1 Яна 3 разьдзел
Першае пасланьне Яна
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Глядзіце, што за міласьць даў нам Айцец, каб нам звацца дзецьмі Божымі, і мы імі ё. Сьвет затым ня знае нас, што не пазнаў Яго.
Глядзіце, якую любоў даў нам Айцец, каб нам называцца дзецьмі Божымі. Сьвет дзеля таго не пазнае́ вас, што не пазнаў Яго.
Умілаваныя! мы цяпер дзеткі Божыя; але яшчэ ня зьяўлена, што будзем. Ведаем толькі, што, як зьявіцца, будзем падобныя да Яго, бо абачым Яго, як Ён ё.
Улюбёныя! Мы цяпер дзеці Божыя, і яшчэ ня выявілася, што́ мы будзем, а ведаем, што, калі выявіцца, будзем падобныя да Яго, бо ўгледзім Яго, як Ён ёсьць.
І кажны, што мае гэтую надзею на Яго, ачышчае сябе, як Ё чысты.
І ўсякі, хто ма́е гэтую надзею на Яго, ачышчае сябе, бо Ён чысты.
Кажны, хто чыне грэх, чыне й бяспраўе; і грэх ё бяспраўе.
Усякі, хто робіць грэх, робіць і беззаконьне, і грэх ёсьць беззаконьне.
І вы ведаеце, што Ён зьявіўся, каб узяць грахі нашы, а ў Ім няма грэху.
І вы ведаеце, што Ён зьявіўся, каб узяць грахі нашыя, і што ў Ім няма грэху.
Кажны, хто трывае ў Ім, ня грэша; кажны, хто грэша, ня бачыў Яго ані пазнаў Яго.
Усякі, хто ў Ім застаецца, не грашыць; усякі, хто грашыць, ня бачыў Яго і не пазнаў Яго.
Дзеткі! няхай ня зводзе вас ніхто. Хто чыне справядлівасьць, тый справядлівы, як і Ён справядлівы;
Дзеткі! Няхай ніхто вас не падмане. Хто чы́ніць праведнасьць, той праведны, як і Ён праведны.
Хто чыне грэх, тый ад дзявала, бо ад пачатку дзявал грэша. Дзеля таго зьявіўся Сын Божы, каб памярцьвіць учынкі дзявалавы.
Хто чы́ніць грэх, той ад д’ябла, бо ад пачатку д’ябал грашыць. Дзеля гэтага і зьявіўся Сын Божы, каб зьнішчыць справы д’яблавы.
Кажны, хто нарадзіўся з Бога, ня чыне грэху, бо семя Ягонае трывае ў ім; і ён ня можа грашыць, бо народжаны з Бога.
Усякі, хто народжаны ад Бога, грэху ня робіць, таму што насеньне Ягонае застаецца ў ім, і ён ня можа грашыць, бо народжаны ад Бога.
Гэтым паказаны дзеці Божыя й дзеці дзявалавы: кажны, хто ня чыне справядлівасьці, ня ё з Бога, і хто ня любе брата свайго.
Дзеці Божыя і дзеці д’яблавы выяўляюцца гэтак: усякі, хто ня робіць праведнасьць, ня ёсьць ад Бога, і той, хто ня лю́біць брата свайго.
Бо гэткая ведамка, што вы чулі ад пачатку, каб мы мілавалі адно аднаго,
Бо гэткая ёсьць вестка, якую вы чулі ад пачатку, каб мы любілі адзін аднаго.
Ня як Каін, што быў із злога і забіў брата свайго. І чаму забіў яго? Бо ўчынкі ягоныя былі нягодныя, а брата ягонага справядлівыя.
Ня гэтак, як Каін, што быў ад злога і замардава́ў брата свайго. І дзеля чаго замардава́ў яго? Бо ягоныя ўчынкі былі злыя, а брата ягонага — праведныя.
Ня дзівуйцеся, браты, калі сьвет ненавідзе вас.
Не зьдзіўляйцеся, браты мае́, калі сьвет ненавідзіць вас.
Мы ведаем, што мы перайшлі ізь сьмерці да жыцьця, бо мілуем братоў; хто ня мілуе брата, трывае ў сьмерці.
Мы ведаем, што перайшлі ад сьмерці ў жыцьцё, бо любім братоў; хто ня лю́біць брата, застаецца ў сьмерці.
Кажны, хто ненавідзе брата свайго, ёсьць убіўца; а вы ведаеце, што ніякі ўбіўца ня мае жыцьця, ў ім трываючага.
Усякі, хто ненавідзіць брата свайго, ёсьць чалавеказабойца; і вы ведаеце, што ніводзін чалавеказабойца ня ма́е жыцьця вечнага, якое ў ім застаецца.
Міласьць пазналі мы з тога, што Ён аддаў за нас жыцьцё Свае: і мы маем за братоў аддаваць жыцьці свае.
У гэтым пазналі мы любоў, што Ён паклаў за нас душу́ Сваю; і мы павінны пакладаць ду́шы свае за братоў.
Бо хто бы меў меньне гэтага сьвету, і бачыў брата свайго ў нудзе, і зачыніў сэрца свае перад ім, — як трывае міласьць Божая ў ім?
А хто ма́е маёмасьць у сьвеце, і бачыць брата свайго ў патрэбе, і зачыняе ад яго нутро сваё, дык як любоў Божая застаецца ў ім?
Дзеткі! мілуйма ня словам ані языком, але ўчынкамі а праўдаю.
Дзеткі мае́! Будзем любі́ць ня словам ці языком, але ўчынкам і праўдаю!
З гэтага пазнаем, што мы з праўды, і супакоім сэрцы свае перад Ім;
І з гэтага даведаемся, што мы ад праўды, і супакоім перад Ім сэрцы нашыя.
Бо калі сэрца наша судзе нас, пагатове Бог, вялікшы за сэрца нашае і зналы ўсяго.
Бо калі сэрца нас га́ніць, дык Бог большы за сэрца нашае і ведае ўсё.
Умілаваныя! калі сэрца наша ня судзе нас, мы маем адвагу да Бога,
Улюбёныя! Калі сэрца нашае ня га́ніць нас, мы маем адвагу перад Богам,
І, чаго толькі папросім у Яго, адзяржым, бо дзяржым расказаньні Ягоныя і чынім любае перад Ім.
і чаго ні папросім, атрымаем ад Яго, бо захоўваем прыказаньні Ягоныя і тое, што падабаецца [Яму], робім перад Ім.
А гэта расказаньне Ягонае, каб мы верылі ў імя Сына Ягонага, Ісуса Хрыста, і мілавалі адзін аднаго, як Ён выдаў нам расказаньне.
І гэткае прыказаньне Яго, каб мы верылі ў імя Сына Ягонага Ісуса Хрыста і любілі адзін аднаго, як Ён даў нам прыказаньне.
І хто дзяржыць расказаньні Ягоныя, тый трывае ў Ім, і Ён у тым. І з тога пазнаем, што Ён перабывае ў нас, з Духа, каторага Ён даў нам.
І хто захоўвае прыказаньні Ягоныя, той застаецца ў Ім, і Ён у тым. І што Ён застаецца ў нас, даведваемся паводле Духа, Якога Ён нам даў.