Да Габрэяў 8 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

А галоўнае, пра што кажам, ёсьць у тым: мы маем Архірэя, Які сеў праваруч пасаду Велічы на Нябёсах,
 
Галоўны зьмест таго, праз што кажам, ё: мы маем такога найвышшага Сьвятара, Каторы сеў паправе пасаду Вялікасьці,

слугу Сьвятыні і Скініі сапраўднай, якую паставіў Госпад, а ня чалавек.
 
Слугачага сьвятыні і тае праўдзівае вітальні, каторую збудаваў Спадар, а не чалавек.

Бо кожны архірэй стаўляецца, каб прыносіць дары і ахвяры; а таму і Гэтаму трэба было мець, што прынесьці.
 
Бо кажнага найвышшага сьвятара прызначаюць абракаць дары а аброкі; затым надабе было, каб і Гэты меў штось, што аброк бы.

Калі б Ён заставаўся на зямлі, дык ня быў бы сьвятаром, таму што тут ужо ёсьць сьвятары, якія прыносяць дары паводля Закону,
 
Вось жа, калі б запраўды Ён быў на зямлі, ня быў бы нават сьвятаром, бо тут сьвятарове абракаюць дары з права,

якія служаць абразу і ценю нябесных рэчаў, як было сказана Масею, калі ён маніўся паставіць скінію: «Дык глядзі, — кажа Ён, — зрабі ўсё па ўзору, які паказаны табе на гары».
 
Каторыя служаць абразу а сьценю нябёсных рэчаў, як сказана было натханьням Масею, як ён меў скончыць вітальню: «Глядзі, кажа Ён, каб ты зрабіў усе подле зразы, каторая была паказана табе на гары».

Цяпер жа Ён атрымаў найвыдатнейшае служэньне, паколькі Ён стаў Пасярэднікам лепшага Запавету, які ўзаконены на самых лепшых абяцаньнях.
 
Цяпер жа тым гаднейшае дасяг службы, чым лепшае Ён пасярэднік змовы, каторая на лепшых абятніцах устаноўлена.

Бо калі б той першы (Запавет) быў (абсалютна) дасканалым, дык ня было б патрэбы шукаць мейсца для другога.
 
Бо калі б тая першая была без заганы, ня шукалі б месца другой.

Але (прарок) дакараючы іх кажа: «Вось надыходзяць дні, — кажа Госпад, — калі Я ўчыню з домам Ізраэля і з домам Юды Новы Запавет,
 
Бо, знаходзячы загану, кажа ім: «Абач, настануць дні, кажа Спадар, і Я ўчыню з домам Ізраелявым а з домам Юдзіным змову новую,

ня падобны Запавету, які Я ўчыніў з ба́цькамі іхнымі ў дзень (той), калі Я ўзяў іх за руку́, каб вывесьці іх зь зямлі Ягіпту, але яны ня жылі паводля Майго Запавету, і Я перастаў рупіцца пра іх, — гаворыць Госпад. —
 
Ня подле змовы тае, каторую Я ўчыніў з айцамі іхнымі ў дзень, як Я ўзяў іх за руку, каб вывесьці іх ізь зямлі Ягіпецкае; бо яны ня трывалі ў змове Маёй, і Я ўлегцы замеў іх, кажа Спадар.

Дык вось Запавет, які Я ўчыню з домам Ізраэля пасьля дзён гэных, — кажа Госпад, — укладу законы Мае ў думкі іхныя і напішу іх на сэрцах іхных і буду ім Богам, а яны будуць Мне народам.
 
Во тая змова, каторай Я змоўлюся з домам Ізраелявым просьле тых дзён, кажа Спадар: укладу правы Свае ў думкі іхныя, і на сэрцах іхных напішу іх, і буду ім Богам, а яны будуць Імне людам.

І ня будзе вучыць кожны блізкага свайго і кожны брата свайго, кажучы: “Спазнай Госпада”, таму што ўсе будуць ведаць Мяне, ад малога іхняга да дарослага іхняга.
 
І ня будуць ніякім парадкам вучыць кажны бліжняга свайго і кажны брата свайго, кажучы: "Пазнай Спадара", бо ўсі, ад найменшага аж да найболынага зь іх, будуць знаць Мяне.

Бо Я буду літасьцівы да іх у няправеднасьцях іхных і грахоў іхных і бяззаконьняў іхных больш ня ўспомню».
 
Бо Я буду міласэрны да несправядлівасьцяў іхных а да грахоў іхных і наперад бяспраўяў іхных ня ўспомню».

Калі кажа «новы», тым паказаў састарэласьць першага; а што парахнее і старэе — блізкае да зьнікненьня.
 
Гэтым кажа: «Новая» ўчыніла першую старой; а трухлеючае а старэючае блізкое да шчэзьненьня.