Асіі 11 разьдзел

Кніга прарока Асіі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Як Ізраель быў малцам, Я ўлюбіў яго і зь Ягіпту гукнуў сына Свайго.
 
Калі Ізраіль быў дзіцём, Я палюбіў яго, і з Эгіпту паклікаў сына Майго.

Гукалі іх, дык яны йшлі ад іх; абракалі Ваалам і кадзілі выразаным.
 
Клікалі да іх [прарокі], а яны зыходзілі ад аблічча іхняга. Для Баала складалі ахвяры і для ідалаў палілі кадзіла.

Я таксама вучыў Яхрэма хадзіць, бяручы іх за рукі іхныя, але яны ня ведалі, што Я лячыў іх.
 
А Я вучыў хадзіць Эфраіма, браў іх на рамёны Мае, але яны не разумелі, што Я лячыў іх.

Паварозамі людзкімі Я цягнуў іх, вязямі любосьці; і быў Я ім як тый, што здыймае йго із шыі іхнае, і жывіў іх.
 
Вяроўкамі людзкімі Я цягнуў іх, путамі любові. І Я быў для іх, як той, хто здымае ярмо ад сківіцаў іхніх, і схіляўся да іх, каб накарміць.

Ён ня зьвернецца да зямлі Ягіпецкае, бо Асур будзе каралём ягоным, бо яны адмовіліся ад каяты.
 
Ня вернецца ён у зямлю Эгіпецкую, але Асур будзе валадаром ягоным, бо яны не захацелі навярнуцца [да Мяне].

І зваліцца меч на месты ягоныя, і зглуме галузы ягоныя, і зжарэць за рады іхныя.
 
І будзе меч шалець у гарадах ягоных, і паломіць засаўкі іхнія, і пажарэ іх за намеры іхнія.

І люд Мой уграз у вадвярненьню ад Мяне; хоць гукалі іх да Навышняга, разам не падыймаюцца.
 
А народ Мой упарта адварочваецца ад Мяне, і хоць яго клічуць да ўзгорняга, ён не ўзвышаецца ў адзінстве.

Як аддам цябе, Яхрэме? як Я перадам цябе, Ізраелю? як зрабіць табе, як Адме, зраўнаваць цябе із Сэвоімам? Сэрца Маё перавярнулася ў Імне; узгарэлася ўся жаласьлівасьць Мая.
 
Ці пакіну цябе, Эфраіме? Ці аддам цябе, Ізраілю? Ці пакіну цябе як Адму? Ці зраблю табе як Цэвоіму? Пераварочваецца ў-ва Мне сэрца Маё, адначасна распалілася літасьць Мая.

Ня дам дзеяць полымені гневу Свайго, ізноў ня буду губіць Яхрэма; бо Я Бог, а не людзіна, Сьвяты сярод цябе, і ня ўвыйду ў места.
 
Не зраблю паводле ярасьці гневу Майго і не вярнуся, каб зьнішчыць Эфраіма. Бо Я — Бог, а не чалавек. Я — Сьвяты пасярод цябе. І Я не ўвайду ў горад.

За СПАДАРОМ пойдуць яны; Ён заравець як леў; бо Ён заравець, і затрымцяць дзеці захаду.
 
Яны пойдуць за ГОСПАДАМ. Ён як леў зарыкае. Калі Ён зарыкае, прыйдуць з дрыжаньнем сыны мора.

Будуць трымцець, як птушка, зь Ягіпту і, як галуб, ізь зямлі Асырскае, і пасаджу іх у дамох іхных, агалашае СПАДАР.
 
Прыйдуць з дрыжаньнем, як птушкі, з Эгіпту, і як галубы, з зямлі Асірыі, і Я пасялю іх у дамах іхніх, кажа ГОСПАД.

Абступіў Мяне Яхрэм із маною і дом Ізраеляў — із ашукаю, але Юда яшчэ радзе з Богам і верны із сьвятымі.
 
Эфраім атачыў Мяне хлусьнёю, а дом Ізраіля — падступнасьцю, хоць Юда яшчэ трымаецца з Богам і ў сьвятых рэчах верны.