Яна 18 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Міхася Міцкевіча
Сказаўшы гэтае, Ісус выйшаў з вучнямі Сваімі за ручай Кедрон, дзе быў сад, у які ўвайшоў Ён і вучні Ягоныя.
Прамовіўшы гэтае, Ісус адыйшоў з вучнямі Сваімі за ручай Кедрон, дзе быў сад, і ўвайшоў туды Сам і вучні Ягоныя.
Ведаў жа гэтае мейсца і Юда, які прадаў Яго, бо Ісус часта зьбіраўся там з вучнямі Ягонымі.
Ведаў-жа Юда, здраднік Яго, тое месца, бо там часта зьбіраліся Ісус і вучні Ягоныя.
Вось Юда, узяўшы аддзел войска ды слуг ад архірэяў і хварысэяў, прыходзіць туды зь ліхтарнямі і сьветачамі, і (са) зброяю.
Вось Юда, узяўшы кагорту жаўнераў і слугаў ад архісьвятароў і фарысеяў, прыйходзіць туды з ліхтарамі, сьвяцільнямі і зброяй.
Ісус жа, ведаючы ўсё, што прыходзе на Яго, выйшаўшы, сказаў ім: каго шукаеце?
Ісус-жа, ведаючы, што з Ім станецца, выйшаў і сказаў ім: — каго шукаеце?
Яму адказалі: Ісуса Назарэя! Ісус кажа ім: Я ёсьць (Ён)! Стаяў жа зь імі і Юда, які прадаў Яго.
— Яму адказалі: — Ісуса Назарэя; Ісус гаворыць ім: — гэта Я; стаяў-жа з імі й Юда, які прадаў Яго.
Як жа Ён сказаў ім: Я ёсьць (Ён), яны адступіліся назад і ўпалі на зямлю.
І калі сказаў ім — гэта Я, — яны падаліся назад і ўпалі на зямлю.
Тады Ён ізноў спытаўся ў іх: каго шукаеце? Яны ж сказалі: Ісуса Назарэя.
І зноў спытаўся ў іх Ісус: — каго шукаеце? яны адказалі: — Ісуса Назарэя.
Ісус адказаў: Я сказаў вам: Я ёсьць (Ён); дык вось, калі Мяне шукаеце, дазвольце ім адыйсьці,
Ісус адказаў: — Я сказаў вам, што гэта Я; і калі Мяне шукаеце, ды адпусьцеце іх адыйсьці, —
каб споўнілася Слова, якое Ён сказаў: тых, якіх Ты даў Мне, Я ня згубíў зь іх нікога.
Каб спраўдзілася слова, якое Ён прамовіў: — з тых, якіх Ты даў Мне, Я не загубіў нікога.
Сымон жа Пётра, маючы меч, выцягнуў яго і ўдарыў слугу архірэявага, і адсек яму правае вуха; было ж імя слугі таго Малх.
Сыман-жа Пётр, які меў меч, выняў яго і ўдарыў слугу архісьвятаровага, і адсек яму правае вуха; імя-ж слугі таго было Малх.
Ісус жа сказаў Пётру: укладзі меч твой у похву. Чару, што даў Мне Бацька, няўжо Я ня вып’ю яе?
Але Ісус сказаў Пятру: — улажы меч у похву; ці-ж ня піць Мне чары, якую даў Мне Айцец.
Тады аддзел войска і тысячнік, і слугі юдэйскія ўзялі Ісуса і зьвяза́лі Яго.
Тады воіны і тысячаначальнік ды паслужнікі юдэйскія ўзялі Ісуса і зьвязалі Яго.
І завялí Яго сьпярша́ да Ганны, бо (ён) быў цесьцем Каяхвы, які быў таго году архірэем.
І павялі Яго сьпярша да Анны, бо ён быў цесьцем Кайафы, які на той год быў архісьвятаром.
Быў жа Каяхва той, які парадзіў жыдам, што лепш аднаму чалавеку загінуць за гэты народ.
Гэта быў Кайафа, які падаў раду юдэям, што лепш каб адзін чалавек загінуў за народ.
