Асіі 2 разьдзел
Кніга прарока Асіі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Кажыце братом вашым: «Аммі» і сёстрам вашым: «Ругама».
Кажыце братам вашым: «Народ Мой», і сёстрам вашым: «Памілаваная».
«Правуйцеся з маткаю вашаю, правуйцеся, бо яна ня жонка Імне, ані Я муж ёй, каб яна аддаліла бязулства ізь віду свайго і чужалоства з памеж пелькаў сваіх.
Спрачайцеся з маці вашай, спрачайцеся, бо яна — ня жонка Мая, а Я — ня муж ейны. Няхай яна прыбярэ распусту сваю з аблічча, і чужалоства сваё — спасярод грудзей сваіх.
Каб Я ня выставіў яе аголенаю і не пастанавіў яе як у дзень, калі яна нарадзілася, і не зрабіў яе, як пустыню і не абярнуў яе ў сухую зямлю, і не замарыў яе смагаю.
Іначай распрану яе дагала і пастаўлю яе, як яна была ў дзень нараджэньня свайго, і зраблю яе як пустыню, і зраблю яе як зямлю сухую, і спрычыню сьмерць ёй ад смагі.
І сыноў ейных не пажалею, бо яны сыны бязулства;
І не зьяўлю міласьці сынам ейным, бо яны — сыны распусты.
Бо маці іхная бязулствавала; тая, што радзіла іх, зрабіла ганебна; бо яна казала: "Пайду за палюбоўнікамі сваімі, што даюць хлеб імне й ваду імне, воўну імне а лён імне, аліву імне а напіткі імне",
Бо маці іхняя чыніла распусту, чыніла сорам тая, што зачала іх, бо казала: «Пайду за палюбоўнікамі маімі, якія даюць хлеб мой і воду маю, воўну маю і лён мой, алей мой і напой мой».
Затым, вось, Я загараджу дарогу тваю цернямі і агараджу агарожаю яе, і сьцежак сваіх яна ня знойдзе.
Дзеля гэтага Я загараджу шлях твой цернямі і абгараджу цябе агароджаю, і ня знойдзе яна сьцежак сваіх.
І пажанецца за палюбоўнікамі сваімі, але не дажанець іх; і будзе шукаць іх, але ня знойдзе і скажа: "Пайду й зьвярнуся да свайго першага мужа, бо тады было імне лягчэй, чымся цяпер".
І будзе бегаць яна за палюбоўнікамі сваімі, але не дагоніць іх, і будзе шукаць іх, і ня знойдзе. І скажа: «Пайду і вярнуся да першага мужа майго, бо тады лепш мне было, чым цяпер».
Бо яна ня ведала, што Я даваў ёй збожжа а вінны сок а аліву, і памножыў ёй срэбра а золата, з каторага яны зрабілі аброк Ваалу.
І яна ня ведае, што гэта Я даваў ёй збожжа і сок, і сьвежы алей, і памножыў ёй срэбра і золата, якое яны ўжывалі для Баала.
Затым зьвярнуся і адбяру збожжа Сваё часу яго, і вінны сок Свой упару яго, і выратую воўну Сваю а лён Свой, даны накрываць голасьць ейную.
Дзеля гэтага вярнуся і забяру збожжа Маё ў часе яго, і [вінаградны] сок Мой у часе яго, і забяру воўну Маю і лён Мой, якія былі прыкрыцьцём голасьці яе.
І цяпер адкрыю сорам ейны на ачох палюбоўнікаў ейных, і ніхто ня вывальне яе з рукі Мае.
І цяпер Я адкрыю сорам ейны на вачах палюбоўнікаў ейных, і ніхто ня выратуе яе з рукі Маёй.
І спыню ўсю весялосьць ейную, сьвяты ейныя, маладзікі ейныя а сыботы ейныя а ўсі ўрочыстыя поры ейныя.
І спыню ўсю радасьць яе, і сьвяты яе, і маладзікі яе, і суботы яе, і ўсе ўрачыстасьці яе.
