Яна 10 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Міхася Міцкевіча

 
 

Праўду, Праўду кажу вам: хто ня Дзьвярыма ўваходзіць у авечы двор, але пералазіць інакш, той злодзей і разбойнік.
 
Папраўдзе, папраўдзе кажу вам: — хто не ўвайходзіць праз вароты на двор авечы, а пералазіць інакш, той злодзей і разбойнік.

А хто ўваходзіць Дзьвярыма, той пастыр авечак,
 
А хто ўвайходзіць праз вароты, той пастыр авечкам.

яму прыдзьвернік адчыняе, і авечкі голас ягоны слухаюць, і (ён) кліча авечкі свае па імені і выводзіць іх;
 
Яму прыбрамнік адчыняе, і авечкі слухаюць голасу яго; ён кліча авец сваіх паімённа і выводзіць іх.

і калі (ён) свае авечкі вывядзе, перад імі йдзе, і авечкі йдуць за ім, бо ведаюць голас ягоны;
 
І калі выведзе авечкі свае, ідзе перад імі, і авечкі йдуць за ім, бо ведаюць голас яго.

за чужым жа ня по́йдуць, але ўцякуць ад яго, бо ня ве́даюць чужога голасу.
 
За чужым-жа ня пойдуць, але разбягуцца ад яго, бо ня знаюць чужога голасу.

Гэту прыповесьць сказаў ім Ісус, але яны ня зразуме́лі, што (гэта) было, аб чым Ён гаварыў ім.
 
Гэтую прыпавесць сказаў ім Ісус, але яны не зразумелі, пра што такое Ён гаварыў ім.

І вось ізноў сказаў ім Ісус: Праўду, Праўду кажу вам, што Я ёсьць Дзьверы авечак.
 
Таму Ісус зноў сказаў ім: — папраўдзе, папраўдзе кажу вам: Я — вароты для авец.

Усе, колькі (іх) перада Мною ні прыходзіла, ёсьць зладзеі ды разбойнікі, але авечкі ня паслу́халі іх.
 
Усе, колькі іх прыйходзіла перада Мною — зладзеі і разбойнікі, але авечкі не паслухалі іх.

Я ёсьць Дзьверы; калі хто ўвойдзе празь Мяне, збавёны будзе, і ўвойдзе, і выйдзе, і пашу знойдзе.
 
Я ёсьць дзьвярмі тымі: хто праз Мяне ўвойдзе, збавёны будзе, і ўвойдзе, і выйдзе, і пажыву знойдзе.

Злодзей ня прыхо́дзе калі ня каб укра́сьці, і забіць, і загубіць. Я прыйшоў, каб Жыцьцё мелі, і мелі з наддаткам.
 
Злодзей прыйходзіць толькі дзеля таго, каб украсьці, забіць ці загубіць; Я прыйшоў, каб жыцьцё мелі, і ўдосталь мелі.

Я ёсьць Пастыр Добры: Пастыр Добры Жыцьцё Сваё аддае за авечкі,
 
Я пастыр добры; добры пастыр жыцьцё сваё аддае за авечкі свае.

а найміт, і ня бу́дучы пастырам, каму авечкі ня свае́, бачыць прыходзячага ваўка і пакідае авечкі і ўцяка́е: і воўк хапае іх і разганяе авечкі.
 
А найміт, хто ня пастыр, і авечкі яму не свае, бачачы, як урываецца воўк, пакідае авечкі і ўцякае, і воўк хапае іх і разганяе авечкі.

А найміт уцяка́е, бо (ён) ёсьць найміт, і ён ня турбу́ецца пра авечкі.
 
Найміт уцякае, бо найміт, і ня дбае пра авечкі.

Я ёсьць Пастыр Добры і ведаю, хто Мае, і Мае ведаюць Мяне.
 
Я — Пастыр Добры, і ведаю Маіх, і Мае ведаюць Мяне.

Як Бацька ведае Мяне, і Я ведаю Бацьку, і Жыцьцё Маё аддаю за авечкі.
 
Як Айцец Мяне знае, так і Я знаю Айца, і жыцьцё Маё кладу за авечкі.

І іншых авечак Я маю, што ня ёсьць з гэтага двара, і гэных Мне трэба прывесьці, і Голас Мой (яны) пачуюць. І станецца адно стада, (і) адзін Пастыр.
 
Маю Я і іншыя авечкі, ня з гэтага двара, і іх належыць Мне прывясьці, і яны пачуюць голас Мой, і будзе адзін статак і адзін Пастыр.

За тое Бацька любіць Мяне, што Я кладу Жыцьцё Маё, каб ізноў узяць яго.
 
За тое любіць Мяне Айцец, што Я аддаю жыцьцё Маё, каб зноў прыняць яго.

Ніхто ня адыйма́е яго ў Мяне, але Я Сам аддаю яго: Я маю ўладу аддаць яго і маю ўладу ізноў узяць яго. Гэты Загад Я дастаў ад Бацькі Майго.
 
Ніхто яго ад Мяне не адыйме, але Я Сам аддаю яго; і маю ўладу аддаць яго, і ўладу маю зноў прыняць яго; гэты запавет дастаў Я ад Айца Майго.

Тады ізноў ад гэтых словаў была спрэчка між жыдамі.
 
За гэтыя словы зноў узьнялася між юдэямі спрэчка.

І многія зь іх казалі: Ён мае дэмана і шалее: што (вы) слухаеце Яго?
 
Шматлікія з іх гаварылі: — Ён мае злыдуха і вар'юецца, што вы слухаеце Яго?

