2 да Карынфянаў 11 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

О, калі б вы (хоць) крыху былі цярплівымі да маёй няразумнасьці! Але вы і церпіце мяне.
 
О, каліб вы маглі крошаньку суцерпець майго адчайдумства! Дый вы-ж церпіце мяне!

Бо я руплюся аб вас рупнасьцю Божай; бо я заручыў вас аднаму Мужу, каб прадставіць Хрысту чыстую дзеву.
 
Я бо зайздросна руплівы аб вас рупнасьцяй Божай, таму што заручыў вас мужу адзінаму, каб чыстаю дзявіцай перад Хрыстусам вас паставіць.

Але баюся, каб розумы вашыя ня былі пашкоджаны, як (некалі) зьмей хітрасьцю сваёй зьвёў Еву, так, каб і вы ня (ухіліліся) ад прастаты, якая ў Хрысьце.
 
Але баюся, каб, як зьмей сваёю хітрасьцю зьвёў Еву, гэтак і вашыя думкі ня былі папсаваныя, адхінуўшыся ад чыстае прастаты ў Хрыстусе.

Бо (бачу ў вас), што калі б нехта прыходзячы пачаў абвяшчаць другога Ісуса, якога мы вам ня абвяшчалі, альбо калі б вы атрымалі духа іншага, якога ня атрымалі, альбо Эвангельле іншае, якое вы ня прынялі, то вы (такога) гатовы б цярпець.
 
Бо каліб хто, прыйшоўшы, пачаў абвяшчаць вам іншага Хрыстуса, як мы вам абвяшчалі, або каліб вы прынялі іншага Духа, як той, каторага атрымалі, ці іншую Эванэлію, як тая, каторую дасталі, — то вы быліб вельмі цярплівымі.

Бо думаю, што я ні ў чым ня маю нястачы перад вышэйшымі Апосталамі.
 
Аднак думаю, што я ні ў чым ня менш выканаў за вялікіх Апосталаў;

Хаця я (для вас) і просты ў слове, але ня ў пазнаньні. І мы ва ўсім добра вядомыя вам.
 
бо калі я недарэка ў красамоўстве, то ўсёж — ня ў ведзе; у ва ўсім-жа мы добра ведамыя вам.

Ці саграшыў я, сябе ўніжаючы, каб вас узвысіць, калі я Божае Эвангельле апавясьціў вам зада́рма?
 
Няўжо я дапусьціўся праступку ў тым, што унізаў сябе, каб узвысіць вас, што задарма дабравесьціў вам Эванэлю Божую?

Дзеля вашага служэньня я браў на пражытак з другіх цэркваў,
 
Іншыя эклезіі абіраў я, дастаючы ад іх утрыманне, каб магчы служыць вам;

і будучы (працуючы) у вас і перанёсшы нястачу я нікога ня абцяжарыў; таму што нястачу маю папоўнілі браты, якія прыйшлі з Македоніі; ды і ва ўсім стараўся і буду старацца быць для вас ня цяжарам.
 
і будучы ў вас ды церпячы нястачу, не дакучаў нікому, бо недахопы мае пакрывалі браты прыйшоўшыя з Макэдоніі; ды й ва ўсём захаваўся я й захаваюся, не абцяжваючы вас.

Ёсьць праўда Хрыста ўва мне, таму пахвала гэта (за дабравешчаньне) у краях Ахаі ня будзе ад мяне адабрана.
 
Як ёсьць у ва мне Хрыстусава праўда, так пахвала гэтая не адымецца ад мяне ў граніцах Ахаі.

Чаму (так кажу)? Ці таму, што ня люблю вас? Бог ведае!
 
Чаму? Ці таму, што ня люблю вас? Богу ведама!

Але што раблю, тое і буду рабіць, каб адсячы повад у тых, што шукаюць поваду, каб, у чым яны хваляцца, аказаліся (такімі ж), як і мы.
 
А што раблю, тое рабіціму йдалей, каб адцяць нагоду тым, што яе шукаюць, каб у чым хваляцца, у тым аказаліся гэткіміж, як і мы.

Таму што яны ілжэапосталы, ілжывыя працаўнікі, якія прыймаюць выгляд Апосталаў Хрыста.
 
Бо такія фальшапосталы, гэта працаўнікі крывадушныя, што прыкідаюцца Апосталамі Хрыстуса.

І ня дзіва: бо сам шатан прыкідваецца ангелам сьвятла.
 
І няма дзіва, бо-ж і сам шатан крывіць із сябе анела сьвятла;

Таму нічога вялікага няма (у тым), калі і ягоныя служкі прыкідваюцца служкамі праведнасьці, канец якіх будзе паводля іхных учынкаў.
 
не дзіўная тады рэч, калі й слугі ягоныя строяць канец іхні будзе водле учынкаў іхніх.

Ізноў кажу: хай ніхто ня палічыць мяне няразумным; а калі ня так, дык прыміце мяне, хаця б як няразумнага, каб і мне хоць чым-небудзь пахваліцца.
 
