Асіі 3 разьдзел

Кніга прарока Асіі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І сказаў СПАДАР імне: «Ідзі яшчэ, пакахай жонку, каханую прыяцелям сваім, але чужаложніцу, падобна да любові СПАДАРА да сыноў Ізраелявых, а яны абарачаюцца да багоў іншых і любяць віны».
 
І сказаў ГОСПАД мне зноў: «Ідзі, пакахай жанчыну, якую кахае іншы і якая чужаложыць, як ГОСПАД любіць сыноў Ізраіля, а яны зьвяртаюцца да іншых багоў і любяць разынкі вінаградныя».

Затым купіў я сабе яе за пятнанцаць срэбнікаў і за гомер ячменю, і за паўгомеру ячменю;
 
І я набыў яе для сябе за пятнаццаць срэбнікаў і паўтары гомары ячменю.

І сказаў ёй: «Заставайся з імною шмат дзён; не бязуль і ня будзь іншаму; дык я таксама буду да цябе»;
 
І сказаў ёй: «Шмат дзён будзеш жыць са мною. Ня будзеш займацца распустай і ня будзеш [належаць] іншаму мужу, і я таксама буду для цябе».

Бо даўгія дні сынове Ізраелявы застануцца без караля а бяз князя, і без аброку, і без выразанага, і без наплечніка, і бяз хатніх балваноў.
 
Бо шмат дзён будуць сыны Ізраіля жыць без валадара, і бяз князя, і без ахвяры, і без слупа, і без эфоду, і без тэрафімаў.

Потым навернуцца сынове Ізраелявы і будуць шукаць СПАДАРА, Бога свайго, і Давіда, караля свайго, і з боязьню абернуцца да СПАДАРА а дабрыні Ягонае ў вапошніх днёх.
 
Потым навернуцца сыны Ізраіля і будуць шукаць ГОСПАДА, Бога свайго, і Давіда, валадара свайго, і будуць баяцца ГОСПАДА і добрасьці Ягонай у апошнія дні.