Да Габрэяў 11 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Яна Станкевіча
Вера ж ёсьць абсалютная ўпэўненасьць у зьдзяйсьненьні чакаемага і ўпэўненасьць у рэчах нябачных.
Вось жа, вера ёсьць ужыцьцяўленьне спадзяванага й перакананьне празь нявідомае.
Бо празь яе старэйшыя атрымалі сьведчаньні.
Ёю сьветчаньня дасяглі старавечныя.
Верай мы спазнаём, што вякі наладжаны Словам Бога, што із нябачнага зроблена бачнае.
Вераю ж разумеем, што вякі ухармаваны словам Божым, так што нявідомае стала відомым.
Празь веру Абель прынёс Богу ахвяру лепшую, чым Каін, празь якую атрымаў сьведчаньне, што ён ёсьць праведны, таму што аб дарах ягоных засьведчыў Бог; і празь яе ён, памёршы, усё яшчэ гаворыць.
Вераю Авель аброк Богу аброк лепшы, чымся Каін; ёю адзяржаў сьветчаньне, што ён справядлівы, Бог пасьветчыў праз дары ягоныя; ёю ён, памершы, яшчэ гукае.
Празь веру Янох быў перасе́лены, каб ня ўбачыць сьмерці; і ня знайшлі яго, таму што перасяліў яго Бог. Бо перад перасяленьнем сваім ён атрымаў сьведчаньне, што дагадзіў Богу.
Вераю Енох быў перанесены, каб ня бачыць сьмерці; і ня знойдзены, бо Бог перанёс Яго. Бо ўперад, чымся быў перанесены, меў сьветчаньне, што падабаў Бог яго.
А бяз веры дагадзіць (Богу) нямагчыма; бо хто прыходзіць да Бога, таму трэба верыць, што Ён ёсьць, і шукальнікам Яго дае ўзнагароду.
Бязь веры ж нельга падабацца; бо хто бліжыцца да Бога, мае верыць, што Ён ё, і шукаючым Яго адплачуе.
Праз веру Ной, атрымаўшы папярэджаньне адносна таго, чаго яшчэ ніколі ня бачылі, багаве́ючы (перад Словам Бога), збудаваў каўчэг для выратаваньня дому свайго; праз яе (веру) ён асудзіў гэты сьвет і праз веру стаўся нашчадкам праведнасьці.
Вераю Ной, перасьцярэжаны Богам празь яшчэ нявідомае, багабойліва прыгатаваў караб да спасеньня дому свайго; ёю засудзіў сьвет і стаў спадкаемцам справядлівасьці, што зь веры.
Абрагам, паклíканы, празь веру паслухаўся ісьці ў мейсца, якое меўся дастаць у спадчыну, і пайшоў, ня ведаючы, куды ідзе.
Вераю Абрагам, пагуканы, паслухаў ісьці да месца, каторае меў адзяржаць на спадак; і вышаў, няведаючы, куды йдзець.
Празь веру ён жыў у зямлі абяцанай, як у чужой, жывучы ў намётах зь Ісага́кам і Якубам, зь суспадкаемцамі таго ж абяцаньня;
Вераю падарожжаваў ён па зямлі абяцанай, як чуж-чужанін, жыхарачы ў буданох з Ісаком а Якавам, суспадкаемцамі тае ж абятніцы;
бо ён чакаў места, падмуркі якога (вечныя), дойлід і будаўнік якога ёсьць Бог.
Бо ён спадзяваўся места, што мела под, каторага мастак а будаўнічы Бог.
Празь веру і сама Сарра атрымала сілу для зачацьця і насуперак пары ўзросту нарадзіла, бо яна лічыла, што верны Той, Хто даў абяцаньне.
Вераю й сама Сорра адзяржала моц да прыйма семені, і вонках паравога веку, бо мела за вернага Таго, Хто абяцаў.
Таму і ад аднаго, і прытым амярцьвелага (цела), нарадзілася так многа, як зорак на небе, і столькі, як нязьлічоны пясок на беразе марскім.
