Данііла 12 разьдзел

Кніга прарока Данііла
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І паўстане ў той час Міхаіл, вялікі князь, які будзе стаяць за сыноў свайго народу; і настане цяжкі час, якога ня бывала з тых часоў, як існуюць людзі, да гэтага часу; і ўратуюцца ў гэты час з народу твайго ўсе, якія знойдзены будуць запісанымі ў кнізе.
 
А ў тым часе паўстане Міхаэль, вялікі князь, які стаіць над дзецьмі твайго народа, і настане час пакуты, якой не было ад таго часу, як узніклі народы, аж дасюль. І ў той час народ твой будзе збаўлены, кожны, хто ёсць, будзе ўпісаны ў кнігу.

І многія, якія сьпяць у пыле зямлі, прачнуцца, адны на жыцьцё вечнае, другія на вечнае паганьбеньне і пасарамленьне.
 
І многія з тых, што спяць у праху зямлі, абудзяцца: адны да жыцця вечнага, і другія — на вечную ганьбу.

І разумныя будуць зьзяць, як сьвяцілы на цьвердзі, і тыя, што павярнулі людзей да праўды, — як зоркі, вавекі, назаўсёды.
 
Якія ж будуць разумнымі, будуць ззяць, як ззянне неба, і тыя, што навучаць многіх справядлівасці, будуць, як зоркі ў векі вечныя.

А ты, Данііле, захавай гэтыя словы і запячатай гэтую кнігу да апошняга часу; многія прачытаюць яе, і памножацца веды».
 
Ты, аднак, Даніэлю, схавай словы ды запячаткавай кнігу аж да апошніх часоў; многія пройдуць, і веды павялічацца».

Тады я, Данііл, паглядзеў, і вось, стаяць два другія, адзін па гэты бок ракі, другі па той бок ракі.
 
І я, Даніэль, убачыў, і вось, два іншыя чалавекі стаялі, адзін на беразе на тым баку ракі і другі на беразе на гэтым баку ракі.

І адзін сказаў мужу ў ільняной вопратцы, які стаяў над водамі ракі: «калі будзе канец гэтых дзівосных здарэньняў?»
 
І я сказаў чалавеку, апранутаму ў льняныя шаты, які знаходзіўся над водамі ракі: «Як доўга яшчэ да канца гэтых дзіўных рэчаў?»

І пачуў я, як муж у льняной вопратцы, які быў над водамі ракі, падняўшы правую і левую руку да неба, прысягнуў Жывым вавекі, што да канца часу і часоў і паўчасу і пасьля поўнага паламаньня сілы сьвятога народу ўсё гэта зьдзейсьніцца.
 
І пачуў я мужа, апранутага ў льняныя шаты, які знаходзіўся над водамі ракі, калі падняў ён правую і левую руку ў неба і прысягнуў Тым, Хто жыве вечна: «Да часу, часоў і палавіны часу, і гэта ўсё збудзецца, калі дабяжыць да канца моц нішчыцеля святога народа».

Я чуў гэта, але не зразумеў і таму сказаў: «гаспадару мой! Што ж пасьля гэтага будзе?»
 
І я пачуў, і не зразумеў, ды сказаў: «Госпадзе мой, які будзе канец гэтага?»

І адказаў ён: «ідзі, Данііле; бо захаваны і запячатаны словы гэтыя да апошняга часу.
 
І Ён адказаў: «Ідзі, Даніэлю, бо словы схаваныя і запячаткаваныя аж да канца часу.

Многія ачысьцяцца, адбеляцца і ператоплены будуць у спакушэньні; несправядлівыя будуць несправядлівымі, і не зразумее гэтага ніхто з несправядлівых, а мудрыя зразумеюць.
 
Многія будуць ачышчаны, і абелены, і выпрабаваны, і бязбожнікі будуць весці сябе бязбожна, і ніводзін з бязбожных не зразумее таго; але навучаныя зразумеюць.

З часу, калі будзе прыпынена штодзённая ахвяра і будзе пастаўлена гідота запусьценьня, пройдзе тысяча дзьвесьце дзевяноста дзён.
 
І ад часу, калі будзе спынена штодзённая ахвяра і заваладарыць агіднасць нішчыцеля, пройдзе тысяча дзвесце дзевяноста дзён.

Шчасны той, хто чакае і дасягне тысячы трохсот трыццаці пяці дзён.
 
Шчасны той, хто стрывае і дачакаецца тысяча трыста трыццаць пятага дня.

А ты ідзі да твайго канца, і супакоішся і паўстанеш на атрыманьне тваёй долі ў канцы дзён».
 
Ты ж ідзі да канца і адпачні, і будзе ў жэрабі тваім пры канцы дзён».