2 да Карынфянаў 13 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Трэйці ўжо раз іду да вас: «пры вуснах двух альбо трох сьведкаў будзе цьвёрдае кожнае слова».
Ужо ў трэці раз я іду да вас. Пры вуснах двух сьведкаў або трох будзе стаяць кожнае слова.
Я запабягаў і запабягаю, як бы ў маёй другой прысутнасьці ў вас, і цяпер у адсутнасьці, пішу тым, што раней зграшылі, і ўсім астатнім, што, калі зноў прыйду, не пашкадую.
Я раней казаў і папярэджваю, як прысутны ў вас другі раз, і цяпер, адсутны, пішу да тых, якія раней зграшылі, і ўсіх іншых, што, калі зноў прыйду, ня буду шкадаваць.
Вы шукаеце доказу, што Хрыстос гаворыць ува мне: Ён супроць вас не бясьсілы, а моцны ў вас.
Вы шукаеце доказу, што ў-ва мне гаворыць Хрыстос, Які не слабы́ для вас, але моцны ў вас.
Бо, хоць Ён і ўкрыжаваны ў немачы, але жывы сілаю Божаю; і мы таксама, хоць нямоглыя ў Ім, але будзем жывыя зь Ім сілаю Божаю ў вас.
Бо хоць Ён і ўкрыжаваны ў нядужасьці, але жывы сілаю Божай; і мы слабыя ў Ім, але будзем жывыя з Ім сілаю Божаю ў вас.
Выпрабоўвайце саміх сябе, ці ў веры вы? саміх сябе дасьледуйце. Альбо вы ня ведаеце саміх сябе, што Ісус Хрыстос у вас? Хіба толькі вы ня тое, чым павінны быць.
Выпрабуйце саміх сябе, ці вы ў веры? Саміх сябе выспрабуйце. Ці вы ня ведаеце саміх сябе, што Ісус Хрыстос у вас? Хіба што вы ў нечым няздатныя.
А пра нас, спадзяюся, даведаецеся, што мы тое, чым быць павінны.
А спадзяюся, што вы даведаецеся, што мы не няздатныя.
Молім Бога, каб вы не рабілі ніякага ліха, не на тое, каб нам здацца, чым павінны быць; а каб вы рабілі дабро, хоць бы мы здаваліся і ня тым, чым павінны быць.
Мы ж молімся да Бога, каб вы не рабілі аніякага ліха, не каб нам выглядаць вартымі, але каб вы рабілі дабро, а мы былі як няздатныя.
Бо мы ня моцныя супроць праўды, а моцныя за праўду.
Бо мы нічога ня можам супраць праўды, а толькі за праўду.
Мы радуемся, калі мы нямоглыя, а вы моцныя; за гэта якраз і молімся, за вашую дасканаласьць.
Бо мы радуемся, калі мы слабыя, а вы моцныя; і пра гэта і молімся, пра вашую дасканаласьць.
На тое я і пішу гэта ў адсутнасьці, каб у прысутнасьці ня ўжыць строгасьці ўлады, дадзенай мне Госпадам на збудаваньне, а не на руйнаваньне.
Дзеля гэтага я і пішу гэтае, адсутны, каб, прысутны, ня дзейнічаў сувора паводле ўлады, якую даў мне Госпад на збудаваньне, а не на руйнаваньне.
Аднак жа, браты, радуйцеся, удасканальвайцеся, суцяшайцеся, будзьце аднамысныя, мірныя, — і Бог любові і міру будзе з вамі.
Нарэшце, браты, радуйцеся, рабіцеся дасканалымі, суцяшайцеся, будзьце аднадумнымі, жывіце ў супакоі, і Бог любові і супакою будзе з вамі.
Вітайце адзін аднаго цалаваньнем сьвятым. Вітаюць вас усе сьвятыя.
Прывітайце адзін аднаго ў сьвятым пацалунку. Вітаюць вас усе сьвятыя.
Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста, і любоў Бога Айца, і лучнасьць Сьвятога Духа з усімі вамі. Амін.
Ласка Госпада Ісуса Хрыста, і любоў Божая, і супольнасьць Сьвятога Духа з усімі вамі. Амэн.