І затым запраўды ад аднаго, ды зьмярцьвелага, нарадзілася так шмат, як зораў на небе і як няшчысьлёны пясок на беразе морскім.
Усе яны паме́рлі, застаючыся ў веры, ня атрымаўшы абяцанага ды толькі здаля ўбачыўшы яго ды атрымаўшы ўпэўненасьць і прывітаўшы яго, і вызнаючы, што яны вандроўнікі і прыхадні на зямлі;
Усі гэтыя памерлі ў веры, не адзяржаўшы абятніцаў, адно здалеку бачылі іх, і вецілі, і вызнавалі, што яны чужнікі а прыходныя на зямлі;
бо тыя, што гэтак гавораць, кажуць, што яны шукаюць бацькаўшчыну.
Бо тыя, што так кажуць, паказуюць, што яны шукаюць айчыны.
І калі б яны ўспаміналі тую (бацькаўшчыну), з якое выйшлі, дык мелі б час вярнуцца;
І калі б яны ў думках мелі тую, з каторае вышлі, дык мелі спасобнасьць зьвярнуцца;
але цяпер яны імкнуцца да лепшага, гэта значыць да нябеснага; таму і Бог іхны ня саромеецца называцца Богам іхным: бо Ён ім прыгатаваў места.
Але яны імкнуліся да лепшага, значыцца да нябёснага; затым і Бог не сароміцца звацца іх Богам, бо Ён прыгатаваў ім места.
Абрагам будучы выпрабаваемым празь веру прынёс адзінароднага Ісагака ў ахвяру, якога атрымаў па абяцаньню,
Вераю Абрагам, спрабаваны, аброк Ісака, ды ён аброк адзінароднага свайго, каторы прыняў абятніцу,
і пра якога было сказана: у Ісагаку будзе названа насеньне табе;
Катораму было сказана: «У Ісаку названа будзе табе насеньне»;
бо лічыў, што Бог ду́жы ўваскрасіць нават і зь мёртвых, таму і атрымаў яго як знак.
Бо ён уважаў, што Бог дуж і зь мертвых ускрысіць. Затым і адзяржаў яго як праабраз.
Празь веру ў будучыню Ісагак багаславіў Якуба і Ісава.
Вераю ў будучыню Ісак дабраславіў Якава а Ісава.
Якуб, паміраючы, багаславіў кожнага з сыноў Язэпа і пакланіўся на верх жазла свайго.
Вераю Якаў, паміраючы, дабраславіў кажнага сына Язэпавага і сьхінуўся на верх посаха свайго.
Язэп, паміраючы, празь веру успомніў пра выхад сыноў Ізраэля і наказаў пра косткі свае.
Вераю Язэп, паміраючы, зрабіў менку праз выхад сыноў Ізраелявых і даў паручэньне ўзглядам касьцей сваіх.
Масей, будучы народжаным, празь веру быў хаваны тры месяцы бацька́мі сваімі, таму што яны бачылі, што дзіця па асабліваму прыемнае, і ня пабаяліся загаду валадара.
Вераю Масей па нараджэньню быў хаваны тры месяцы бацькамі сваімі, бо яны бачылі дзецянётка пазорнае і не пабаяліся загады каралеўскае.
Масей, стаўшы дарослым, празь веру адмовіўся называцца сынам дочкі хвараона,
Вераю Масей, вырасшы, адмовіўся звацца сынам дачкі фараонавае;
але добраахвотна абраў, што лепш паку́таваць з народам Бога, чым мець часовую асалоду ад грэху,
Валей абраўшы цярпець гароту зь людам Божым, чымся мець часную прыемнасьць раскошы,
палічыўшы большым багацьцем зьнявагу Хрыста, чым скарбы Ягіпту: бо ён глядзеў на ўзнагароду (Бога).
Маючы вярненьне Хрыстова за большае багацьце, чымся ягіпецкія скарбы; бо ён уважаў на адплату.
