1 Яна 2 разьдзел
Першае пасланьне Яна
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Дзеці мае! гэта пішу вам, каб вы не грашылі; а калі б хто зграшыў, дык мы маем Заступніка перад Айцом, Ісуса Хрыста, Праведніка:
Дзеткі мае́! Пішу вам гэтае, каб вы не грашылі, а калі хто зграшыў, маем Абаронцу перад Айцом, Ісуса Хрыста, Праведніка.
Ён ёсьць ахвяра мілажалю за грахі нашыя, і ня толькі за нашыя, але і ўсяго сьвету.
Ён ёсьць перамольваньне за грахі нашыя, і ня толькі за нашыя, але і за [грахі] ўсяго сьвету.
А што мы спазналі Яго, ведаем з таго, што выконваем Ягоныя запаведзі.
І што мы пазналі Яго, даведваемся з таго, што захоўваем прыказаньні Ягоныя.
Хто кажа: «я спазнаў Яго», а запаведзяў Ягоных ня выконвае, той хлус, і няма ў ім ісьціны;
Хто кажа: «Я пазнаў Яго», і прыказаньні Ягоныя не захоўвае, той хлус, і няма ў ім праўды;
а хто выконвае слова Ягонае, у тым сапраўды любоў Божая споўнілася: з гэтага даведваемся, што мы ў Ім.
а хто захоўвае слова Ягонае, у тым сапраўды любоў Божая завяршылася. З гэтага даведваемся, што мы ў Ім.
Хто кажа, што жыве ў Ім, той павінен так паводзіць сябе, як Ён паводзіўся.
Хто кажа, што ў Ім застаецца, павінен хадзіць так, як Ён хадзіў.
Любасныя! пішу вам ня новую запаведзь, а запаведзь даўнюю, якую вы мелі ад пачатку: запаведзь даўняя ёсьць слова, якое вы чулі ад пачатку.
Браты! Ня новае прыказаньне пішу вам, але прыказаньне старое, якое вы мелі ад пачатку. Прыказаньне старое ёсьць слова, якое вы чулі ад пачатку.
Але пры гэтым і новую запаведзь пішу вам, што ёсьць праўдзівае і ў Ім і ў вас: бо цемра праходзіць, і ўжо сьвеціць сапраўднае сьвятло.
Зноў жа новае прыказаньне пішу вам, якое праўдзіва ў Ім і ў вас, што цемра праходзіць, і праўдзівае сьвятло ўжо сьвеціць.
Хто кажа, што ён у сьвятле, а ненавідзіць брата свайго, той яшчэ ў цемры.
Хто кажа, што ён у сьвятле, і ненавідзіць брата свайго, той у цемры дагэтуль.
Хто любіць брата свайго, той жыве ў сьвятле, і няма ў ім звады.
Хто лю́біць брата свайго, застаецца ў сьвятле, і няма ў ім згаршэньня.
А хто ненавідзіць брата свайго, той жыве ў цемры, і ў цемры ходзіць, і ня ведае, куды ідзе, бо цемра засьляпіла яму вочы.
А хто ненавідзіць брата свайго, той ёсьць у цемры, і ў цемры ходзіць, і ня ведае, куды ідзе, таму што цемра засьляпіла вочы яму.
Пішу вам, дзеці, бо дараваныя вам грахі дзеля імя Ягонага.
Пішу вам, дзеткі, што адпушчаны вам грахі дзеля імя Яго.
Пішу вам, бацькі, бо вы спазналі Існага ад пачатку. Пішу вам, юнакі, бо вы перамаглі зламысьніка. Пішу вам, падлеткі, бо вы спазналі Айца.
Пішу вам, ба́цькі, што вы пазналі Таго, Які ад пачатку. Пішу вам, юнакі, што вы перамаглі злога. Пішу вам, дзеці, што вы пазналі Айца.
Я напісаў вам, бацькі, бо вы спазналі Беспачатнага; я напісаў вам, юнакі, бо вы дужыя, і слова Божае жыве ў вас, і вы перамаглі зламысьніка.
Я напісаў вам, ба́цькі, што вы пазналі Таго, Які ад пачатку. Я напісаў вам, юнакі, што вы дужыя, і слова Божае застаецца ў вас, і вы перамаглі злога.
Ня любеце зямнога, ні таго, што ў зямным: хто любіць зямное, у тым няма любові Войчай:
Не любі́це сьвету, ані таго, што ў сьвеце. Хто лю́біць сьвет, у тым няма любові Айца.