І спустошу віны ейныя а фіґі ейныя, праз каторыя яна кажа: "Гэта заплата мая, што далі імне палюбоўнікі мае"; а Я абярну іх у лес, і зьвяры палявыя зьядуць іх.
І спустошу вінаграднікі яе і фігавыя дрэвы яе, пра якія яна казала: «Гэта плата мая, якую далі мне палюбоўнікі мае». А Я зраблю іх лесам, і пажаруць іх зьвяры палявыя.
І даведаюся да яе за дні Ваалам, калі яна кадзіла ім, і прыбіралася завушніцамі а кралямі, і хадзіла за палюбоўнікамі сваімі, а Мяне забылася, — агалашае СПАДАР.
І Я наведаю яе за дні Баалаў, для якіх яна кадзіла, і аздаблялася завушніцамі сваімі і кляйнотамі сваімі, і хадзіла за палюбоўнікамі сваімі, а пра Мяне забылася, кажа ГОСПАД.
Затым, вось, і Я прынаджу яе, і павяду яе на пустыню, і буду гукаць да сэрца ейнага.
Дзеля гэтага Я заваблю яе, і завяду ў пустыню, і буду прамаўляць да сэрца ейнага.
І дам ёй стуль вінныя народы і даліну Ахор дзеля дзьвярэй надзеі; і яна будзе пяяць там, як за дзён маладосьці свае і як у дзень, як узышла ізь зямлі Ягіпецкае.
І дам ёй там вінаграднікі ейныя і даліну Ахор як браму надзеі. І яна адкажа там, як у дні маладосьці сваёй, як у дзень выхаду яе з зямлі Эгіпецкай.
І будзе таго дня, — агалашае СПАДАР, — будзеш гукаць Мяне: "Мужу мой", але ня будзеш гукаць Мяне: "Ваале".
І станецца ў той дзень, кажа ГОСПАД, ты назавеш [Мяне]: «Муж мой», і ня будзеш больш называць Мяне: «Баал мой».
І аддалю ймёны Ваалаў з вуснаў ейных, і яны ня будуць болей менаваныя ймёнамі сваімі.
І Я прыбяру імёны Баалаў з вуснаў яе, і яна ня будзе ўзгадваць больш імёнаў іхніх.
І таго дня ўчыню змову ім ізь зьвярмі палявымі, і з птушкамі нябёсным! і з паўзунамі земнымі; і лук, і меч, і бітву патрышчу ізь зямлі, і дам ім супачываць бясьпечна.
І Я заключу для іх запавет у той дзень са зьвярамі палявымі і птушкамі нябеснымі, і з тымі, што поўзаюць па зямлі. І лук, і меч, і вайну зьнішчу з зямлі, і палажу іх бясьпечна.
І заручу цябе із Сабою на векі; але, заручу цябе із Сабою справядлівасьцяй а судам а міласэрдзям а спагадаю.
І Я заручуся з табою на вякі, і заручуся з табою ў праведнасьці, у судзе, у міласэрнасьці і ў літасьці.
І заручу цябе із Сабою вернасьцяй, і ты пазнаеш СПАДАРА.
І заручуся з табою ў вернасьці, і ты пазнаеш ГОСПАДА.
І станецца ў тым часе, што Я буду адказаваць, — агалашае СПАДАР, — буду адказаваць нябёсам; а яны будуць адказаваць зямлі;
І станецца ў той дзень, Я адкажу, кажа ГОСПАД, Я адкажу нябёсам, а яны адкажуць зямлі.
А зямля будзе адказаваць збожжу а вінному соку а аліве; а яны будуць адказаваць Езрэелю.
І зямля адкажа збожжу, [вінаграднаму] соку і сьвежаму алею, а яны адкажуць Езрээлю.
І пасею яе Сабе ў зямлі, і пажалею Ло-Ругаму, і буду казаць не Свайму люду: "Ты люд Мой", а ён скажа: "Бог мой"».
І Я засею яе для Сябе на зямлі, і зьлітуюся над Лё-Рухамой, і скажу Лё-Аммі: «Ты — народ Мой!», а ён скажа: «Бог мой!»