Празь веру ён пакінуў Ягіпет, ня збаяўшыся ярасьці валадара, таму што як бы бачачы Нябачнага, быў цьвёрды.
Вераю пакінуў ён Ягіпет, не пабаяўшыся гневу каралеўскага, бо ён, быццам бачачы Нявідомага, быў станаўкі.
Празь веру ён учыніў пасху і праліцьцё крыві, каб зьнішчальнік першынцаў ня крануў іх.
Вераю справіў ён Пасху і разьліцьцё крыві, каб нішчэньнік першакоў не даткнуўся да іх.
Празь веру яны перайшлі Чырвонае мора, як па сухапуцьцю, што паспробаваўшы зрабіць, ягіпцяне былі патоплены.
Вераю прайшлі яны Чырвонае мора, як па зямлі, чаго паспрабаваўшы, Ягіпцяне патанулі.
Празь веру рухнулі сьцены Ярыхону, калі былі абыйдзены на (працягу) сямі дзён.
Вераю паваліліся сьцены ерыхонскія па сямідзенным абходжаньню.
Празь веру (і) Рагаб блудадзейка ня загінула разам зь нявернымі, прыняўшы выведнікаў зь мірам.
Вераю Рагаў бязуля, прыняўшы із супакоям узьведнікаў (і правёўшы іх другой дарогаю), не загінула зь нявернымі.
І што яшчэ скажу? Бо ня хопіць мне часу распавядаць пра Гедэона, Барака і Самсона, і Яхвая, Давіда і Самуйлу, і прарокаў,
І што яшчэ скажу? Ня стане імне часу, каб павядаць празь Ґідэона а Варака а Самсона а Еффая а Давіда а Самуйлу а прарокаў,
якія празь веру перамагалі валадарствы, чынілі праўду, атрымлівалі абяцаньні, закрывалі пашчы львам,
Каторыя вераю перамагалі гаспадарствы, чынілі справядлівасьць, адзержавалі абятніцы, зачынялі ляпы лявом,
гасілі моц агню, пазьбягалі вастрыя мяча, ачу́ньвалі ад не́мачы, былі моцнымі на вайне, праганялі войскі чужынцаў;
Гасілі сілу агню, уцякалі ад ляза мяча, мацаваліся ад кволасьці, былі дужыя на вайне, праганялі войскі чужых;
жонкі атрымлівалі сваіх памёршых уваскрэслымі; іншыя ж былі забітымі, ня прыняўшы вызваленьня, каб атрымаць лепшае ўваскрашэньне;
Жанкі адзержавалі памерлых сваіх ускрэслымі; іншыя ж замучаныя былі, не адзяржаўшы вывальненьня, каб дастаць лепшае ўскрысеньне;
іншыя ж нацярпеліся ад зьдзекаў і пабояў, і яшчэ ад путаў і вязьніцы:
А іншыя дазналі насьміханьняў а біцьця розкамі а путаў а вязьніцы;
былі забіваныя камянямі, распілаваныя, катаваныя, паміралі ад мяча, туляліся ў авечых і казіных шкурах, церпячы нястачу, уціскі, пакуты.
Былі каменаваны, спакушаны, паміралі ад мяча, туляліся ў вавечых а казіных скурах, у нястачы, атугах, благім абходжаньню;
Увесь сьвет іх быў ня варты — тых, што блукалі па пустэльням і ў горах, і пячорах, і па шчылінах зямлі.
Каторых сьвет ня быў годны, цягаліся па пустынях а гарах а пячорах а раськепінах зямлі.
І ўсе гэтыя, якія атрымалі добрае пасьведчаньне празь веру, ня атрымалі абяца́нага
І ўсі гэтыя, дасягшы сьветчаньня вераю, не адзяржалі абятніцы,
таму што Бог прадугледзіў для нас нешта лепшае, каб яны ня бяз нас дасягнулі дасканаласьці.
Бо Бог штось лепшае нам перадбачыў, каб яны не бяз нас сталі дасканальныя.