Да Габрэяў 11 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Вера ж ёсць ажыцяўленне чаканага, упэўненасць у рэчах нябачных.
 
Вось жа, вера ёсьць ужыцьцяўленьне спадзяванага й перакананьне празь нявідомае.

Бо ў гэтым былі засведчаны старэйшыя.
 
Ёю сьветчаньня дасяглі старавечныя.

Вераю мы разумеем, што наладзіліся вякі словам Божым, так што з нябачнага ўзнікла бачнае.
 
Вераю ж разумеем, што вякі ухармаваны словам Божым, так што нявідомае стала відомым.

Вераю Авель прынёс Богу ахвяру большую, чым Каін; праз яе атрымаў сведчанне, што ён праведны, — пра яго дары сведчыў Бог, і ёю пасля смерці яшчэ гаворыць.
 
Вераю Авель аброк Богу аброк лепшы, чымся Каін; ёю адзяржаў сьветчаньне, што ён справядлівы, Бог пасьветчыў праз дары ягоныя; ёю ён, памершы, яшчэ гукае.

Вераю Гэнох быў перанесены на неба, так каб не ўбачыць смерці і не знайшлі яго, таму што Бог перанёс яго. Бо перад [сваім] перанясеннем ён атрымаў сведчанне, што ён даспадобы Богу.
 
Вераю Енох быў перанесены, каб ня бачыць сьмерці; і ня знойдзены, бо Бог перанёс Яго. Бо ўперад, чымся быў перанесены, меў сьветчаньне, што падабаў Бог яго.

А без веры немагчыма быць даспадбы Яму, бо той, хто прыходзіць да Бога, павінен вераваць, што Ён ёсць, і тых, хто шукае Яго, узнагароджвае.
 
Бязь веры ж нельга падабацца; бо хто бліжыцца да Бога, мае верыць, што Ён ё, і шукаючым Яго адплачуе.

Вераю апавешчаны Ной пра яшчэ нябачнае з богашаноўным страхам пабудаваў каўчэг для выратавання свайго дома; праз яе ён асудзіў свет і зрабіўся спадкаемцам праведнасці паводле веры.
 
Вераю Ной, перасьцярэжаны Богам празь яшчэ нявідомае, багабойліва прыгатаваў караб да спасеньня дому свайго; ёю засудзіў сьвет і стаў спадкаемцам справядлівасьці, што зь веры.

Аўраам, пакліканы вераю, паслухаўся выйсці ў краіну, якую ён меўся прыняць у спадчыну, і выйшаў, не ведаючы, куды ідзе.
 
Вераю Абрагам, пагуканы, паслухаў ісьці да месца, каторае меў адзяржаць на спадак; і вышаў, няведаючы, куды йдзець.

Вераю ён пасяліўся у зямлі абяцанай, як у чужой, жывучы ў буданах з Ісаакам і Іякавам, суспадкаемцамі таго ж абяцання;
 
Вераю падарожжаваў ён па зямлі абяцанай, як чуж-чужанін, жыхарачы ў буданох з Ісаком а Якавам, суспадкаемцамі тае ж абятніцы;

бо ён чакаў горада, які мае аснову, дойлід і будаўнік якога — Бог.
 
Бо ён спадзяваўся места, што мела под, каторага мастак а будаўнічы Бог.

Вераю і сама Сара, бясплодная, атрымала сілу на зачацце насення і, насуперак пары ўзросту, [нарадзіла], бо яна лічыла верным Таго, Хто абяцаў.
 
Вераю й сама Сорра адзяржала моц да прыйма семені, і вонках паравога веку, бо мела за вернага Таго, Хто абяцаў.

Таму і ад аднаго, і да таго ж змярцвелага, нарадзілася так шмат, як мноства зорак на небе і як незлічонага пяску на марскім беразе.
 
І затым запраўды ад аднаго, ды зьмярцьвелага, нарадзілася так шмат, як зораў на небе і як няшчысьлёны пясок на беразе морскім.

