Адкрыцьцё 13 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Сабілы і Малахава → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка
І я быў пастаўлены на пяску марскім, і ўбачыў зьвера, выходзячы з мора, які меў сем галоў і дзесяць рогаў, і на рогах ягоных — дзесяць дыядэмаў, а на галовах ягоных — імя блюзьнерскае.
А зьвер, якога я ўбачыў, быў падобны да пантэры, і ногі ягоныя — як у мядзьведзя, і пашча ягоная — як пашча ў льва. І даў яму дракон сілу сваю і пасад свой, і ўладу вялікую.
І ўбачыў я адну із галоў ягоных, быццам на сьмерць забітую, але гэта сьмяротная рана ягоная была загоена. І была зьдзіўлена ўся зямля, (гледзячы) на зьвера.
І пакланіліся дракону, каторы даў уладу зьверу, і пакланіліся зьверу, кажучы: хто падобны гэтаму зьверу? Хто можа ваяваць супраць яго?
І даны быў яму рот, які вымаўляў моцныя (прамовы) і блюзьнерствы, і дадзена яму ўлада дзейнічаць сорак два месяцы.
І ён разявіў рот свой для блюзьнерства на Бога, каб блюзьнерыць на Імя Ягонае і на Скінію Ягоную, і на тых, што жывуць на небе.
І дадзена было яму ўчыніць вайну супраць сьвятых і перамагчы іх; і дадзена была яму ўлада над усякім родам і мовай, і племям.
І паклоняцца яму ўсе жыхары зямлі, чые імёны ня запíсаны ў скрутку жыцьця Ягняка́, ахвярна забітага ад заснаваньня сьвету.
Калі хто мае вуха, пачуй.
Калі хто вядзе ў палон, (сам) пойдзе ў палон; калі хто забівае мечам, мусіць быць сам забіты мечам. У гэтым выяўляецца стойкасьць і вера сьвятых.
І ўбачыў я другога зьвера, выходзячы із зямлі; і ён меў два рогі, падобныя да Ягняковых, і гаварыў, як дракон.
І ўсю ўладу першага зьвера (ён) чыніць перад ім і прымушае зямлю і тых, што жывуць на ёй, каб яны пакланіліся зьверу першаму, у якога была загоена сьмяротная рана ягоная;
і ён чыніць зна́кі вялікія, так што і агонь зводзіць зь неба на зямлю перад людзьмі,
і заблуджае тых, што жывуць на зямлі знакамі, якія дадзена было яму чыніць перад зьверам, кажучы жыхарам зямлі, зрабіць абраз зьвера, які мае рану ад меча і жывы.
І дадзена было яму даць дух вобразу зьвера, каб вобраз зьвера і гаварыў і рабіў (так), каб усе, хто ня паклоніцца абразу зьвера былі забіты.
І ён робіць (так), каб усім, малым і вялікім, і багатым і ўбогім, і вольным і рабам было ім зроблена кляймо на іхную правую руку альбо на іхныя ілбы,
і каб ніхто ня мог купіць альбо прадаць акрамя таго, хто мае гэта кляймо альбо імя зьвера, альбо лічбу імені ягонага.
У гэтым ёсьць мудрасьць. Хто мае розум вылічы лічбу зьвера, бо гэта ёсьць лічба чалавека. А лічба ягоная — шасьцьсот шэсьцьдзясят шэсьць.