Да Галятаў 1 разьдзел
Пасланьне да Галятаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Рeraklad V. Hadleuski
Павал, Апостал ня ад людзей і ня праз чалавека, але праз Ісуса Хрыста і Бога Бацьку, Які ўскрасіў Яго зь мёртвых,
і ўсе браты, што са мною — цэрквам Галятыі;
Багадаць вам і мір ад Бога Ба́цькі і Госпада нашага Ісуса Хрыста,
Які аддаў Сябе за грахі нашыя, каб выбавіць нас ад цяперашняга ліхога веку, паводля волі Бога і Бацькі нашага,
Якому слава ў вяках вякоў. Амін.
Я дзіўлюся, што вы так хутка пераходзіце ад (Эвангельля), якое прыклікала вас Багадацьцю Хрыста, да другога «эвангельля»,
якое ня ёсьць іншае («эвангельле»), але толькі ёсьць нікаторыя (людзі), якія зводзяць вас і хочуць сказіць Эвангельле Хрыста.
Але, нават калі мы, альбо Ангел зь Неба стаў бы дабравесьціць вам насуперак таму, што мы вам абвясьцілі, хай будзе анатэма.
Як раней мы сказалі, і цяпер ізноў кажу: калі хто вам дабравесьціць насуперак таму, што вы прынялі, хай будзе анатэма.
Дык цяпер я ў людзей шукаю зычлівасьці ці ў Бога? Ці людзям стараюся дагаджаць? Калі б я ўсё яшчэ дагаджаў людзям, то ня быў бы рабом Хрыста.
Дык тлума́чу вам, браты, што Эвангельле, якое я вам абвясьціў, ёсьць ня ад чалавека;
бо я прыняў яго ня ад чалавека і ня быў навучаны (чалавекам), але (прыняў) праз адкрыцьцё Ісуса Хрыста.
Вы чулі аб маім ранейшым ладзе жыцьця ў юдэйстве, што я вельмі жорстка перасьледаваў царкву Бога і вынішчаў яе,
і выпераджаў у юдаізьме шмат каго з равесьнікаў у родзе маім, будучы празьмерным рупліўцам маіх ба́цькаўскіх пераданьняў.
Калі ж Богу, Які выбраў мяне ад улоньня маткі маёй і прыклікаў (мяне) праз Багадаць Сваю, стала заўгодна
адкрыць ува мне Сына Свайго, каб я дабравесьціў Яго сярод паганаў, дык я адразу ня стаў раіцца з целам і крывёю
і ня пайшоў у Ярузалім да тых, што былі раней за мяне Апосталамі, але пайшоў у Арабію і зноў вярнуўся ў Дамаск.
Потым, пасьля трох гадоў, пайшоў я ў Ярузалім пазнаёміцца зь Пётрам і прабыў у яго дзён пятнаццаць.
А нікога другога з Апосталаў я ня бачыў, акрамя Якуба, брата Госпада.
А што пішу вам, дык (пішу) перад Богам, ня ілгу.
А пасьля прыйшоў я ў землі Сырыі і Кілікі,
цэрквам Хрыстовым у Юдэі з твару я быў няве́дамы,
толькі чулі яны: «Той, хто некалі нас перасьледаваў, цяпер дабравесьціць веру, якую некалі зьнішчаў»;