Усе яны памерлі ў веры, не атрымаўшы абяцанага, а ўбачыўшы яго здалёк і прывітаўшы і вызнаўшы, казалі пра сябе, што яны чужынцы і прыхадні на зямлі.
 
Усі гэтыя памерлі ў веры, не адзяржаўшы абятніцаў, адно здалеку бачылі іх, і вецілі, і вызнавалі, што яны чужнікі а прыходныя на зямлі;

Бо тыя, што кажуць такое, паказваюць, што яны шукаюць бацькаўшчыну.
 
Бо тыя, што так кажуць, паказуюць, што яны шукаюць айчыны.

І калі б яны ўспаміналі пра тую бацькаўшчыну, з якой выйшлі, яны мелі б мажлівасць вярнуцца;
 
І калі б яны ў думках мелі тую, з каторае вышлі, дык мелі спасобнасьць зьвярнуцца;

але цяпер яны імкнуцца да лепшай бацькаўшчыны, значыць да нябеснай. Таму Бог не саромеецца іх, называючы Сябе іх Богам, — бо Ён падрыхтаваў ім горад.
 
Але яны імкнуліся да лепшага, значыцца да нябёснага; затым і Бог не сароміцца звацца іх Богам, бо Ён прыгатаваў ім места.

Вераю Аўраам, паддадзены выпрабаванню, прынёс у ахвяру Ісаака; прытым той, хто прыняў абяцанне, прыносіў адзінароднага,
 
Вераю Абрагам, спрабаваны, аброк Ісака, ды ён аброк адзінароднага свайго, каторы прыняў абятніцу,

пра якога было сказана: «У Ісааку будзе названа тваё насенне»,
 
Катораму было сказана: «У Ісаку названа будзе табе насеньне»;

ён, палічыўшы, што Бог у сілах з мёртвых уваскрашаць, адкуль ён, кажучы вобразна8 і атрымаў яго назад.
 
Бо ён уважаў, што Бог дуж і зь мертвых ускрысіць. Затым і адзяржаў яго як праабраз.

Вераю ў будучыню Ісаак добраславіў Іякава і Ісава.
 
Вераю ў будучыню Ісак дабраславіў Якава а Ісава.

Вераю Іякаў, паміраючы, добраславіў кожнага з сыноў Іосіфа і пакланіўся Богу, абапіраючыся на верх свайго жазла.
 
Вераю Якаў, паміраючы, дабраславіў кажнага сына Язэпавага і сьхінуўся на верх посаха свайго.

Вераю Іосіф, паміраючы, прыпомніў аб зыходзе сыноў Ізраілевых і распарадзіўся аб сваіх касцях.
 
Вераю Язэп, паміраючы, зрабіў менку праз выхад сыноў Ізраелявых і даў паручэньне ўзглядам касьцей сваіх.

Вераю Маісей, калі нарадзіўся, тры месяцы быў хаваны сваімі бацькамі, бо яны ўбачылі, што немаўля цудоўнае і не пабаяліся загаду цара.
 
Вераю Масей па нараджэньню быў хаваны тры месяцы бацькамі сваімі, бо яны бачылі дзецянётка пазорнае і не пабаяліся загады каралеўскае.

Вераю Маісей, калі стаў дарослы, адмовіўся называцца сынам фараонавай дачкі,
 
Вераю Масей, вырасшы, адмовіўся звацца сынам дачкі фараонавае;

абраўшы лепей цярпець з народам Божым, чым мець часовую асалоду ад граху,
 
Валей абраўшы цярпець гароту зь людам Божым, чымся мець часную прыемнасьць раскошы,

палічыўшы знявагу Хрыста за большае багацце, чым скарбы Егіпту; бо ён глядзеў на Божую ўзнагароду.
 
Маючы вярненьне Хрыстова за большае багацьце, чымся ягіпецкія скарбы; бо ён уважаў на адплату.