Я зноў скажу: хай ніхто не ўважае мяне за недарэку; а калі — не, дык прымеце мяне хоць як недарэку, каб і мне крыху было чым пахваліцца.

(А) што кажу, дык кажу ня паводля Госпада, але як бы па няразумнасьці пры гэткай адвазе на пахвалу.
 
Што скажу, то казаціму не водле Бога, але якбы не да рэчы пры гэткім адчаю гаварыць аб сабе.

Так як многія хваляцца паводля цела, то і я буду хваліцца.
 
Як многія хваляцца водле цела, то і я буду хваліцца;

Бо вы людзі мудрыя ахвотна церпіце няразумных.
 
бо вы людзі разумныя, ахвотна церпіце неразумных;

Бо вы церпіце, калі хто вас панявольвае, калі хто (вас) аб’ядае, калі хто (вас) абірае, калі хто вывышшаецца, калі хто вас б’е ў твар.
 
церпіце, як вас хто няволіць, як хто аб’ядае, як хто абірае, як хто дмецца, як хто па твары б’ецца.

На сорам вам кажу, што мы (на такія ўчынкі) аказаліся слабымі. Але калі нехта ў нечым асьмельваецца, то ў няразумнасьці гавару, асьмельваюся і я.
 
На сорам сабе кажу, што на гэта у нас быццам не хапала сіл; але ў чым-бы там хто ні выяўляў сьмеласьці хваліцца, сьмею (недарэчна кажучы) і я.

Яны жыды? І я. Яны ізраэляны? І я. Яны насеньне Абрагама? І я.
 
Яны Гэбрэйцы — і я; яны Ізраэльцы — і я; яны насенне Абрагама — і я;

Яны служкі Хрыста? Кажу як няразумны: я балей (таго)! многа балей у працах, звыш меры ў плягах, намнога больш у вязьніцах, часта пры сьмерці.
 
Хрыстусавы слугі? — Я (адчайна кажучы) куды болей за іх: у бязьлікай працы, у частых вязьніцах, у надмерных ранах, у сьмяротных небясьпеках частых.

Ад юдэяў я атрымаў пяць разоў па сорак (удараў) бяз аднаго.
 
Ад Юдэеў дастаў п’яць раз сорак без аднаго (удараў);

Тройчы я быў пабіты палкамі, аднойчы быў пабіты камянямі, тройчы пацярпеў караблекрушэньне, ноч і дзень прабыў у (марской) глыбінí;
 
тройчы білі мяне кіямі, раз каменнямі; тройчы карабель тануў пада мною ды дзень і ноч прабыў я пад вадою;

часта у падарожжах, падпадаў пад нябясьпекі на рэках, у нябясьпеках ад разбойнікаў, у нябясьпеках ад суайчыньнікаў, у нябясьпеках ад паганаў, у нябясьпеках у ме́сту, у нябясьпеках у пустэльні, у нябясьпеках на моры, у нябясьпеках паміж ілжэбратамі,
 
шмат разоў быў у падарожжах, у небясьпеках на рэках, у небясьпеках разбойніцкіх, у небясьпеках суродзіцкіх, у небясьпеках паганскіх, у небясьпеках места, у небясьпеках пустыні, у небясьпеках мора, у небясьпеках сярод братвы хвальшывае;

у працы і ў зьнемажэньні, часта ў нядасыпаньні, у голадзе і пра́зе, часта ў пастах, у холадзе і ў галізьне.
 
у працы й зьнямозе ды частым бяссонні, у голадзе, смазе ды частым посьце, у нагасьці у холадзе.

Апрача звычайных (клопатаў) кожны дзень вакол мяне людзкая зборка, клопат аб усіх цэрквах.
 
Апрача пабочных, у мяне штодзенная напалеглая турбота аб усіх эклезіях.

Хто зьнямагае, (з кім бы) і я ня зьнямагаў? Хто спатыкаецца, (за каго) і я ня ўзгараўся?
 
Хто зьнемагаецца, з кім-бы і я не зьнемагаўся? Хто спакушаецца, каб не гарэў і я?

Калі належыць хваліцца, то я буду хваліцца маёю нямогласьцю.
 
Калі выпадае хваліцца, дык немаччу маёю хваліцца буду.

Бог і Бацька Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які багаславёны навекі, ведае, што я ня ілгу.
 
Бог і Айцец Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса, дабраслаўлёны навекі, ведае, што я ня лгу.

У Дамаску намесьнік валадара Арэты пільнаваў места дамаскае жадаючы схапіць мяне;
 
У Дамаску намесьнік караля Арэты пільнаваў места Дамаскэнцаў, каб схапіць мяне;

але я ў карзіне быў спушчаны праз вакно па (мястовай) сьцяне і пазьбег ягоных рук.
 
але я у кошыку быў праз вакно сьценнае спушчаны і гэтак уцёк зь ягоных рук.