Да Габрэяў 7 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

Бо Мельхісэдэк, валадар Саліму, сьвятар Бога Найвышэйшага, які сустрэў Абрагама, што вяртаўся пасьля зьнішчэньня каралёў, і багаславіў яго (Абрагама),
 
Гэты вось Мэльхісэдэх, валадар Салему, сьвятар Бога Найвышэйшага, выйшаўшы на сустрач Абрагаму, вяртаўшамуся з перамогі над уладцамі, пабагаславіў яго.

якому Абрагам нават дзесяціну аддзяліў ад усяго, — па першае, паводля тлумачэньня — «валадар праведнасьці», затым і «валадар Саліму», гэта значыць «валадар міру»,
 
Абрагам тады выдзеліў яму дзесяціну з усяго. Імя яго абазначае найперш ўладара справядлівасьці, а потым, і ўладцу Салему тй: ўладца супакою-згоды.

бяз бацькі, бяз маткі, бяз радаводу, які ня мае ні пачатку дзён, ні канца жыцьця, прыпадобнены да Сына Бога застаецца сьвятаром назаўсёды.
 
Без бацькі, без маткі, без радаводу, які ня мае ні пачатку дзён, ні канца жыцьця, упадобнены да Сына Божага, застаецца Сьвятарам навекі.

Бачыце, які вялікі той, якому нават патрыярх Абрагам даў дзесяціну з найлепшых здабычаў.
 
А прыгляньцеся, як дастойны ёсьць той, якому й патрыарх Абрагам даў дзесяціну з таго, што меў найлепшае.

І з сыноў Левія, якія атрымоўваюць сьвятарства, маюць прыказаньне: браць дзесяціну ад народу паводля Закону, гэта значыць з братоў сваіх, хаця тыя і паходзяць ад паясьніцы Абрагама.
 
Такжа і тые з сыноў Леві, што прыймаюць сьвятарства, маюць права браць дзесяціну з народу, г.зн. ад братоў сваіх, хоць і яны ёсьць патомкі Абрагама.

А ён, які ня паходзіць ад іх, атрымаў дзесяціну ад Абрагама і таго, хто мае абяцаньні, багаславіў.
 
Але гэны (Леві) не належыць да іхняга роду, а ўзяў дзесяціну ад Абрагама і пабагаславіў гэтага, што меў абяцанне.

Бяз усялякай супярэчнасьці, меншы багаслаўляецца большым.
 
А няма сумніву, што багаслаўленства атрымоўвае меншы ад большага.

І тут дзесяціны бяруць людзі сьмяротныя, там жа (ёсьць той), пра якога засьведчана, што ён жыве.
 
Ды й тут дзесяціны бяруць людзі сьмяротные, а там-той такі, аб якім сьцьвярджаецца, што жыве.

І, так сказаць, што праз Абрагама і Левій, які прынімае дзесяціны, даў дзесяціну:
 
І, такбы сказаць, і Леві, які бярэ дзесяціну, сам даў быў дзеесяціну праз Абрагама,

бо ён быў яшчэ ў бацькавых сьцёгнах, калі сустрэўся зь ім Мельхісэдэк.
 
быў бо яшчэ ў бедрах праайца свайго, як Мэльхізэдэх выйшаў яму на спатканне.

Калі б дасканаласьць была дасягальнай праз лявіцкае сьвятарства, — бо Закон прыняты народам пры ім, — дык якая б яшчэ была няабходнасьць паўставаць другому сьвятару паводля чыну Мельхісэдэка, а ня паводля чыну Агарона называцца?
 
Калі, восьжа, сьвятарства Леві вяло да дасканальнасьці (народ бо часаў яго атрымаў Закон), то якая патрэба была зьяўляцца сьвятару іншаму, не водле абрадку Аарона, а водле абрадку (наўзору) Мэльхізэдэха?

Бо зь пераменай сьвятарства ўзьнікае няабходнасьць і перамены Закону.
 
Бо як зьмяняецца сьвятарства, належыцца зьмяняць і закон.

Бо Той, пра Якога гэта гаворыцца, Ён належаў да другога калена, зь якога ніхто ня прыступаў да ахвярніку.
 
Той-жа, аб кім тут мова, быў з іншага пакалення, зь якога ніхто ня служыў аўтару.

