Асіі 2 разьдзел
Кніга прарока Асіі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Кажыце братом вашым: «Аммі» і сёстрам вашым: «Ругама».
«Правуйцеся з маткаю вашаю, правуйцеся, бо яна ня жонка Імне, ані Я муж ёй, каб яна аддаліла бязулства ізь віду свайго і чужалоства з памеж пелькаў сваіх.
Каб Я ня выставіў яе аголенаю і не пастанавіў яе як у дзень, калі яна нарадзілася, і не зрабіў яе, як пустыню і не абярнуў яе ў сухую зямлю, і не замарыў яе смагаю.
І сыноў ейных не пажалею, бо яны сыны бязулства;
Бо маці іхная бязулствавала; тая, што радзіла іх, зрабіла ганебна; бо яна казала: "Пайду за палюбоўнікамі сваімі, што даюць хлеб імне й ваду імне, воўну імне а лён імне, аліву імне а напіткі імне",
Затым, вось, Я загараджу дарогу тваю цернямі і агараджу агарожаю яе, і сьцежак сваіх яна ня знойдзе.
І пажанецца за палюбоўнікамі сваімі, але не дажанець іх; і будзе шукаць іх, але ня знойдзе і скажа: "Пайду й зьвярнуся да свайго першага мужа, бо тады было імне лягчэй, чымся цяпер".
Бо яна ня ведала, што Я даваў ёй збожжа а вінны сок а аліву, і памножыў ёй срэбра а золата, з каторага яны зрабілі аброк Ваалу.
Затым зьвярнуся і адбяру збожжа Сваё часу яго, і вінны сок Свой упару яго, і выратую воўну Сваю а лён Свой, даны накрываць голасьць ейную.
І цяпер адкрыю сорам ейны на ачох палюбоўнікаў ейных, і ніхто ня вывальне яе з рукі Мае.
І спыню ўсю весялосьць ейную, сьвяты ейныя, маладзікі ейныя а сыботы ейныя а ўсі ўрочыстыя поры ейныя.
І спустошу віны ейныя а фіґі ейныя, праз каторыя яна кажа: "Гэта заплата мая, што далі імне палюбоўнікі мае"; а Я абярну іх у лес, і зьвяры палявыя зьядуць іх.
І даведаюся да яе за дні Ваалам, калі яна кадзіла ім, і прыбіралася завушніцамі а кралямі, і хадзіла за палюбоўнікамі сваімі, а Мяне забылася, — агалашае СПАДАР.
Затым, вось, і Я прынаджу яе, і павяду яе на пустыню, і буду гукаць да сэрца ейнага.
І дам ёй стуль вінныя народы і даліну Ахор дзеля дзьвярэй надзеі; і яна будзе пяяць там, як за дзён маладосьці свае і як у дзень, як узышла ізь зямлі Ягіпецкае.
І будзе таго дня, — агалашае СПАДАР, — будзеш гукаць Мяне: "Мужу мой", але ня будзеш гукаць Мяне: "Ваале".
І аддалю ймёны Ваалаў з вуснаў ейных, і яны ня будуць болей менаваныя ймёнамі сваімі.
І таго дня ўчыню змову ім ізь зьвярмі палявымі, і з птушкамі нябёсным! і з паўзунамі земнымі; і лук, і меч, і бітву патрышчу ізь зямлі, і дам ім супачываць бясьпечна.
І заручу цябе із Сабою на векі; але, заручу цябе із Сабою справядлівасьцяй а судам а міласэрдзям а спагадаю.
І заручу цябе із Сабою вернасьцяй, і ты пазнаеш СПАДАРА.
І станецца ў тым часе, што Я буду адказаваць, — агалашае СПАДАР, — буду адказаваць нябёсам; а яны будуць адказаваць зямлі;
А зямля будзе адказаваць збожжу а вінному соку а аліве; а яны будуць адказаваць Езрэелю.
І пасею яе Сабе ў зямлі, і пажалею Ло-Ругаму, і буду казаць не Свайму люду: "Ты люд Мой", а ён скажа: "Бог мой"».