожны дзень аднолькавы; хай кожны застаецца пры сваёй думцы.
Хто шануе (пэўны) дзень, той для Госпада шануе, а хто ня шануе (гэты пэўны) дзень — для Госпада ня шануе. (Той) хто есьць — для Госпада есьць, бо дзякуе Богу, і хто ня есьць — для Госпада ня есьць і дзякуе Богу.
Хто адрознівае дні, адрознівае іх дзеля Госпада, і хто есць, есць дзеля Госпада, бо Богу дзякуе; і хто не есць, не есць дзеля Госпада і дзякуе Богу.
Бо ніхто із нас ня жыве для сябе, і ніхто ня памірае для сябе;
Ніхто з нас не жыве для сябе і ніхто не памірае для сябе.
бо калі (мы) жывём — для Госпада жывём; калі ж паміраем — для Госпада паміраем. Дык пагэтаму ці жывём, ці паміраем — мы Госпадавы.
Дык калі жывём, жывём для Госпада; калі ж паміраем, паміраем для Госпада. Таму вось, ці жывём, ці паміраем, належым Госпаду.
Бо для гэтага Хрыстос і памёр і ўваскрос, і ажыў, каб мець (Яму) уладу і над мёртвымі і над жывымі.
На тое бо Хрыстос памёр і ажыў, каб валадарыць і над жывымі, і над памёршымі.
А ты чаму судзіш брата твайго? Альбо і ты чаму зьняважаеш брата твайго? Бо ўсе мы станем перад судом Хрыста.
Дык чаму ты судзіш брата твайго? Або чаму пагарджаеш братам тваім? Бо ўсе мы станем перад судом Божым.
Бо напісана: «Жыву Я, — кажа Госпад, — перада Мною ўкленчыць усякае калена, і ўсякі язык вызнае Бога».
Напісана ж: «На Маё жыццё, кажа Госпад, перада Мною сагнецца кожнае калена, ды кожны язык будзе вызнаваць Бога».
Пагэтаму кожны з нас дасьць справаздачу за сябе Богу.
Так вось кожны з нас за сябе здасць справаздачу Богу.
Ня будзем жа больш судзіць адзін аднаго, але лепш падумайце аб тым, як бы ня ставіць перад братам перашкоду альбо спакусу.
Дык не будзем болей судзіць адзін аднаго, а лепш падумаем, каб не прыносіць брату ўпадку або згаршэння.
Я ведаю і перакана́ны ў Госпадзе Ісусе, што нічога няма нячыстага ў самім сабе, а толькі таму, хто лічыць што-небудзь нячыстым, яму нячыста.
Я ведаю і перакананы ў Госпадзе Ісусе, што няма нічога, што само ў сабе нячыстае, а толькі для таго нячыстае, хто лічыць гэта нячыстым.
Калі ж з-за яды засмучаецца твой брат, то ты ўжо ня паводля любові ходзіш. Ядой тваёй ня губі таго, за каторага памёр Хрыстос.
Калі ж дзеля стравы засмучаеш брата свайго, то ты не кіруешся любоўю. Таму не губі страваю сваёй таго, за каго памёр Хрыстос!
Хай ня будзе зьняслаўленае вашае добрае.
Дык хай не будзе зняважана дабро вашае!
Бо Валадарства Бога ня ёсьць яда і пітво, але праведнасьць і мір, і радасьць у Духу Сьвятым.
Бо Валадарства Божае — гэта не ежа або пітво, але справядлівасць і супакой ды радасць у Духу Святым.
Бо той, хто гэтым служыць Хрысту, той даспадобы Богу і ўхваляемы людзьмі.
Бо хто ў гэтым служыць Хрысту, той падабаецца Богу і даспадобы людзям.
Пагэтаму будзем імкнуцца да міру і да ўзаемнага збудаваньня.
Дык будзем дбаць пра тое, што вядзе да супакою ды ўзаемнага збудавання.
Ня руйнуй справы Бога дзеля яды. Бо ўсё чыста, але гора чалавеку, які есьць на спакусу (другому).
Таму не руйнуй справы Божай дзеля ежы! Па праўдзе ўсё чыстае, але гора чалавеку, які есць на перашкоду.
Добра ня есьці мяса і ня піць віна, і ня (рабіць таго) ад чаго брат твой спатыкаецца ці спакушаецца, альбо зьнямагае.
Добра не есці мяса, не піць віна ды [не рабіць] таго, што шкодзіць брату твайму.
Ты маеш веру? Май яе сам у сабе перад Богам. Шчасьлівы, хто ня судзіць сябе ў тым, што лічыць даказаным.
Сваю веру захавай у сабе і май перад Богам. Шчасны той, хто не асуджае сябе ў тым, што прызнае.
А хто сумняваецца, калі есьць, асуджаны, таму што (есьць) ня па веры; а ўсё, што ня па веры — грэх.
А хто сумняваецца, той, калі есць, сябе асуджае, бо [робіць] не па веры. А ўсё, што не па веры, ёсць грэх.