Адкрыцьцё 8 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І калі (Ён) зьняў сёмую пячатку, сталася на небе цішыня, як бы (на) паўгадзіны.
 
І калі Ён зьняў сёмую пячатку, моўча паўстала на небе як бы на паўгадзіны.

І я ўбачыў сем Ангелаў, якія стаялі перад Богам; і дадзены былі ім сем труб.
 
І ўгледзеў я сем анёлаў, якія стаялі перад Богам; і дадзена ім сем трубаў.

І іншы Ангел прыйшоў і стаў перад ахвярнікам маючы залатое кадзіла. І дадзена было яму шмат тыміяму (пахнасьцяў), каб ён сумясьціў (яго) з малітвамі ўсіх сьвятых і (усклаў гэта) на залаты ахвярнік, які перад Пасадам.
 
І прыйшоў іншы анёл і стаў перад ахвярнікам, трымаючы залатое кадзіла; і дадзена было яму багата фіміяму, каб ён з малітвамі ўсіх сьвятых усклаў яго на залаты ахвярнік перад тронам.

І ўзьняўся перад Богам дым (водар) ад тыміяму (пахнасьцяў) з малітвамі сьвятых ад рукі Ангела.
 
І ўзьнёсься дым фіміяму з малітвамі сьвятых ад рукі анёла перад Богам.

І ўзяў Ангел кадзіла і напоўніў яго агнём з ахвярніку, і кінуў на зямлю: і ўчыніліся галасы і грмы, і маланкі, і зямлятрус.
 
І ўзяў анёл кадзіла, і напоўніў яго жарам з ахвярніка, і кінуў на зямлю: і ўчыніліся галасы і грамы, і маланкі і землятрусы.

І сем Ангелаў, маючы сем труб, падрыхтаваліся, каб затрубіць.
 
І сем анёлаў, што мелі сем трубаў, падрыхтаваліся трубіць.

І першы Ангел затрубіў, і стаўся град і агонь, зьме́шаныя з крывёю, і былі кінуты на зямлю; і траціна дрэваў была спа́лена, і ўся зялёная трава была спа́лена.
 
Першы анёл затрубіў, і зрабіўся град і вагонь, зьмяшаныя з крывёю, і апалі на зямлю; і траціна ўсіх дрэваў згарэла, і ўся трава зялёная выгарала.

І другі Ангел затрубіў, і як бы аграмадная гара, пала́ючы агнём, была ўкінута ў мора; і траціна мора стала крывёю.
 
Другі анёл затрубіў, і як бы вялікая гара, вагнём распаленая, абвалілася ў мора; і траціна мора зрабілася крывёю,

І вымерла траціна стварэньняў, што ў моры, якія мелі жыцьцё; і траціна судзён была зьнішчана.
 
і вымерла траціна жывога стварэньня ў моры, і траціна караблёў загінула.

І трэйці Ангел затрубіў, і ўпала зь неба зорка вялікая, палаючы як паходня, і ўпала на траціну рэкаў і на крыніцы водаў.
 
Трэйці анёл затрубіў, і ўпала зь неба вялікая зорка, палаючы, нібы сьветач, і ўпала на траціну рэк і крыніцы водаў.

І імя той зоркі называецца Палын; і траціна (водаў) сталася палыном, і многія людзі памерлі ад гэтых водаў, таму што яны сталі горкімі.
 
Імя гэтай зорцы палын; і траціна ўсіх водаў зрабілася палыном, і многія людзі памерлі ад водаў, бо яны прагорклі.

І чацьверты Ангел затрубіў, і была паражона траціна сонца і траціна месяца, і траціна зорак, так што траціна іх сталася зацемрана, і дзень трэйцюю (частку) сваю ня быў асьветлены, таксама і ноч.
 
Чацьвёрты анёл затрубіў, і ўдар спасьціг траціну сонца і траціну месяца і траціну зорак, так што зацьмілася траціна іх, і траціна дня не сьвяціла больш — так, як і ночы.

І я глянуў і пачуў аднаго Ангела, які ляцеў пасярод неба і гаварыў моцным голасам: гора, гора, гора тым, хто жыве на зямлі ад астатніх гукаў трубы трох Ангелаў, якія маюць трубіць.
 
І бачыў я і чуў аднаго анёла, які ляцеў пасярод неба і прамаўляў гучным голасам: гора, гора, гора жывым на зямлі ад астатніх трубных галасоў трох анёлаў, якія будуць трубіць!