1 Малітва Абакука, прарока, на мелодыю ламентацыі.
2 «Пачуў я, о Госпадзе, чутку ад Цябе і ўшанаваў я, Госпадзе, справу Тваю. Ажыццяві яе сярод гадоў, дай пазнаць сярод гадоў. Калі загневаешся — помні пра міласэрнасць Сваю!
3 Бог прыйдзе з Тэмана, і Святы — з гары Паран. [Сэлах]. Слава Яго пакрывае нябёсы, і зямля поўная хвалы Яго.
4 Бляск Яго — як святло, прамені — з рук Яго: у іх схавана магутнасць Яго.
5 Перад Ім пойдзе смерць, і за нагамі Яго вырушыць пошасць.
6 Ён стаў — і дрыжыць зямля, глянуў — і палохае народы. І распадаюцца горы векавыя, старадаўнія ўзгоркі ападаюць ад шляхоў Яго спрадвечных.
7 Сумнымі ўбачыў я палаткі Хусана, трывожацца палаткі зямлі Мадыян.
8 Ці ж на рэкі гневаешся, Госпадзе, або на рэкі абурэнне Тваё, або на мора раз’ятранасць Твая? Бо садзішся на коней Сваіх, на калясніцы Свае пераможныя.
9 Моцна нацягнеш Ты лук Свой, стрэламі запоўніў калчан Свой. — [Сэлах]. На ручаі разрэжаш зямлю,
10 убачылі Цябе і затрэсліся горы. Хмары вылілі воды, бяздонне выдала голас свой, увысь падняла рукі свае.
11 Сонца і месяц сталі на свае месцы, адступаюць яны перад святлом стрэлаў Тваіх, перад бляскам зіхацення дзіды Тваёй.
12 Разгневаны, будзеш таптаць зямлю, у абурэнні знішчыш народы.
13 Выступіў Ты дзеля збаўлення Свайго народа, дзеля збаўлення з намашчэнцам Сваім. Ты разбурыў галаву дома бязбожнага, агаліў падмурак аж да голай скалы. — [Сэлах].
14 Прабіваеш стрэламі Сваімі галаву ваяроў яго, надыходзячых, як віхор, на загубу маю; радасць іх, як таго, хто скрыта губіць беднага.
15 Адкрыў дарогу ў моры коням Сваім, праз балота водаў многіх.
16 Пачуў я, і ўскіпела нутро маё, на вестку задрыжэлі вусны мае. Боль пранік у косці мае, і пада мной захісталіся ногі мае. Буду спакойны ў дзень трывогі, калі нахлыне яна на народ мой праз тых, хто нападае на нас.
17 Хоць бы дрэва фігавае не расцвіло, і вінаграднікі не далі плоду, і падмануў плод аліўкавых дрэў, ды палі не далі ежы; хоць бы знікла ў аўчарні жывёла, і быдла ў хлявах,
18 я, аднак, буду цешыцца ў Госпадзе і буду радавацца ў Богу, Збаўцы маім.
19 Госпад Бог — сіла мая, і зробіць ногі мае, як у аленя, ды ўзвядзе мяне на вышыні мае». Кіраўніку хора — на гук струнаў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Абакука, 3 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017