Псалтыр 31 псалом

Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

Кіраўніку хору. Псальм Давідавы.
 

У Цябе, Ягова, я знайшоў прытулак, беражы мяне ў вяках вякоў ад асаромленьня! Ратуй мяне ў Тваёй справядлівасьці!
 

Нахілі да мяне Тваё вуха! Пасьпешна выбаўляй мяне! Будзь для мяне абарончай скалой, умацаваным замчышчам, каб мяне ратаваць;
 

бо скала мая і замчышча маё ёсьць Ты. І дзеля Імя Твайго Ты будзеш вадзіць мяне і кіраваць мной,
 

выцягваць мяне із сеткі, якую яны ўкрадкам паклалі перада мной, бо Ты цьвярдыня мая.
 

У Тваю Руку перадаю Дух Мой. Ты збавіў Мяне, Ягова, Ты Бог праўды.
 

Я нянавіджу тых, хто ўшаноўвае нікчэмных балванаў. Але я, я спадзяюся на Ягову.
 

Я буду весяліцца і радавацца ў міласэрнасьці Тваёй. Бо Ты ўбачыў бедства маё, уведаў пра ўціскі душы маёй,
 

і Ты ня перадаў мяне ў руку ворага, паставіў стопы мае на прасторным мейсцы.
 

Будзь міласэрны да мяне, Ягова, бо я прыгнечаны! Ад гора запа́ла вока маё, душа мая і цела маё.
 

Бо ў скрусе марнее жыцьцё маё, і мае гады праходзяць ва ўздыханьнях. Па прычыне грэху майго хістаецца сіла мая, і сохнуць косткі мае.
 

Я стаўся пасьмешышчам перад усімі маімі прыціскальнікамі, нават і перад суседзямі маімі, страхоцьцем для знаёмых маіх; якія, калі ўбачаць мяне на вуліцы, уцякаюць ад мяне.
 

Я забыты ў сэрцы, быццам нябожчык; я — як посуд разьбіты,
 

бо я чую ад многіх ліхаслоўе, адусюль жах. Яны разам трымаюць нараду супраць мяне, намышляюць аб тым, каб адабраць у мяне маё жыцьцё.
 

Але я, я спадзяюся на Цябе, Ягова. Я кажу: «Ты ёсьць мой Бог».
 

У Тваёй Руцэ — мае дні. Вызвалі мяне із рукі маіх ворагаў і ад маіх перасьледвацеляў!
 

Хай сьвеціць Аблічча Тваё над рабом Тваім. Ратуй мяне міласэрнасьцю Тваёю!
 

Ягова, ня дай мне быць пасаромленым, бо я да Цябе гукаю! Хай будуць пасаромлены бязбожнікі, хай яны змоўкнуць у мейсцы сьмерці.
 

Няхай занямеюць вусны ілжывыя, што гідоту гавораць на праведнага ў ганарлівасьці і пагардзе.
 

Як жа вялікая дабрыня Твая, якую Ты прыхаваў дзеля тых, што баяцца Цябе, і праявіў тым, якія іхны прытулак шукаюць у Цябе перад абліччам сыноў чалавечых!
 

Ты беражэш іх у мейсцы сховішча Аблічча Твайго ад зламысных змоваў людзей. Ты беражэш іх (у Тваім) жытле ад языкоў звадлівых.
 

(Хай будзе) багаславёны Ягова, бо Ён зьявіў мне цудоўную міласэрнасьць ва ўмацаваным месту!
 

А я, я сказаў у няаба́члівасьці сваёй: «я адцяты ад Вачэй Тваіх». Але Ты пачуў голас маленьняў маіх, калі я крычаў да Цябе.
 

Любіце Ягову, усе сьвятыя Ягоныя! Верных бароніць Ягова, а тым, што ў пыхлівасьці ходзяць, адплачвае Ён з наддаткам.
 

Будзьце моцныя. Хай будзе мужным сэрца вашае, усе вы, што чакаеце на Ягову!