1 Яна 5 разьдзел
Першае пасланьне Яна
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Кажны, хто вера, што Ісус ё Хрыстос, з Бога нарадзіўся, і кажны, хто мілуе Таго, Каторы нарадзіў, мілуе й народжанага зь Яго.
Кожны, хто верыць, што Ісус ёсьць Хрыстос, ад Бога народжаны, і кожны, хто лю́біць Таго, Які нарадзіў, лю́біць і Народжанага ад Яго.
З тога пазнаем, што мы мілуем дзеці Божыя, калі мілуем Бога й дзяржым расказаньні Ягоныя.
З гэтага пазнаем, што любім дзяцей Божых, калі любім Бога і захоўваем прыказаньні Ягоныя.
Бо гэта ё міласьць Бога, каб мы дзяржалі расказаньні Ягоныя; і расказаньні Ягоныя не цяжкія.
Бо тое ёсьць любоў Божая, каб мы захоўвалі прыказаньні Ягоныя; і прыказаньні Ягоныя няця́жкія.
Бо ўсе, што нарадзілася з Бога, перамагае сьвет; і гэта ё перамога, што перамагла сьвет, вера наша.
Бо кожны, хто народжаны ад Бога, перамагае сьвет; і гэтая перамога, што перамагла сьвет, — вера нашая.
Хто перамагае сьвет, калі ня тый, хто вера, што Ісус ё Сын Божы?
Хто той, які перамагае сьвет, калі ня той, які верыць, што Ісус ёсьць Сын Божы?
Гэты ё Ісус Хрыстос, прышлы вадою й крывёю, не вадою адно, але вадою й крывёю; і Дух сьветча празь Яго, бо Дух ё праўда.
Гэты Ісус Хрыстос, Які прыйшоў праз ваду і кроў; не праз ваду толькі, але праз ваду і кроў; і Дух ёсьць Тым, Які сьведчыць, бо Дух ёсьць праўда.
Бо тры сьветчаць на небе: Айцец, Слова а Дух сьвяты; і гэтыя тры адно.
Бо тры сьведчаць у небе: Айцец, Слова і Сьвяты Дух, — і гэтыя тры ёсьць адно.
І тры, што сьветчаць на зямлі: дух і вада і кроў; і гэтыя тры згодныя ў вадным.
І тры сьведчаць на зямлі: дух, вада і кроў; і гэтыя тры — пра адно.
Калі мы прыймаем сьветчаньне людзкое, сьветчаньне Божае — большае, бо гэта ё сьветчаньне Божае, каторым пасьветчыў праз Сына Свайго.
Калі мы прыймаем сьведчаньне чалавечае, сьведчаньне Божае большае, бо гэта ёсьць сьведчаньне Божае, якім Ён засьведчыў пра Сына Свайго.
Хто вера ў Сына Божага, мае сьветчаньне ў сабе самым; хто ня вера Богу, мае Яго за маныша, бо не паверыў сьветчаньню, каторым Бог пасьветчыў праз Сына Свайго.
Хто верыць у Сына Божага, ма́е сьведчаньне ў сабе; хто ня верыць Богу, зрабіў Яго хлу́сам, бо не паверыў у сьведчаньне, якім Бог засьведчыў пра Сына Свайго.
І гэта ё сьветчаньне, што Бог даў нам жыцьцё вечнае, а гэта жыцьцё ё ў Сыну Ягоным.
І гэткае ёсьць сьведчаньне, што Бог даў нам жыцьцё вечнае, і гэтае жыцьцё — у Сыне Ягоным.
Хто мае Сына, мае жыцьцё; хто ня мае Сына, ня мае жыцьця.
Хто ма́е Сына, ма́е жыцьцё; хто Сына Божага ня ма́е, ня ма́е жыцьця.
Гэта напісаў я вам, каб вы ведалі, што вы, каторыя верыце ў імя Сына Божага, маеце жыцьцё вечнае.
Гэтае напісаў я вам, якія вераць у імя Сына Божага, каб вы ведалі, што маеце жыцьцё вечнае, і каб вы верылі ў імя Сына Божага.
І вось, адвага, каторую мы маем да Яго, што калі просім у Яго чаго-колечы подле волі Ягонае, Ён слухае нас;
І вось адвага, якую мы маем дзеля Яго, што калі нешта просім паводле волі Яго, Ён слухае нас.
А калі мы ведаем, што Ён слухае нас, чаго-колечы толькі просім, — ведаем, што адзяржым прошанае ў Яго.
І калі мы ведаем, што Ён слухае нас, чаго б мы ні прасілі, ведаем, што маем прошанае, якое прасілі ў Яго.
Калі хто бача брата свайго, што грэша грэхам не да сьмерці, няхай просе, і ён дасьць яму жыцьцё, таму, што ня грэша да сьмерці. Ё грэх да сьмерці: не праз тый кажу, каб ён маліўся.
Калі хто ўбачыў брата свайго, які грашыць грэхам не на сьмерць, няхай просіць [за яго], і [Бог] дасьць жыцьцё таму, які грашыць не на сьмерць. Ёсьць грэх на сьмерць, не кажу, каб адносна такога ён маліўся.
Кажная несправядлівасьць ё грэх, ды ё грэх не да сьмерці.
Усякая няправеднасьць ёсьць грэх, але ёсьць грэх не на сьмерць.
Мы ведаем, што кажны, народжаны з Бога, ня грэша; але народжаны з Бога заховуе сябе, і злы не датыкаецца да яго.
Мы ведаем, што кожны, народжаны ад Бога, не грашыць; але народжаны ад Бога захоўвае сябе, і злы не дакранецца яго.
Мы ведаем, што мы з Бога, і што ўвесь сьвет ляжыць у нягоднасьці.
Мы ведаем, што мы — ад Бога, і ўвесь сьвет ляжыць у зьле.
І ведаем, што Сын Божы прышоў і даў нам розум, каб мы зналі Таго, Хто ё праўда, і мы ў Тым, Каторы праўда, у Сыну Ягоным Ісусу Хрысту: Гэты ё праўдзівы Бог і жыцьцё вечнае.
Ведаем жа, што Сын Божы прыйшоў і даў нам разуменьне, каб пазналі Праўдзівага і былі ў Праўдзівым — у Сыне Ягоным Ісусе Хрысьце. Ён ёсьць праўдзівы Бог і жыцьцё вечнае.
Дзеткі! сьцеражыцеся балваноў.
Дзеткі! Захоўвайце сябе ад ідалаў. Амэн.