Вераю ён пакінуў Егіпет, не збаяўшыся царскага гневу: бо ён, нібы бачачы Нябачнага, быў настойлівы.
 
Вераю пакінуў ён Ягіпет, не пабаяўшыся гневу каралеўскага, бо ён, быццам бачачы Нявідомага, быў станаўкі.

Вераю ён справіў Пасху і праліццё крыві, каб знішчальнік першынцаў не крануў іх.
 
Вераю справіў ён Пасху і разьліцьцё крыві, каб нішчэньнік першакоў не даткнуўся да іх.

Вераю яны перайшлі нібы сухапуццем праз Чырвонае мора, у якім егіпцяне, зрабіўшы такую спробу, патапіліся.
 
Вераю прайшлі яны Чырвонае мора, як па зямлі, чаго паспрабаваўшы, Ягіпцяне патанулі.

Вераю ўпалі муры Іерыхона пасля таго, як іх абыходзілі навокал сем дзён.
 
Вераю паваліліся сьцены ерыхонскія па сямідзенным абходжаньню.

Вераю распусніца Рааў не загінула з непакорнымі, прыняўшы з мірам разведчыкаў.
 
Вераю Рагаў бязуля, прыняўшы із супакоям узьведнікаў (і правёўшы іх другой дарогаю), не загінула зь нявернымі.

І што яшчэ скажу? Бо не хопіць мне часу, калі я буду расказваць пра Гедэона, Варака, Самсона, Іяфая, пра Давіда і Самуіла і прарокаў,
 
І што яшчэ скажу? Ня стане імне часу, каб павядаць празь Ґідэона а Варака а Самсона а Еффая а Давіда а Самуйлу а прарокаў,

якія вераю перамагалі царствы, тварылі праведнасць, атрымлівалі абяцанні, закрывалі пашчы львам,
 
Каторыя вераю перамагалі гаспадарствы, чынілі справядлівасьць, адзержавалі абятніцы, зачынялі ляпы лявом,

гасілі моц агню, пазбягалі вастрыя мяча, умацоўваліся ад слабасці, станавіліся магутнымі на вайне, прымушалі ўцякаць палкі чужынцаў.
 
Гасілі сілу агню, уцякалі ад ляза мяча, мацаваліся ад кволасьці, былі дужыя на вайне, праганялі войскі чужых;

Жанчыны атрымлівалі сваіх мёртвых уваскрэслымі; другія ж былі замардаваныя, не прыняўшы вызвалення, каб атрымаць лепшае ўваскрэсенне;
 
Жанкі адзержавалі памерлых сваіх ускрэслымі; іншыя ж замучаныя былі, не адзяржаўшы вывальненьня, каб дастаць лепшае ўскрысеньне;

іншыя ж зазналі выпрабаванні глумленнямі і бічаваннямі, і нават кайданамі і турмамі;
 
А іншыя дазналі насьміханьняў а біцьця розкамі а путаў а вязьніцы;

іх каменавалі, перапільвалі, мучылі, яны паміралі ад мяча, туляліся ў авечых, у казіных скурах, церпячы нястачу, уціскі, пакуты;
 
Былі каменаваны, спакушаны, паміралі ад мяча, туляліся ў вавечых а казіных скурах, у нястачы, атугах, благім абходжаньню;

тыя, якіх свет не быў варты, бадзяліся па пустэльнях, і гарах, і пячорах, і расселінах зямлі.
 
Каторых сьвет ня быў годны, цягаліся па пустынях а гарах а пячорах а раськепінах зямлі.

І ўсе яны, атрымаўшы добрае сведчанне праз веру, не атрымалі абяцанага,
 
І ўсі гэтыя, дасягшы сьветчаньня вераю, не адзяржалі абятніцы,

таму што Бог прадугледзеў нешта лепшае для нас, не хацеў, каб яны без нас дасяглі дасканаласці.
 
Бо Бог штось лепшае нам перадбачыў, каб яны не бяз нас сталі дасканальныя.