1 Яна 4 разьдзел

Першае пасланьне Яна
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Любасныя! ня кожнаму духу верце, а выпрабоўвайце духаў, ці ад Бога яны, бо многа ілжэпрарокаў зьявілася ў сьвеце.
 
Улюбёныя! Ня ўсякаму духу верце, але выпрабоўвайце духаў, ці ад Бога яны, бо шмат фальшывых прарокаў прыйшло ў сьвет.

Духа Божага (і духа аблуды) пазнавайце так: кожны, які вызнае Ісуса Хрыста, што прыйшоў у плоці, ёсьць Божы;
 
З гэтага вы пазна́еце Духа Божага: усякі дух, які прызнае́ Ісуса Хрыста, Які прыйшоў у целе, ёсьць ад Бога,

а кожны дух, які не вызнае Ісуса Хрыста, што прыйшоў у плоці, ня ёсьць Божы, а гэта дух антыхрыста, пра якога вы чулі, што ён прыйдзе і цяпер ёсьць ужо ў сьвеце.
 
а ўсякі дух, які не прызнае́ Ісуса Хрыста, Які прыйшоў у целе, ня ёсьць ад Бога, і гэта [дух] антыхрыста, пра якога вы чулі, што ён прыйдзе, і цяпер ёсьць ужо ў сьвеце.

Дзеці! вы Божыя, і перамаглі іх; бо Той, хто ў вас, большы за таго, хто ў сьвеце.
 
Дзеткі! Вы — ад Бога, і вы перамаглі іх, бо Той, Які ў вас, большы за таго, які ў сьвеце.

Яны ад сьвету, таму і гавораць па-сьвецку, і сьвет слухае іх.
 
Яны — ад сьвету, дзеля гэтага гавораць ад сьвету, і сьвет слухае іх.

Мы Божыя: хто ведае Бога, той слухае нас; хто ня Божы, той ня слухае нас. Вось па гэтым пазнаём духа ісьціны і духа аблуды.
 
Мы — ад Бога. Хто ведае Бога, той слухае нас; хто не ад Бога, той ня слухае нас. З гэтага мы пазнае́м духа праўды і духа падма́ну.

Любасныя! будзем любіць адно аднаго, бо любоў ад Бога, і кожны, хто любіць, народжаны ад Бога і ведае Бога;
 
Улюбёныя! Будзем любі́ць адзін аднаго, бо любоў — ад Бога, і кожны, хто лю́біць, народжаны ад Бога і ведае Бога.

хто ня любіць, той не спазнаў Бога, таму што Бог ёсьць любоў.
 
Хто ня лю́біць, той не пазнаў Бога, бо Бог ёсьць любоў.

Любоў Божая да нас адкрылася ў тым, што Бог паслаў у сьвет Адзінароднага Сына Свайго, каб мы атрымалі жыцьцё празь Яго.
 
У гэтым выявілася любоў Божая да нас, што Бог паслаў у сьвет Сына Свайго Адзінароднага, каб мы жылі праз Яго.

У тым любоў, што ня мы палюбілі Бога, а Ён палюбіў нас і паслаў Сына Свайго, каб умілажаліцца з грахоў нашых.
 
У гэтым любоў, што ня мы палюбілі Бога, але што Ён палюбіў нас і паслаў Сына Свайго як перамольваньне за грахі нашыя.

Любасныя! калі так палюбіў нас Бог, дык і мы павінны любіць адно аднаго.
 
Улюбёныя! Калі Бог гэтак палюбіў нас, і мы павінны любі́ць адзін аднаго.

Бога ніколі ніхто ня бачыў: калі мы любім адно аднаго, дык Бог у нас жыве, і любоў Ягоная дасканалая ёсьць у нас.
 
Бога ніхто ніколі ня бачыў. Калі мы любім адзін аднаго, Бог у нас застаецца, і любоў Ягоная дасканалая ў нас.

Што мы жывём у Ім і Ён у нас, пазнаём з таго, што Ён даў нам ад Духа Свайго.
 
З гэтага мы пазнае́м, што мы застаемся ў Ім, і Ён — у нас, што Ён даў нам ад Духа Свайго.

І мы бачылі і сьведчым, што Айцец паслаў Сына Збаўцам сьвету.
 
І мы бачылі і сьведчым, што Айцец паслаў Сына як Збаўцу сьвету.

Хто вызнае, што Ісус ёсьць Сын Божы, у тым жыве Бог, і ён у Богу.
 
Хто прызна́е, што Ісус ёсьць Сын Божы, у тым застаецца Бог, і ён — у Богу.

І мы спазналі любоў, якую мае да нас Бог, і паверылі ў яе. Бог ёсьць любоў, і хто жыве ў любові, той жыве ў Богу, і Бог у ім.
 
І мы пазналі і паверылі ў любоў, якую ма́е да нас Бог. Бог ёсьць любоў, і хто застаецца ў любові, застаецца ў Богу, і Бог — у ім.

Любоў да той дасканаласьці дасягае ў нас, што мы маем адвагу ў дзень судны, бо ўчыняем у сьвеце гэтым, як Ён.
 
Дзеля гэтага дасканаліцца любоў сярод нас, каб мы мелі адвагу ў дзень суду, бо які Ён, гэткія і мы ў сьвеце гэтым.

У любові няма страху, а дасканалая любоў праганяе страх, бо ў страху ёсьць пакута; хто баіцца, той не дасканалы ў любові.
 
Страху няма ў любові, але дасканалая любоў прэч выганяе страх, бо ў страху ёсьць мучэньне; а хто баіцца, той у любові недасканалы.

Будзем любіць Яго, бо Ён раней палюбіў нас.
 
Мы любім Яго, бо Ён першы палюбіў нас.

Хто кажа: я люблю Бога, а брата свайго ненавідзіць, той ілжэ; бо хто ня любіць брата свайго, якога бачыць, як можа любіць Бога, Якога ня бачыць?
 
Калі хто кажа: «Я люблю Бога», і брата свайго ненавідзіць, той хлус, бо хто ня лю́біць брата свайго, якога бачыць, як можа любі́ць Бога, Якога ня бачыць?

І мы маем ад Яго такі наказ, каб той, хто любіць Бога, любіў і брата свайго.
 
І мы маем ад Яго гэткае прыказаньне, каб той, хто лю́біць Бога, любіў і брата свайго.