1 Яна 4 разьдзел

Першае пасланьне Яна
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Любасныя! ня кожнаму духу верце, а выпрабоўвайце духаў, ці ад Бога яны, бо многа ілжэпрарокаў зьявілася ў сьвеце.
 
Умілаваныя, не кожнаму духу верце, але правярайце духаў, ці яны ад Бога, бо шмат ілжэпрарокаў з’явілася на свеце.

Духа Божага (і духа аблуды) пазнавайце так: кожны, які вызнае Ісуса Хрыста, што прыйшоў у плоці, ёсьць Божы;
 
Па гэтым распазнаеце Божага Духа: кожны дух, які вызнае, што Езус Хрыстус прыйшоў у целе, ёсць ад Бога.

а кожны дух, які не вызнае Ісуса Хрыста, што прыйшоў у плоці, ня ёсьць Божы, а гэта дух антыхрыста, пра якога вы чулі, што ён прыйдзе і цяпер ёсьць ужо ў сьвеце.
 
І кожны дух, які не вызнае Езуса, той не ад Бога; гэта дух антыхрыста, пра якога вы чулі, што ён прыйдзе і цяпер ужо ёсць на свеце.

Дзеці! вы Божыя, і перамаглі іх; бо Той, хто ў вас, большы за таго, хто ў сьвеце.
 
Дзеці, вы ад Бога, таму перамаглі іх, бо той, хто ў вас, большы за таго, хто ў свеце.

Яны ад сьвету, таму і гавораць па-сьвецку, і сьвет слухае іх.
 
Яны са свету, таму і гавораць так, як свет, і свет слухае іх.

Мы Божыя: хто ведае Бога, той слухае нас; хто ня Божы, той ня слухае нас. Вось па гэтым пазнаём духа ісьціны і духа аблуды.
 
Мы ад Бога. Хто ведае Бога, слухае нас, хто не ад Бога, той не слухае нас. Па гэтым і пазнаём духа праўды і духа фальшу.

Любасныя! будзем любіць адно аднаго, бо любоў ад Бога, і кожны, хто любіць, народжаны ад Бога і ведае Бога;
 
Умілаваныя, будзем любіць адзін аднаго, бо любоў ад Бога і кожны, хто любіць, народжаны ад Бога і ведае Бога.

хто ня любіць, той не спазнаў Бога, таму што Бог ёсьць любоў.
 
Хто не любіць, той не ведае Бога, таму што Бог ёсць любоў.

Любоў Божая да нас адкрылася ў тым, што Бог паслаў у сьвет Адзінароднага Сына Свайго, каб мы атрымалі жыцьцё празь Яго.
 
Любоў Бога да нас адкрылася ў тым, што Бог паслаў у свет Сына свайго Адзінароднага, каб мы жылі праз Яго.

У тым любоў, што ня мы палюбілі Бога, а Ён палюбіў нас і паслаў Сына Свайго, каб умілажаліцца з грахоў нашых.
 
У тым выявілася любоў, што не мы палюбілі Бога, а Ён сам палюбіў нас і паслаў свайго Сына як уміласціўленне за нашыя грахі.

Любасныя! калі так палюбіў нас Бог, дык і мы павінны любіць адно аднаго.
 
Калі Бог так палюбіў нас, дык і мы павінны любіць адзін аднаго.

Бога ніколі ніхто ня бачыў: калі мы любім адно аднаго, дык Бог у нас жыве, і любоў Ягоная дасканалая ёсьць у нас.
 
Бога ніхто ніколі не бачыў. Калі мы любім адзін аднаго, то Бог жыве ў нас, і любоў Ягоная ў нас дасканалая.

Што мы жывём у Ім і Ён у нас, пазнаём з таго, што Ён даў нам ад Духа Свайго.
 
Па тым пазнаём, што мы жывём у Ім, а Ён у нас, што Ён даў нам ад свайго Духа.

І мы бачылі і сьведчым, што Айцец паслаў Сына Збаўцам сьвету.
 
І мы бачылі, і сведчым, што Айцец паслаў Сына, Збаўцу свету.

Хто вызнае, што Ісус ёсьць Сын Божы, у тым жыве Бог, і ён у Богу.
 
Хто вызнае, што Езус — Сын Божы, у тым жыве Бог, а ён — уБогу.

І мы спазналі любоў, якую мае да нас Бог, і паверылі ў яе. Бог ёсьць любоў, і хто жыве ў любові, той жыве ў Богу, і Бог у ім.
 
І мы пазналі, і паверылі ў любоў, якую мае да нас Бог. Бог ёсць любоў, і хто жыве ў любові, той жыве ў Богу, і Бог у ім.

Любоў да той дасканаласьці дасягае ў нас, што мы маем адвагу ў дзень судны, бо ўчыняем у сьвеце гэтым, як Ён.
 
У тым любоў дасканалая ў нас, што мы маем адвагуў дзень суда, бо які Ён, такія і мы ў гэтым свеце.

У любові няма страху, а дасканалая любоў праганяе страх, бо ў страху ёсьць пакута; хто баіцца, той не дасканалы ў любові.
 
У любові няма страху, але дасканалая любоў праганяе страх, бо страх ёсць з-за боязі перад пакараннем; хто баіцца, той недасканалы ў любові.

Будзем любіць Яго, бо Ён раней палюбіў нас.
 
Мы любім Бога, бо Ён першы палюбіў нас.

Хто кажа: я люблю Бога, а брата свайго ненавідзіць, той ілжэ; бо хто ня любіць брата свайго, якога бачыць, як можа любіць Бога, Якога ня бачыць?
 
Калі б хто сказаў: «Я люблю Бога», а брата свайго ненавідзіць, ёнілгун, бо той, хто не любіць свайго брата, якога бачыць, не можа любіць Бога, якога не бачыць.

І мы маем ад Яго такі наказ, каб той, хто любіць Бога, любіў і брата свайго.
 
І мы маем ад Яго такую запаведзь, каб той, хто любіць Бога, любіў і свайго брата.