Абакума 3 разьдзел
Кніга прарока Абакума
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
Малітва Гавакука прарокі подле Шыґёноф.
Малітва Абакука, прарока, на мелодыю ламентацыі.
СПАДАРУ! я пачуў ведамку Тваю, зьлякаўся. СПАДАРУ! справу Сваю сярод год ажыві, сярод год абясьці; у гневе ўспомні спагаду.
«Пачуў я, о Госпадзе, чутку ад Цябе і ўшанаваў я, Госпадзе, справу Тваю. Ажыццяві яе сярод гадоў, дай пазнаць сярод гадоў. Калі загневаешся — помні пра міласэрнасць Сваю!
Бог ідзець ад Феману і Сьвяты — ад гары Паран. Сэля. Пакрыла нябёсы слава Ягоная, і хвалою Ягонаю напоўнілася зямля.
Бог прыйдзе з Тэмана, і Святы — з гары Паран. [Сэлах]. Слава Яго пакрывае нябёсы, і зямля поўная хвалы Яго.
І яснасьць была, як сьвятліня; ён маў касулі, з рукі Свае выходзячыя, і там схоў сілы Ягонае.
Бляск Яго — як святло, прамені — з рук Яго: у іх схавана магутнасць Яго.
Перад Ім ішла ліпучка, і жар ішоў перад нагамі Ягонымі!
Перад Ім пойдзе смерць, і за нагамі Яго вырушыць пошасць.
Стаў — і памераў зямлю; глянуў — і спалохаў народы; і рассыпаліся вечныя горы, нахінуліся вечныя ўзгоркі; дарогі Ягоныя вечныя.
Ён стаў — і дрыжыць зямля, глянуў — і палохае народы. І распадаюцца горы векавыя, старадаўнія ўзгоркі ападаюць ад шляхоў Яго спрадвечных.
Я бачыў, што буданы Кушановы ў гару, дрыжэлі заслоны зямлі Мідзянскае.
Сумнымі ўбачыў я палаткі Хусана, трывожацца палаткі зямлі Мадыян.
Ці на рэкі гневаўся СПАДАР, ці на рэкі быў Твой палкі гнеў? абурэньне Тваё на мора, што Ты ехаў на конях Сваіх, цялежкі Твае былі спасеньням?
Ці ж на рэкі гневаешся, Госпадзе, або на рэкі абурэнне Тваё, або на мора раз’ятранасць Твая? Бо садзішся на коней Сваіх, на калясніцы Свае пераможныя.
Лук Твой быў чыста аголены, подле прысягі пакаленьням, нават подле слова. Сэля. Ты раськяпіў зямлю цур’ямі.
Моцна нацягнеш Ты лук Свой, стрэламі запоўніў калчан Свой. — [Сэлах]. На ручаі разрэжаш зямлю,
Бачылі горы Цябе, яны дрыжэлі; паводка прайшла; глыбіні выдалі гук свой, высака паднялі рукі свае.
убачылі Цябе і затрэсліся горы. Хмары вылілі воды, бяздонне выдала голас свой, увысь падняла рукі свае.
Сонца, месяц адзяржаліся на месцу сваім; пры сьвятліні стрэлаў Тваіх яны йшлі, пры зьзяньню зігцячае дзіды Твае.
Сонца і месяц сталі на свае месцы, адступаюць яны перад святлом стрэлаў Тваіх, перад бляскам зіхацення дзіды Тваёй.
У вабурэньню Ты ступаў па зямлі, у вабурэньню малаціў народы.
Разгневаны, будзеш таптаць зямлю, у абурэнні знішчыш народы.
Ты вышаў на спасеньне люду Свайго, на спасеньне памазанца Свайго. Ты раніў галаву з дому нягодніка, агаляючы под аж па шыю. Сэля.
Выступіў Ты дзеля збаўлення Свайго народа, дзеля збаўлення з намашчэнцам Сваім. Ты разбурыў галаву дома бязбожнага, агаліў падмурак аж да голай скалы. — [Сэлах].
Ты прабіў кіямі Ягонымі галаву вайводцаў ягоных; яны ўзьняліся, як віхор, каб разьвеяць мяне, пацяшэньням іхным было, каб пажэрці беднага патай.
Прабіваеш стрэламі Сваімі галаву ваяроў яго, надыходзячых, як віхор, на загубу маю; радасць іх, як таго, хто скрыта губіць беднага.
Ты ступаў пераз мора коньмі сваімі, пераз валы вялікіх водаў.
Адкрыў дарогу ў моры коням Сваім, праз балота водаў многіх.
Як я пачуў, задрыжэў нутр мой, на гук затрымцелі вусны мае, гніцьцё ўвыйшло ў косьці мае, і пад імною калацілася; а я меў быць супакойны ў дзень бяды, як ён настане на люд гэты, уварвецца на іх ізь вяткаю.
Пачуў я, і ўскіпела нутро маё, на вестку задрыжэлі вусны мае. Боль пранік у косці мае, і пада мной захісталіся ногі мае. Буду спакойны ў дзень трывогі, калі нахлыне яна на народ мой праз тых, хто нападае на нас.
Хоць бы фіґа не расквіцела ані было плоду віна, выраб алівы спракудзіўся, і полі не ўрадзілі еміны, авечкі былі выбіты з авечніку, і няма буйнога статку ў хлявох;
Хоць бы дрэва фігавае не расцвіло, і вінаграднікі не далі плоду, і падмануў плод аліўкавых дрэў, ды палі не далі ежы; хоць бы знікла ў аўчарні жывёла, і быдла ў хлявах,
Я, адылі, буду цешыцца ў СПАДАРУ, буду весяліцца ў Богу спасеньня свайго.
я, аднак, буду цешыцца ў Госпадзе і буду радавацца ў Богу, Збаўцы маім.
СПАДАР — Сіла мая, і Ён зробе ногі мае, як аленія, і на вышынях маіх водзе мяне. Галоўнаму пяюну на струнных снадзях.
Госпад Бог — сіла мая, і зробіць ногі мае, як у аленя, ды ўзвядзе мяне на вышыні мае». Кіраўніку хора — на гук струнаў.