Асіі 4 разьдзел
Кніга прарока Асіі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Слухайце слова СПАДАРОВА, сынове Ізраелявы; бо ў СПАДАРА сьпярэчка із жыхарамі гэтае зямлі, бо нямаш праўды ані міласэрдзя, ані пазнаньня Бога на зямлі.
Слухайце слова ГОСПАДА, сыны Ізраіля, бо ГОСПАД мае спрэчку з жыхарамі зямлі гэтай, бо няма праўды і няма міласэрнасьці, і няма веданьня Бога на зямлі.
Прысяганьням а перачэньням а ўбіўствам а зладзействам а чужалоствам яны выбухлі, і кроў даганяе кроў.
Праклён і хлусьня, і забойства, і крадзеж, і чужалоства памнажаюцца, і кроў даганяе кроў.
Затым зямля будзе ў жалобе, і кажны, што жывець на ёй, скволее ізь зьвярмі палявымі й птушкамі нябёснымі, нават і рыбы морскія будуць забраны.
Дзеля гэтага лямантуе зямля і марнее ўсё, што жыве на ёй, зьвяры палявыя і птушкі нябесныя, і таксама рыбы марскія будуць сабраныя.
Але ніхто не пярэч ані гань другога, бо люд твой як тыя, што сьперачаюцца ізь сьвятаром,
Але няхай ніхто не спрачаецца і ня ганіць іншага, бо народ твой — як той, хто спрачаецца са сьвятаром.
І спатыкнешся серадня, і прарока таксама паваліцца з табою ночы, і адатну маці тваю.
І ты спатыкнешся ўдзень, і прарок спатыкнецца з табою ўначы, і Я зьнішчу маці тваю.
Люд Мой адцяты за нястачу веданьня, бо ты адкінуў веданьне, і Я адкіну цябе, каб ты не сьвятарстваваў Імне; а што ты забыўся права Бога свайго, Я таксама забудуся сыноў тваіх.
Зьнішчаны народ Мой, бо няма веданьня. За тое, што ты адкінуў веданьне, і Я адкіну цябе ад сьвятарства Майго. І як ты забыўся пра Закон Бога твайго, і Я таксама забудуся пра сыноў тваіх.
Чым болей яны мнажыліся, тым балей грашылі супроці Мяне; славу іхную абярну ў сорам.
Чым больш яны памножыліся, тым больш грашылі супраць Мяне. [Дзеля гэтага] славу іхнюю Я замяню ў ганьбу.
Жывяцца грэхам люду Майго, і да бяспраўя іхнага імкнецца душа іхная.
Яны ядуць грэх народу Майго, і да беззаконьняў іхніх імкнецца душа іхняя.
І станецца як люду, так сьвятару; і пакараю яго за дарогі ягоныя, і ўчынкі ягоныя абярну на яго.
І будзе як з народам, так і са сьвятаром, і Я пакараю яго за шляхі ягоныя, і ўчынкі ягоныя зьвярну на яго.
Бо будуць есьці — і не насыцяцца, будуць бязуліць — і не размножацца; бо пакінулі зважаць на СПАДАРА.
І будуць есьці, і не насыцяцца, будуць чыніць распусту, і не разрастуцца, бо пакінулі зважаць на ГОСПАДА.
Бязулства а віно а вінны сок забіраюць сэрца.
Распуста і віно, і сок забіраюць сэрца.
Люд Мой пытаецца ў пня свайго, і кій ягоны зьясьняе яму; бо дух бязулства прычыніў абмылу, і ад Бога свайго ішлі ў бязулства.
Народ Мой пытаецца ў дрэва свайго, і кій ягоны адказвае яму, бо дух распусты зьвёў у аблуду [яго], і яны чыняць распусту, [адступаючы] ад Бога свайго.
Абракаюць на вярхох гор і кадзяць на ўзгорках, пад дубамі а таполямі а вязамі, бо добры сьцень іх. Затым дачкі вашыя будуць бязуліць, і нявесткі вашыя — чужаложыць.
На вяршынях гор складаюць ахвяры і на ўзгорках паляць кадзіла пад дубам, таполяй і тэрэбінтам, бо добры цень іхні. Дзеля гэтага чыняць распусту дочкі вашыя, і нявесткі вашыя чужаложаць.
Я не пакараю дачок вашых за бязулства ані нявестак вашых за чужалоства, бо яны бываюць ізь бязулямі і абракаюць ізь сьвятарамі бязулства; але люд, што не разумее, упадзець.
Ня буду караць дочак вашых, што чыняць распусту, і нявестак вашых, што чужаложаць, бо вы аддзяляецеся з распусьніцамі і складаеце ахвяры з блудніцамі, і народ не разумее, што ўпадзе.
Калі ты, Ізраелю, бязуліш, няхай бы Юда не выступаў; і не хадзіце да Ґілґалу ані ўходзьце да Бет-Авену, ані прысягайце: «Жыў СПАДАР!»
Калі распусьнічаеш ты, Ізраіль, няхай Юда ня будзе вінаваты. Не ідзіце ў Гільгал, і не прыходзьце ў Бэт-Авэн, і не прысягайце: «Жыве ГОСПАД!»
Бо, як цяліца ўпорлівая, быў упорлівы Ізраель; цяпер СПАДАР будзе пасьціць іх, як баранчыка на прасторным месцу.
Бо Ізраіль наравісты, як наравістая цялушка. Цяпер ГОСПАД будзе пасьвіць іх як ягнятка на вольным прасторы.
Яхрэм злучыўся з балванамі; пакінь яго.
Далучыўся да ідалаў Эфраім. Пакінь яго.
Упорлівымі іх робе напітак іхны, яны бязуляць кажначасна; вельма любяць сорам абароньнікі іх.
Кіслы напой іхні, яны распустаю распусьнічаюць, палюбілі сорам абаронцы іхнія.
Вецер ахопе іх крыламі сваімі, і засаромяцца яны аброкаў сваіх.
Падхопіць іх вецер крыламі сваімі, і будуць яны асаромленыя ахвярамі сваімі.