Да Ціта 3 разьдзел

Пасланьне да Ціта
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

Напамінай ім, каб яны прыслухоўваліся і падпарадкоўваліся начальствам і ўладам і былí гатовымі на ўсякі добры ўчынак,
 

каб нікога ня абмаўлялі, каб былí ня сварлівымі, каб былí справядлівымі, каб праяўлялі поўную ціхасьць перад усімі людзьмі.
 

Бо былí не́калі і мы няразумнымі, няпаслухмянымі, заблукаўшымі, былí рабамі юрлівасьцяў і розных асалодаў, жывучы ў злосьці і зайздрасьці, былí агіднымі, нянавідзілі адзін аднаго.
 

Калі ж былі зьяўлены Багадаць і чалавекалюбства Збавіцеля нашага Бога,
 

ня дзеля ўчынкаў праведнасьці, якія мы ўчынілі, але паводля Сваёй міласэрнасьці збавіў Ён нас праз купелю адраджэньня і абнаўленьня Сьвятым Духам,
 

Якога Ён шчодра выліў на нас праз Ісуса Хрыста, Збавіцеля нашага,
 

каб мы, апраўданыя Ягонай Багадацьцю, сталіся спадкаемцамі жыцьця вечнага паводля надзеі (нашай).
 

Слова гэта вернае; таму я хачу, каб ты настойліва гэта сьцьвярджаў: каб тыя, што паверылі ў Бога, рупіліся быць дбайнымі ў добрых учынках, — гэта добра і карысна людзям.
 

Дурных жа спрэчак пра радаводы, а таксама спрэчак і сварак адносна Закону, пазьбягай; бо яны бяскарысныя і марныя.
 

Гарэтыка чалавека пасьля першага і другога папярэджаньня пазьбягай,
 

ведаючы, што гэтакі ўпаў у лжэвучэньне і грэшыць і сам наклікае на сябе суд.
 

Калі пашлю да цябе Арцёма ці Цíхіка, пасьпяшайся прыйсьці да мяне ў Нікаполь, бо я вырашыў там перазімаваць.
 

Дзіну законьніка і Апалёса парупся выправіць у дарогу так, каб у іх ні ў чым ня было нястачы.
 

Хай вучацца таксама і нашыя практыкавацца ў добрых учынках дзеля (задавальненьня) няабходных патрэбаў, каб ня былí яны бясплоднымі.
 

Вітаюць цябе ўсе, хто са мною. Прывітай тых, хто любіць нас у веры. Багадаць са ўсімі вамі. Амін.