1 Малітва Абакума прарока [для сьпяваньня], лямантуючы.
2 ГОСПАДЗЕ, я пачуў вестку Тваю, і спалохаўся. ГОСПАДЗЕ! Справу Тваю ў сярэдзіне гадоў ажыві, у сярэдзіне гадоў зьяві, у гневе ўзгадай пра літасьць.
3 Бог ідзе з Тэману, і Сьвяты — з гары Паран. (Сэлях) Закрыла неба слава Ягоная, і хвала Ягоная напоўніла зямлю.
4 І бляск [Ягоны] — як сьвятло; промні з рук Ягоных [выходзяць], там схаваная моц Ягоная.
5 Перад абліччам Ягоным ідзе пошасьць, і за стопамі Ягонымі крочыць жар палючы.
6 Ён стаў, і дрыжыць зямля; Ён глянуў, і трымцяць народы; і рассыпаліся горы вечныя, схіліліся ўзгоркі спрадвечныя; шляхі Ягоныя — вечныя.
7 Я бачыў няправасьць у намётах Куша, дрыжэлі заслоны зямлі Мадыян.
8 Ці на рэкі загневаўся ГОСПАД, ці супраць рэк [палае] гнеў Твой? Ці супраць мора ярасьць Твая, што Ты сеў на коняў Тваіх, на калясьніцы Твае пераможныя?
9 Цалкам аголены лук Твой, як Ты прысягнуў каленам [Ізраіля] словам [Тваім]. (Сэлях) Ты рэкамі расьсек зямлю.
10 Убачыўшы Цябе, горы затрэсьліся; паводка рынула, бяздоньне дало голас свой, высока падняўшы рукі свае.
11 Сонца і месяц спыніліся на месцы сваім; пры сьвятле стрэлаў Тваіх яны ішлі, пры бляску зіхценьня дзіды Тваёй.
12 У абурэньні Ты крочыў па зямлі, у гневе малаціў народы.
13 Ты выйшаў, каб збавіць народ Твой, каб збавіць памазанца Твайго. Ты скрышыў галаву дому бязбожніка, агаляючы падставы аж па шыю. (Сэлях)
14 Ты прабіў стрэламі ягонымі галаву правадыроў ягоных, калі [ўзьняліся], як віхура, каб расьсеяць мяне; яны цешыліся як тыя, што пажэрлі ўбогага ўпотай.
15 Ты топчаш коньмі Тваімі мора, хваляваньне водаў вялікіх.
16 Я пачуў, і задрыжэла нутро маё, ад голасу [гэтага] затрымцелі вусны мае, гнілізна ўвайшла ў косткі мае, і я калачуся на месцы сваім. Але я маю быць у супакоі ў дзень бедства, калі прыйдзе на народ гэты той, хто пераможа [нас].
17 Бо хоць бы дрэва фігавае не расквітнела, і не было ўраджаю ў вінаградніку, [хоць бы] не ўрадзіла аліўка [плоду свайго], і поле ня дала, што есьці, [хоць бы] зьніклі авечкі з абораў, і не засталося валоў у хлявах,
18 але і тады я буду радавацца ў ГОСПАДЗЕ, буду цешыцца ў Богу збаўленьня майго.
19 ГОСПАД, Госпад — сіла мая, і Ён зробіць ногі мае як у аленя, і на вышыні мае ўзьвядзе мяне. Кіраўніку хору: на струнных інструмэнтах.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга прарока Абакума, 3 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023