бо ўсё, што зямное: пажада плоці, пажада вачэй і пыха жыцьцёвая, ня ёсьць ад Айца, а ад сьвету (гэтага).
Бо ўсё, што ў сьвеце: пажаданьне цела, і пажаданьне вачэй, і пыха жыцьцёвая, — ня ёсьць ад Айца, але ад сьвету.
І зямное мінаецца, і пажадлівасьць ягоная, а той, хто выконвае волю Божую, жыве вечна.
І сьвет праходзіць, і пажаданьне ягонае, а хто чы́ніць волю Божую, застаецца на вякі.
Дзеці! астатняя гадзіна. І як вы чулі былі, што прыйдзе антыхрыст, і цяпер паявілася шмат антыхрыстаў, дык мы і спазнаём з таго, што астатняя гадзіна.
Дзеці! Апошняя гадзіна! І як вы чулі, што прыйдзе антыхрыст, і цяпер зьявілася шмат антыхрыстаў, дык мы даведваемся з гэтага, што апошняя гадзіна.
Яны выйшлі ад нас, але ня былі нашыя; бо, калі б яны былі нашыя, дык засталіся б з намі; але яны выйшлі, і праз гэта адкрылася, што ня ўсе нашыя.
Яны выйшлі ад нас, але не былі ад нас; бо, калі б яны былі ад нас, засталіся б з намі; але [выйшлі], каб выявілася, што ня ўсе ад нас.
Але ж вы маеце памазаньне ад Сьвятога і ведаеце ўсё.
І вы маеце памазаньне ад Сьвятога, і ведаеце ўсё.
Я напісаў вам не на тое, каб вы ня ведалі ісьціны, а таму, што вы ведаеце яе, як і тое, што ўсякая мана не ад ісьціны.
Я напісаў вам не таму, што вы ня ведаеце праўды, але таму, што вы ведаеце яе, і што ніякай хлусьні́ няма ад праўды.
Хто хлус, як ня той, хто адмаўляе, што Ісус ёсьць Хрыстос? Той — антыхрыст, хто адмаўляе Айца і Сына.
Хто хлус, калі ня той, хто адракаецца, што Ісус ёсьць Хрыстос? Гэта — антыхрыст, які адракаецца Айца і Сына.
Кожны, хто адмаўляе Сына, ня мае і Айца; а хто вызнае Сына, мае і Айца.
Усякі, хто адракаецца Сына, ня ма́е і Айца; хто вызнае́ Сына, ма́е і Айца.
Дык вось, што вы чулі ад пачатку, тое хай і будзе ў вас; калі будзе ў вас тое, што вы чулі ад пачатку, дык і вы будзеце ў Сыне і ў Айцы.
Дык што вы чулі ад пачатку, тое няхай застаецца ў вас. Калі застанецца ў вас тое, што вы чулі ад пачатку, вы застанецеся і ў Сыне, і ў Айцу.
А абяцаньне, якое Ён абяцаў нам, ёсьць жыцьцё вечнае.
І гэтае абяцаньне, якое Ён абяцаў нам, ёсьць жыцьцё вечнае.
Гэта я напісаў вам пра тых, якія зводзяць вас.
Гэта я напісаў вам пра тых, якія падманваюць вас.
А ўрэшце памазаньне, якое вы атрымалі ад Яго, у вас застаецца, і вам няма патрэбы, каб хто вучыў вас; але як самое гэта памазаньне вучыць вас усяму, і яно праўдзівае і нязманлівае, дык чаму яно навучыла вас, у тым і заставайцеся.
І памазаньне, якое вы атрымалі ад Яго, у вас застаецца, і вы ня маеце патрэбы, каб хто вучыў вас; але як гэтае самае памазаньне ву́чыць вас пра ўсё, і яно праўдзівае і не манлівае, дык, як яно навучыла вас, у тым заставайцеся.
Дык вось, дзеці, заставайцеся ў Ім, каб, калі Ён зьявіцца, мець нам адвагу і не асароміцца перад Ім у прышэсьце Ягонае.
І цяпер, дзеткі, заставайцеся ў Ім, каб, калі Ён зьявіцца, мець нам адвагу і не асароміцца перад Ім у прыход Ягоны.
Калі вы ведаеце, што Ён праведнік, дык ведайце і тое, што кожны, хто чыніць праўду, народжаны ад Яго.
Калі вы ведаеце, што Ён праведны, ведайце, што ўсякі, хто чы́ніць праведнасьць, ад Яго народжаны.