Другія казалі: гэтыя словы ня ёсьць апанаванага дэманам, ці можа дэман адчыняць сьляпым вочы?
 
Іншыя-ж гаварылі: — словы гэтыя не апантанага; ці-ж можа злыдух адчыняць вочы сьляпому?

І было сьвята абнаўленьня ў Ярузаліме, і была зіма.
 
Было-ж тады ў Ерусаліме сьвята Абнаўленьня, і была зіма.

І хадзіў Ісус у Сьвятыні, у Салямонавым крытым ходзе з калёнамі.
 
І хадзіў Ісус у храме, у прытворы Саламонавым.

Абступілі тады Яго жыды і казалі Яму: дакуль будзеш трымаць душу нашу ў няпэўнасьці? Калі Ты ёсьць Хрыстос, скажы нам проста.
 
Абступілі тут Яго юдэі, і кажуць Яму: — дакуль Ты будзеш марочыць нам душы? Калі Ты Хрыстос, дык скажы нам адкрыта.

Адказаў ім Ісус: Я сказаў вам, і (вы) ня ве́рыце; Чыны, што Я раблю ў Імя Бацькі Майго, яны сьведчаць пра Мяне.
 
Ісус адказаў ім: — Я сказаў вам, і ня верыце; учынкі, якія Я твару ў імя Айца Майго, сьветчаць за Мяне.

Але вы ня ве́рыце, бо вы ня з Маíх авечак, як Я сказаў вам.
 
Але вы ня верыце, бо вы не з Маіх авец, як Я вам сказаў.

Авечкі Мае слухаюць Голас Мой, і Я ведаю іх, і яны йдуць за Мною,
 
Авечкі Мае слухаюць голасу Майго, і Я знаю іх, і яны за Мною ідуць.

і Я даю ім Жыцьцё Вечнае, і ня загíнуць (яны) ніколі, і ніхто ня вырве іх із Рукі Маёй.
 
І Я даю ім жыцьцё вечнае, і не загінуць павек, і ніхто ня вырве іх з рукі Маей.

Бацька Мой, Які даў (іх) Мне, вялікшы (за) ўсіх, і ніхто ня мо́жа вырваць (іх) із рукі Бацькі Майго.
 
Айцец Мой, Хто даў іх Мне, большы за ўсіх, і ніхто ня можа адабраць іх з рукі Айца Майго:

Я і Бацька ёсьць Адно.
 
Я і Айцец — адзінства ёсьць.

Тады жыды ізноў схапілі каменьні, каб укаменаваць Яго.
 
Тады юдэі зноў хапіліся за камяньні, каб каменаваць Яго.

Адказаў ім Ісус: многа добрых учынкаў паказаў Я вам ад Бацькі Майго, за каторы (з) гэтых учынкаў камянуеце Мяне?
 
Ісус адказаў ім: — многа добрых чынаў паказаў Я вам ад Айца Майго; за каторы-ж з гэтых чынаў хочаце пабіць Мяне камяньнямі.

Адказалі Яму жыды, кажучы: за добры ўчынак ня камяну́ем Цябе, але за блюзьнерства, ды што Ты, будучы чалавекам, робіш Сябе Богам.
 
І сказалі юдэі Яму ў адказ: — не за добрыя ўчынкі хочам каменаваць Цябе, але за блюзьнерства і за тое, што Ты — чалавек — выдаеш Сябе за Бога.

Адказаў ім Ісус: ці ня напíсана ў Законе вашым: Я сказаў: вы ёсьць багі?
 
Ісус адказаў ім: — ці-ж не напісана ў законе вашым: — Я сказаў, вы богі.

Калі Ён назваў багамі тых, да каторых было Слова Боскае, дый ня мо́жа быць парушана Пісаньне,
 
Калі Ён назваў багамі тых, да каторых было слова Божае — а Пісаньне ня можа быць парушанае, —

Таму, Каго Бацька асьвяціў і паслаў у сьвет, вы кажаце: блюзьніш, што Я сказаў: Я ёсьць Сын Божы?
 
Дык як-жа Таму, Каго асьвяціў Айцец, вы кажаце — блюзьнерыш, — што Я сказаў: — Я Сын Божы?

Калі Я ня раблю Чыны Бацькі Майго, ня ве́рце Мне,
 
Калі Я ня выконваю дзеяньняў Айца Майго, ня верце Мне.

калі ж Я раблю, і калі Мне ня ве́рыце, паверце гэтым Учынкам, каб ведалі і ўверылі, што Бацька ўва Мне, і Я ў Ім.
 
Калі-ж выконваю, і ня верыце Мне, то верце ўчынкам Маім, каб пазналі і ўверылі, што Айцец ува Мне і Я ў Ім.

Тады ізноў шукалі ўхапіць Яго, але Ён выйшаў з рукі іхнай
 
Тады зноў намкнуліся схапіць Яго, але Ён ухіліўся ад рук іхных.

і пайшоў ізноў за Ярдан, на мейсца, дзе быў Яан раней хрысьцячы, і застаўся там.
 
І пайшоў зноў за Йардан, дзе раней хрысьціў Ян, і там застаўся.

І многія прыйшлі да Яго і казалі, што хоць Яан ня зрабíў ніякага цуду, але ўсё, што сказаў Яан аб Ім, было праўдзівае.
 
І многія прыйшлі да Яго; і гаварылі, што Ян не стварыў ніякага цуду, але ўсё, што сказаў Ян пра Яго, бы праўдзівае.

І многія там уверылі ў Яго.
 
І многія ўверылі ў Яго там.