2 царстваў 10 разьдзел

Другая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

І было просьле гэтага, што памер кароль сыноў Амонавых, і стаў каралём замест яго сын ягоны Ганун.
 

І сказаў Давід: «Я зраблю ветласьць Гануну Нагашонку, як ацец ягоны зрабіў ветласьць імне». І паслаў Давід слугаў сваіх пацешыць Гануна па айцу ягоным. І прышлі слугі Давідавы да зямлі Амонскае.
 

І сказалі князі Амонскія Гануну, спадару свайму: «Ці сьціць у ваччу тваім Давід айца твайго, што паслаў табе пацяшыцеляў? Ці не на тое, каб прасачыць места, і вышпегаваць яго, і разбурыць яго, прыслаў Давід слугаў сваіх да цябе?»
 

І ўзяў Ганун слугаў Давідавых, і агаліў кажнаму зь іх палавіцу барады, і абрэзаў адзецьці іхныя на палавіцу, да седава, і адпусьціў іх.
 

І наказалі гэта Давіду, і ён паслаў ім наўпярэймы, бо былі яны вельма паганбены. І сказаў кароль: «Заставайцеся ў Ерыхоне, пакуль адрастуць барады вашыя, і зьвярніцеся».
 

І абачылі сынове Амонавы, што яны сталі непахнючымі Давіду, і паслалі сынове Амонавы, і нанялі Арама ізь Веф-Рэгова а Арама Цовы дваццаць тысячаў пехаты, у караля Маахі тысяча чалавекаў, і ў Това двананцаць тысячаў чалавекаў.
 

І пачуў Давід, і паслаў Ёава а ўсе войска харобрых.
 

І вышлі Амоняне, і разьлягліся ля брамы да бітвы; а Арам Цовы а Рэгова а Товавы а Маашыны асобна ў полю.
 

І абачыў Ёаў, што вайна была пастаноўлена супроці яго і сьпераду і адзаду, і выбраў з усіх выборных у Ізраелю і выставіў іх супроці Араму.
 

Засталую ж часьць людзёў паручыў Авішаю, брату свайму, і ён выставіў іх супроці сыноў Амонавых.
 

І сказаў: «Калі Арам будзе перамагаць мяне, то будзеш ты імне ратункам; а калі Амоняне цябе будуць перамагаць, я прыйду табе на ратунак.
 

Будзь моцны й мацуйся за люд наш і за месты Бога нашага, а СПАДАР зробе, што Яму любя».
 

І ўступіў Ёаў а люд, каторы ў яго, у бітву з Арамам, і яны ўцяклі ад яго.
 

Сынове Амонавы ж, бачачы, што Арам уцёк, уцяклі ад Авішая і ўвыйшлі ў места. І зьвярнуўся Ёаў ад сыноў Амонавых, і прышоў да Ерузаліму.
 

І Арам, абачыўшы, што яны пераможаныя Ізраелцамі, зьберліся разам.
 

І паслаў Гададэзэр, і пагукаў Арама, каторы за ракою, і прышлі яны да Гэламу; а Шовак, вайводца Гададэзэраў перад імі.
 

А як наказалі Давіду, то ён зьбер усіх Ізраелцаў, і перайшоў Ёрдан, і прышоў да Гэламу. Арам выставіўся супроці Давіда, і біліся зь ім.
 

І ўцёк Арам ад Ізраелцаў. Давід забіў ув Араму сямсот цялежкаў і сорак тысячаў коньнікаў. Таксама вайводцу Шовака забіў, і ён памер там.
 

І абачылі ўсі каралі, слугі Гададэзэравы, што іх Ізраелцы паразілі, і яны зрабілі мір із Ізраелям, і служылі ім. А Арам наперад баяўся ратаваць сыноў Амонавых.