2 да Карынфянаў 4 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Вось чаму, маючы зь міласьці Божай такое служэньне, мы не маркоцімся;
Дзеля гэтага, маючы такое служэньне, бо мы атрымалі літасьць, мы не журы́мся,
але, адкінуўшы тайныя ганебныя справы, ня хітруючы і не скажаючы слова Божага, а адкрываючы праўду, аддаём сябе сумленьню кожнага чалавека перад Богам.
але адмаўляемся тайных [учынкаў] сораму, ня ходзячы падступна і не перакручваючы Слова Божага, але выяўленьнем праўды адрэкамэндоўваем сябе сумленьню кожнага чалавека перад Богам.
Калі ж і заслонена зьвеставаньне наша, дык заслонена тым, якія гінуць,
А калі і закрытае Эва́нгельле нашае, закрыта для тых, якія гінуць,
нявернікам, якім бог веку гэтага зацьміў розум, каб ім ня зьзяла сьвятло зьвеставаньня пра славу Хрыста, Які ёсьць вобраз Бога нябачнага.
для бязьверных, у якіх бог веку гэтага засьляпіў думкі, каб не ўзыйшло ім сьвятло Эва́нгельля славы Хрыста, Які ёсьць вобраз Божы.
Бо мы не сябе прапаведуем, а Хрыста Ісуса, Госпада; а мы — нявольнікі вашыя дзеля Ісуса,
Бо мы не саміх сябе абвяшчаем, але Хрыста Ісуса, Госпада; а мы — слугі вашыя дзеля Ісуса.
таму што Бог, які сказаў зазьзяць зь цемры сьвятлу, азарыў нашыя сэрцы, каб прасьвятліць нас пазнаньнем славы Божай у асобе Ісуса Хрыста.
Таму што Бог, Які сказаў з цемры зазьзяць сьвятлу, Сам зазьзяў у сэрцах нашых дзеля прасьвятленьня [нас] пазнаньнем славы Божае ў абліччы Ісуса Хрыста.
Але скарб гэты мы носім у гліняным посудзе, каб веліч сілы бачылася ў Богу, а ня ў нас;
А скарб гэты мы маем у гліняных начыньнях, каб празьмернасьць моцы была ад Бога, а ня з нас.
нас адусюль гнятуць, але мы ня прыгнечаныя; мы ў роспачным стане, але не ўпадаем у роспач;
Мы ў-ва ўсім уцісканыя, але ня сьціснутыя; мы зьбянтэжаныя, але не губляем надзеі;
нас гоняць, але мы не пакінутыя; нас валяць, але ня гінем;
мы перасьледаваныя, але не пакінутыя; мы паваленыя, але ня гінем.
заўсёды носім у целе мёртвасьць Госпада Ісуса, каб і жыцьцё Ісусава адкрылася ў целе нашым.
Мы заўсёды носім у целе мёртвасьць Госпада Ісуса, каб і жыцьцё Ісуса выявілася ў целе нашым.
Бо мы жывыя няспынна аддаёмся на сьмерць за Ісуса, каб і жыцьцё Ісусава адкрылася ў сьмяротнай плоці нашай,
Бо мы, жывыя, заўсёды выдаваныя на сьмерць дзеля Ісуса, каб і жыцьцё Ісуса выявілася ў сьмяротным целе нашым.
так што сьмерць дзее ў нас, а жыцьцё ў вас.
Так што сьмерць дзейнічае ў нас, а жыцьцё — у вас.
Але, маючы той самы дух веры, як напісана: «я вераваў і таму гаварыў», і мы веруем, таму і гаворым,
А маючы той самы дух веры, як напісана: «Я верыў і дзеля гэтага гаварыў», і мы верым і дзеля гэтага гаворым,
ведаючы, што Той, Хто ўваскрэсіў Госпада Ісуса, уваскрэсіць празь Ісуса і нас і паставіць перад Сабою з вамі.
ведаючы, што Той, Які ўваскрасіў Госпада Ісуса, уваскрасіць праз Ісуса і нас і паставіць разам з вамі.
Бо ўсё дзеля вас, каб багацьце мілаты тым большую ў многіх нарадзіла ўдзячнасьць на славу Божую.
Бо ўсё дзеля вас, каб багацьце ласкі праз шматлікія падзякі памнажалася на славу Божую.
Таму мы не маркоцімся; але калі вонкавы наш чалавек і тлее, дык унутраны — дзень у дзень абнаўляецца,
Дзеля гэтага мы не журы́мся, але, калі наш вонкавы чалавек зьнішчаецца, дык унутраны дзень пры дні абнаўляецца.
бо нядоўгая лёгкая пакута наша нараджае ў бязьмерным багацьці вечную славу,
Бо гэты караценькі лёгкі прыгнёт наш робіць яшчэ большай і большай вагу́ славы вечнае для нас,
калі мы глядзім не на бачнае, а на нябачнае: бо бачнае — часовае, а нябачнае — вечнае!
якія глядзім не на бачнае, але на нябачнае, бо бачнае — часовае, а нябачнае — вечнае.