Ішоў жа за Ісусам Сымон Пётра і другі вучань; вучань жа гэны быў знаёмы архірэю і ўвайшоў з Ісусам на архірэйскі падворак,
За Ісусам ішлі Сыман Пётра і другі вучань; той-жа вучань быў знаёмы архісьвятару, і ён ўвайшоў за Ісусам на падворак архісьвятара.
а Пётра стаяў ля дзьвярэй знадворку. І вось другі вучань, той, які быў знаёмы архірэю, выйшаў і сказаў прыдзьверніцы, і ўвёў Пётру.
Пётра-ж стаяў вонках за варотамі; тады выйшаў вучань той, знаёмы архісьвятару, сказаў прыдзьверніцы і ўвёў Пятра.
Тады служанка прыдзьверніца кажа Пётру: ці і ты ня з ву́чняў Гэтага Чалавека? Ён кажа: я — не.
Пры гэтым служанка прыдзьверніца сказала Пятру: — ці і ты ня з вучняў Гэтага Чалавека? ён-жа сказаў — не.
Стаялі ж рабы і слугі, распаліўшы агонь з вугольля, бо было зябка, і грэліся. Быў жа зь імі Пётра, стоючы і грэючыся.
Тымчасам слугі і вартайнікі разлажылі агонь, стаялі і грэліся, бо было холадна; Пётра таксама стаяў з імі і грэўся.
Тады архірэй спытаўся ў Ісуса пра вучняў Ягоных і пра навуку Ягоную.
Архісьвятар-жа дапытаў Ісуса пра вучняў Яго і пра навучаньне Ягонае.
Ісус адказаў яму: Я яўна гаварыў сьвету; Я заўсёды навучаў у сынагозе і ў Сьвятыні, дзе заўсёды зьбіраюцца жыды, і то́йма ня гаварыў нічога.
Ісус адказаў яму: — Я адкрыта гаварыў сьвету; Я заўсёды навучаў у сынагогах і ў храме, дзе звычайна зьбіраюцца юдэі, і нічога не гаварыў скрытна.
Чаму (ты) пытаешся ў Мяне? Спытайся ў тых, хто чуў, што Я гаварыў ім. Вось яны ведаюць, што Я (ім) казаў.
Чаму пытаеш у Мяне? пытай тых, хто слухаў, што Я гаварыў; яны ведаюць, што Я гаварыў ім.
Як жа Ён сказаў гэтае, адзін із слугаў, што стаяў блізка, ударыў Ісуса па Абліччу, сказаўшы: так Ты адказваеш архірэю?
Калі Ён гэта сказаў, адзін слуга, які стаяў там, ударыў Ісуса па шчацэ, сказаўшы: — гэта так Ты адказваеш архісьвятару?
Ісус адказаў яму: калі Я сказаў блага, дакажы, што (Я сказаў) блага, а калі (Я сказаў) добра, за што (ты) б’еш Мяне?
Ісус адказаў яму: — калі Я сказаў дрэнна, пакажы, што дрэнна, а калі добра, чаму б'еш Мяне?
Ганна паслаў Яго зьвяза́нага да архірэя Каяхвы.
І адаслаў Анна Яго зьвязанага да Кайафы архісьвятара.
Быў жа Сымон Пётра, стаяў і грэўся. Сказалі тады яму: ці і ты ня з ву́чняў Ягоных? Ён адрокся і сказаў: я? не!
А Сыман Пётра стаяў і грэўся; і кажуць яму: — ці ня з вучняў Ягоных і ты? — ён-жа выракся, кажучы — не!
Кажа адзін із слугаў архірэявых, будучы сваяком таго, якому Пётра адсек вуха: ці (ж) я ня цябе́ бачыў зь Ім у садзе?
Тады адзін з архісьвятаровых слугаў, сваяк таго, якому Пётра адсек вуха, сказаў: — ці-ж ня бачыў я цябе разам з Ім у садзе?
Тады ізноў Пётра адрокся; і зараз (жа) прапяяў певень.
І вось зноў адрокся Пётра, і ў той момант прапяяў певень.
Вяду́ць тады Ісуса ад Каяхвы да прэторыі. А была раніца, і яны ня ўвайшлí ў прэторыю, каб ня занячысьціцца, але каб (можна было) есьці пасху.