Бо вядома, што Госпад наш паўстаў із калена Юды, адносна якога Масей нічога ня сказаў наконт сьвятарства.
 
Ведама бо, што Госпад (Збаўца) наш родам з пакалення Юды, а ў пакаленні тым нічога аб сьвятарох Майжэш не гавора.

І гэта яшчэ больш вачавідным становіцца тады, калі паводля падабенства Мельхісэдэку паўстае іншы Сьвятар,
 
Яшчэ ясьней гэта відно з таго, калі на падобу Мэльхізэдэха зьяўляецца сьвятар іншы,

Які паўстае ня паводля Закону прыказаньня цялеснага, але паводля сілы жыцьця вечнага.
 
устаноўлены не водле дыспазыцыі Закону цялеснага, але з моцы жыцьця нязьнішчальнага.

Таму што (Бог) сьведчыць: «Ты Сьвятар на векі вякоў паводля чыну Мельхісэдэка».
 
Бо-ж сьцьвярджаецца: «Ты ёсьць сьвятар навекі водле наўзору Мэльхізэдэха» (Пс. 109:4).

Адмена ж папярэдняга Закону адбываецца па прычыне ягонай немачы і бяскарыснасьці
 
Гэтак скасавана даўнае Права дзеля ягонае немачнасьці й няпрыгоднасьці.

бо гэны (папярэдні) Закон нічога ня давёў да дасканаласьці, але ўводзіцца лепшая надзея, празь якую мы набліжаемся да Бога.
 
Закон то не давёў да дасканальнасьці, але быў уступам да лепшае надзеі, праз якую збліжаемся да Бога.

І як ўсё (было) ня бяз прысягі, —
 
А сталася гэта не бяз прысягі, бо іншые без прысягі станавіліся сьвятарамі,

бо тыя станавіліся сьвятарамі бяз прысягі, а Гэты (стаўся Сьвятаром) з прысягай Таго, Хто гаварыў да Яго: «Госпад пакляўся і ня раскаецца: Ты — Сьвятар на векі вякоў паводля чыну Мельхісэдэка», —
 
а гэты за прысягаю таго, што сказаў яму: «Прысягнуў Госпад і ня будзе каецца: Ты ёсьць сьвятаром навекі» (Пс. 109:4).

дык наколькі большага Запавету стаўся зару́чнікам Ісус.
 
Вось чаму Езус стаўся запарукаю далёка лепшага запавету.

І тых сьвятароў было многа, таму што сьмерць перарывала кожнаму зь іх жыцьцё.
 
Тамтых сьвятароў было многа, бо сьмерць не пазваляла ім трываць,

А Гэты праз тое, што трывае ў вяках вякоў, мае Сьвятарства бясконцае,
 
а вось гэты таму, што застаецца навекі, мае і сьвятарства непрамінальнае

таму і ратаваць можа на векі вякоў тых, што прыходзяць празь Яго да Бога, бу́дучы вечна жывым, каб заступацца за іх.
 
ды тых, што праз яго прыступаюць да Бога, можа збаўляць заўсёдна, жывучы вечна, каб за іх заступацца.

Бо (вось) гэткага Архірэя і належала нам мець: сьвятога, вольнага ад зла, бяззаганнага, аддзеленага ад грэшнікаў, Які стаўся ўзвышаным панад нябёсамі,
 
Так бо гадзілася, каб мы мелі гэткага Ўсесьвятара: сьвятога, нявіннага, вольнага ад зла, прачыстага, вывышанага па-над нябёсы.

Які ня мае патрэбы як гэныя архірэі, кожны дзень прыносіць ахвяры сьпярша за свае грахі, а потым за грахі народу; а Ён (усё) гэта зрабіў, раз і назаўсёды ахвяраваўшы Сябе.
 
Ён ня мае патрэбы, як іншые архісьвятары, штодня складаць перш за свае грахі, а потым народу, ахвяры; гэта бо даканаў ужо раз назаўсёды, ахвяраваўшы сябе самога.

Бо Закон стаўляе архірэямі людзей, якія маюць немачы; слова ж прысягі, што пасьля Закону, паставіла Сына, Які ёсьць дасканалы ў вяках вякоў.
 
Закон бо устанаўляе навекі дасканалага Сына.