Ад Каяфы павялі Ісуса да Прэторыі — судзілішча; была ўжо раніца, і яны самі не ўвайшлі ў Прэторыю, каб не аграшыцца, і каб можна было спажываць Пасху.
Тады Пілат выйшаў да іх і сказаў: якое абвінавачаньне выстаўляеце (вы) супраць Чалавека Гэтага?
Пілат выйшаў вонкі да іх і сказаў: — якое вінавачаньне падаецца на Чалавека Гэтага?
Адказалі (яны) і сказалі яму: калі б Ён ня быў злачынца, (мы) ня выдалі б Яго табе.
Яны-ж у адказ сказалі: — калі-б Ён ня быў злачынца, мы-б ня выдалі Яго табе.
Тады сказаў ім Пілат: вазьміце Яго вы і па Закону вашаму судзіце Яго. Тады сказалі яму жыды: нам ня дазво́лена нікога асудзіць на сьмерць.
Пілат-жа сказаў ім: — вазьмеце Яго і самі, паводля вашага закону, судзеце Яго; тады юдэі сказалі яму: — нам нікога забіваць ня можна.
Каб споўнілася Слова Ісусавае, якое Ён сказаў, даючы зразумець, якою сьмерцяй Ён мае памерці.
І спраўдзілася слова Ісусава, (калі Ён праракаў), якою сьмерцяй мае памерці.
Тады Пілат ізноў увайшоў у прэторыю і паклікаў Ісуса, і сказаў Яму: ці Ты Кароль жыдоў?
Тады Пілат зноў увайшоў у Прэторыю і, паклікаўшы Ісуса, сказаў Яму: — ці Ты Кароль Юдэйскі?
Ісус адказаў яму: ад сябе ты гэтае гаворыш, ці другія сказалі табе пра Мяне?
Ісус-жа адказаў яму: — ці ад самога сябе ты гэтае гаворыш, ці іншыя сказалі табе пра Мяне?
Пілат адказаў: ці (ж) я — жыд? Твой народ і архірэі выдалі Цябе мне; што Ты зрабіў?
Адказаў Пілат: — ці-ж я юдэй? людзі Твае і архісьвятары выдалі Цябе мне; што Ты ўчыніў.
Ісус адказаў: Гаспадарства Маё ня з гэтага сьвету; калі б з гэтага сьвету было Гаспадарства Маё, (то) слугі Мае змагаліся бы, каб Я ня быў выданы жыдам. Але цяпер Гаспадарства Маё — ня згэтуль.
Ісус прамовіў: — Каралеуства Маё не ад гэтага сьвету; калі-б ад гэтага сьвету было Каралеуства Мае, слугі Мае баранілі-б Мяне, каб ня быў Я выданы юдэям; але цяпер Каралеуства Маё не адгэтуль.
Тады сказаў Яму Пілат: дык Ты — Кароль? Адказаў Ісус: ты кажаш, што Я Кароль. Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў на сьвет, каб сьведчыць аб Праўдзе. Кожны, хто ёсьць ад Праўды, слухае Голасу Майго.
І сказаў Яму Пілат: — дык Ты Кароль? Ісус адказаў: — ты кажаш, што Я Кароль. Я на тое радзіўся і на тое прыйшоў у сьвет, каб дать сьветчаньне праўдзе; і кажны хто ад праўды, слухае голасу Майго.
Кажа Яму Пілат: што ёсьць праўда? І, сказаўшы гэтае, ізноў выйшаў да жыдоў і кажа ім: я ніякае віны ў Ім ня знахо́джу.
Пілат сказаў Яму: — што ёсьць праўда? і гэта сказаўшы, зноў выйшаў да юдэяў і сказаў ім: — я ніякае віны не знаходжу ў Ім.
Ёсьць жа ў вас звычай, каб (я) аднаго звальняў вам на Пасху. Дык хочаце, звольню вам Караля жыдоў?
Ёсьць-жа ў вас звычай, каб я аднаго кагось адпушчаў вам на Пасху; калі хочаце, адпушчу вам Караля Юдэйскага?
Тады закрычалі ўсе ізноў, кажучы: ня Яго, але Бараўву! А быў Бараўва — разбойнік.
Яны-ж зноў усе закрычалі: — ня Гэтага, але Вараўву! Вараўва-ж быў разбойнік.